Чым ёсць Радзіма?

Bonjour! Guten Tag! Прывiтанне! Voghdzuyin! Dzien dobry!” – з гэтых словаў распачаўся праект у Засніцы, Нямеччына. На камяністым беразе Балтыйскага мора, каля крэйдавых скалаў, дзе чайкі белымі крыламі дакранаюцца да нябёсаў,  моладзь з 5 розных краінаў -  Францыі, Нямеччыны, Беларусі, Арменіі ды Польшчы – сабралася разам з 28 ліпеня па 5 жніўня 2012, каб файна правесці час і высветліць, чым  ёсць  Радзіма ў разуменні кожнага.

Праект быў арганізаваны нямецкай арганізацыяй “Arbeit und Leben”, у якасці парнтераў выступіла беларускае грамадскае аб’яднанне “Адукацыя без межаў” і грамадскія арганізацыі з іншых краін. На працягу праекта хлопцы і дзяўчаты, аб’яднаўшыся ў невялікія групы, рыхтавалі пытанні для карэнных жыхароў Засніца, каб знайсці адказ на галоўнае.”Ці можаце вы ўявіць сваё жыццё без Радзімы?”. “Радзіма – гэта ваша сям’я, краіна, сябры ці незвычайныя краявіды?”- вось толькі некалькі прыкладаў зададзеных пытанняў. У выніку кожны з удзельнікаў знайшоў тое самае разуменне Радзімы ды пабачыў, што для кожнага разуменне гэтае сваё.

Актыўныя ўдзельнікі, якія змаглі правільна адказаць на пытанні, датычныя Беларусі, атрымалі сімвалічныя падарункі ад грамадска-культурнай кампаніі “Будзьма!”.

Падчас удзелу ў праекце ў Засніцы прадстаўнікі розных  культур здолелі стаць сапраўднай сям’ёй. На развітанне паўсюль чулася ўсім зразумелае “Усяго добрага і хутка пабачымся”, і кожны вёз на сваю Радзіму кавалачак іншых культур і моваў.

Алеся Муравіцкая