Беларускі летнік у Таліне

31 жніўня ў Таліне распачаўся летнік беларускай культуры, які доўжыўся да 3 верасня. Арганізатарам выступіў Беларускі інфармацыйна-культурны цэнтр у Эстоніі. Сёлета летнік праводзіўся ўпершыню, аднак арганізатары спадзяюцца, што ён зробіцца традыцыйным, а таксама, што розныя мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай культуры, будуць актыўна праводзіцца цягам года.

Адной з адметных падзеяў падчас летніка было адкрыццё ў грамадскай бібліятэцы Таліна выставы работ віцебскай мастачкі Святланы Баранкоўскай. Яна вырабляе цудоўныя габелены з выявамі дзеячаў беларускай культуры. Падчас урачыстага адкрыцця выставы для наведнікаў граў гурт “Верасень”.

Святлана Баранкоўская

Выступ гурта "Верасень"

Тамсама адкрылася і іншая выстава, якая экспанавала кнігі беларускіх аўтараў з іх аўтографамі.

Удзельнікі культурных мерапрыемстваў выступалі на Талінскім радыё ў беларускамоўнай перадачы “Бацькаўшчына”, якую цяпер вядзе Артур Цурбакоў. Акрамя гэтага ён займаецца з дзеткамі талінскай нядзельнай школкі імя Уладзіміра Караткевіча беларускай батлейкай, і падчас летніка ён паказваў фрагменты пастаноўкі паводле твораў гэтага выбітнага пісьменніка.

Гурт “Верасень” зладзіў невялікі выступ на беразе мора. Лідар гурта, вакалістка і аўтарка песень Вольга Акуліч кажа: “У мяне ёсць некалькі песень пра мора. Вельмі прыемна было праспяваць іх на беразе Балтыйскага мора. Мне спадабалася таксама і камернасць імпрэзы, якая стварала ўтульнасць. Гэта быў мой другі візіт у Эстонію, мінулым разам я наведвала Беларускі інфармацыйна-культурны цэнтр на Каляды. Прыемна, што ініцыятыва цэнтру дала такі плён”.

У межах летніка былі зладжаныя экскурсіі па Таліне, у тым ліку наведванне славутых мясцінаў, звязаных з Беларуссю. Быў арганізаваны дыскусійны клуб, дзе абмяркоўвалася становішча беларусаў, праблемы захавання культурнай спадчыны, культурныя праекты і іншыя надзённыя пытанні.