14-16 верасня ў Вільні прайшоў “Кірмаш народаў”, у якім узялі актыўны ўдзел і беларусы. Падчас гэтага свята прадстаўнікі шматлікіх культураў прэзентуюць свае рамёствы, вырабы, а таксама нацыянальную культуру.
Сёлета моладзевая асацыяцыя “StudAlliance”, “Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Вільні” (House of United Belarus, Vilnia), студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пры актыўнай падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”, прэзентавалі віленчукам і гасцям літоўскай сталіцы Беларусь.
- Сёлета мы імкнуліся да больш шырокага прадстаўніцтва Беларусі ў гэтым Кірмашы. Досвед мінулага года прадэманстраваў, што ў нашых суседзяў ёсць вялікая зацікаўленасць Беларуссю, беларускай культурай, мастацтвам, грамадска-палітычнай сітуацыяй. Гэтым разам мы сумясцілі гэтыя чыннікі і атрымалі досыць шырокае прадстаўніцтва, дзе можна было пабачыць і інфармацыйную частку пра грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі, і культурніцкую, дзе можна было набыць шматлікія беларускія кнігі ды сувеніры, і музычную, дзе пяць гуртоў з Беларусі з’яўляліся хэдлайнерамі 14 і 15 верасня, - адзначыў прэзідэнт моладзевай асацыяцыі “StudAlliance” Кірыл Атаманчык.
Падчас Кірмашу беларускія гурты “PAWA”, “Re1ikt”, “Barbados”, “Рокаш” і “Рэха” атрымалі добрую магчымасць для прэзентацыі сваёй творчасці на галоўнай сцэне Кірмаша, а арганізатары аддалі ўсю вячэрнюю музычную праграму менавіта беларусам.