У вёсцы Стайкі, што ў Невельскім раёне Пскоўскай вобласці, у руінах былога ўніяцкага храма захаваліся ўнікальныя роспісы.
Аднак яны могуць знікнуць ужо ў бліжэйшыя месяцы.
Музыка Яраш Малішэўскі пабываў у Стайках.
© Фота Яраша Малішэўскага
© Фота Яраша Малішэўскага
© Фота Яраша Малішэўскага
© Фота Яраша Малішэўскага
«Царква ў жахлівым стане, — кажа спадар Малішэўскі. Тое, што пакуль стаіць, доўга не пратрывае, гэта відавочна».
Драўляны барочны ўніяцкі Пакроўскі храм паўстаў у Стайках у другой палове XVIII ст. Пасля далучэння гэтых земляў да Расійскай імперыі царква была пераробленая ў праваслаўную. За савецкім часам у будынку зрабілі клуб і збожжасховішча, а ад 1990-х ён стаяў безгаспадарны.
Храм прыйшоў у заняпад і пачаў абвальвацца: не стала даху, вежаў і перакрыццяў, абрынулася сцяна. Дах трымаецца толькі над алтарнай часткай.
Пад тым дахам і захаваліся роспісы, якія яшчэ можна адрэстаўраваць. «Роспісы, калі мы іх бачылі, уяўлялі сабою шчыт, набраны з драўляных панэляў, — расказвае Малішэўскі. — Вышэй былі тры абразы: леваруч — святога Пятра, праваруч — Багародзіцы і, магчыма, Хрыста ў цэнтры. Гэтых трох ужо няма. Захаваўся роспіс вышэй: анёлы трымаюць карону, анёлы з шалямі і трубою, Бог Саваоф у аблоках. Прысутнічае шмат «аптычнасці», таго, што ілюзяністычным жывапісам імітуе архітэктуру і разьбу, як, прыкладам, у Будславе».
Фарба на роспісах часткова абсыпалася, часткова ўзнялася ад вільгаці. На сцяну трапляе дождж, снег, пыл і вецер, ці перажывуць роспісы зіму — невядома.
«Параўнаць роспісы можна з тымі, якія былі ў драўляных цэрквах Віцебска, Оршы, Слуцка, Мсціслава — але там усё было знішчана за савецкім часам. Усё гэта Усходняя Беларусь — «зачышчаны край», дзе помнікаў засталося так мала.
А ўжо такога — і пагатоў. Стайкі — адзіны ацалелы прыклад мясцовага жывапісу тых часоў».
Адрэстаўраваць роспісы пакуль нескладана, калі перавезці іх з руінаў у які-небудзь з музеяў. Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны запаведнік рабіў захады па ратаванні роспісаў, аднак пакуль вынікаў няма. Патрэбнае тэрміновае ўмяшанне Міністэрства культуры на міждзяржаўным узроўні.