Алесь Бяляцкі намінаваны на прэмію Сахарава

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які зараз знаходзіцца ў зняволенні, намінаваны на прэмію Еўрапарламента імя Сахарава «За свабоду думкі». Спіс намінантаў размешчаны на афіцыйным сайце Еўрапарламента.

За вылучэнне Бяляцкага на атрыманне гэтай прэміі падпісаліся польскі дэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі, ініцыятар вылучэння, і яшчэ 82 еўрапарламентары.

Акрамя Бяляцкага, у спісе намінантаў — расійскі панк-гурт Pussy Riot, праваабаронца з Пакістана Джосэф Франсіс, трое праваабаронцаў з Руанды Віктуар Інгабір, Дэаграціяс Мушаідзі і Бернар Нтаганда, а таксама адвакат Насрын Сатудэ з Ірана і яшчэ адзін прадстаўнік гэтай краіны, рэжысёр Джафар Панаі.

Прэмія імя Сахарава заснавана Еўрапарламентам у 1988 годзе. Яна прысуджаецца людзям і арганізацыям, якія прысвячаюць сваё жыццё і дзейнасць абароне правоў чалавека і яго свабодаў, перадусім свабодзе слова. Намінантаў на прэмію «За свабоду думкі» вылучаюць дэпутацкія фракцыі Еўрапарламента або групы дэпутатаў, якія павінны сабраць у падтрымку свайго кандыдата не менш за 40 подпісаў.

Прадстаўнікі Беларусі ўжо атрымлівалі прэмію імя Сахарава: у 2004 годзе прэміі было ўдастоена грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў», у 2006 годзе — экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.

Уручэнне цяперашняй прэміі «За свабоду думкі» адбудзецца 12 снежня.