16 верасня – 13 гадоў, як зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. У гэты дзень у Эйндховене (Нідэрланды) адбудзецца цырымонія ўшанавання памяці гэтых беларусаў.
Чатыры гады таму тут пры ўдзеле муніцыпальных улад у цэнтры Эйндховена, які з 1995 года з’яўляецца горадам-пабрацімам Мінска, былі пасаджаны 4 дубы ў памяць пра зніклых Юрыю Захаранку, Віктару Ганчару, Анатолю Красоўскаму, Дзмітрыю Завадскаму.
У нядзелю на акцыі выступіць удава бізнесмена Ірына Красоўская, дэпутат парламента Нідэрландаў Ян-Марынус Вірсма і іншыя. Паэты Лео Месман і Піт ван дэн Боом зачытаюць свае вершы, прысвечаныя зніклым беларусам.
Падчас цырымоніі будзе таксама зачытаны верш Уладзіміра Някляева “Памяці зніклых”, напісаны спецыяльна да гэтай даты.
У датычнасці да знікнення Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара падазраецца шэраг былых і дзеючых высокапастаўленых чыноўнікаў.
Уладзімір Някляеў. Памяці зніклых
Няма вас сярод мёртвых і жывых.
Вы на зямлі не дажылі да смерці.
Пакінуўшы і родных, і чужых,
вы проста зніклі, як знікае вецер.
А мы жывём, бо трэба жыць далей,
каб зразумець, як дорага мы плацім
за ўсё –
і што за ўсё найдаражэй
магілы,
над якімі можна плакаць…