У беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры канадскага горада Таронта 1-3 верасня праходзіла юбілейная, 30-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, арганізаваная Згуртаваннем беларусаў Канады (ЗБК) і Беларуска-Амерыканскім Задзіночаннем (БАЗА). Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі адбываюцца кожныя два гады, пачынаючы ад 1952 года.
Паводле словаў старшыні ЗБК спадарыні Валянціны Шаўчэнка, Сустрэча прайшла паспяхова, усё запланаванае было зроблена. Як вынік дыскусій па круглых сталах былі прынятыя рэзалюцыі, якія падаем ніжэй.
Удзел у мерапрыемствах узяло больш за 70 чалавек. Часткова гэта былі тыя, хто і раней браў удзел у Сустрэчах, але было таксама і шмат новых удзельнікаў. Ва ўсіх, хто сабраўся на Сустрэчу, быў цудоўны настрой, панавала атмасфера яднання, а гэта, на думку спадарыні В.Шаўчэнка, надзвычай важна. Яна падкрэсліла, што Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі – гэта не з’езд нейкіх арганізацый, а перш за ўсё сустрэча беларусаў, незалежна ад таго, належаць яны да нейкіх суполак або не. Сюды прыходзяць усе, хто зацікаўлены. “Вядома, - гаворыць сп. Валянціна, - мы спадзяемся, што потым яны захочуць далучыцца да нашых арганізацыяў, але гэта мусіць быць уласным выбарам кожнага”.
Пасля малітвы за беларускі народ Сустрэчу адкрыла старшыня ЗБК спадарыня Валянціна Шаўчэнка. З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў Сустрэчы выступілі: старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыня Івонка Сурвілла, старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання спадарыня Ганна Сурмач, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ спадар Зянон Пазняк, лідары рэгіянальных беларускіх суполак ЗША і Канады. Прывітанне ад Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» зачытала пісьменніца Вольга Іпатава.
Выступае старшыня ЗБК Валянціна Шаўчэнка
Выступае старшыня БАЗА Ганна Сурмач
Выступае старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла
Выступае старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ Зянон Пазняк
Пісьменніца Вольга Іпатава зачытвае прывітанне ад Згуртаваньня беларусаў
свету «Бацькаўшчына»
Галоўнай тэмай першага дня Сустрэчы былі “Праблемы сучаснай беларускай эміграцыі”. Падчас круглых сталоў удзельнікі форуму абмеркавалі наступныя пытаньні: “Рынак працы” (з дакладам выступала Зіна Гімпелевіч), “Захаванне і падтрымка беларускай культуры на эміграцыі” (дакладчыкі – Вольга Іпатава і Зянон Пазняк), “Сям’я і эміграцыя” (выступалі Пётра Мурзёнак і з Беларусі праз Skype – Надзея Лявончанка). Працаваў стол прававой дапамогі па пытаннях эміграцыі. Быў наладжаны продаж кніг, а таксама зарганізаваная цудоўная мастацкая выстава. Усе, хто хацеў прадставіць на ёй свае творы, мелі магчымасць гэта зрабіць.
Падчас сустрэчы было вырашана зрабіць агульны фотаздымак удзельнікаў і даслаць яго са словамі падтрымкі да беларускіх палітвязняў у якасці паштоўкі, каб выказаць сваю салідарнасць з усімі, хто церпіць за дэмакратычную будучыню Беларусі. Таксама дэлегатамі былі падпісаныя саколкі з партрэтамі палітзняволеных.
А ўвечары першага дня ўдзельнікаў чакала цудоўная культурная праграма: выступалі паэты, прафесійныя музыкі. Людзі нібыта апынуліся дома, у роднай Беларусі. Канцэрт адкрыўся літаратурна-музычнай кампазыцыяй з удзелам атаўскага дуэта «Кантабіле» (скрыпачка Улада Шамецька і гітарыст Міхась Рыкаў) і паэтаў Юрася Шамецькі і Пятра Мурзёнка. У другім аддзелянні зь беларускімі народнымі песьнямі выступала Святлана Літвінава, якая ўжо традыцыйна спявае на Сустрэчах беларусаў Паўночнай Амерыкі, а таксама Валянціна Шаўчэнка, якая выконвала беларускія рамансы. Потым наладзілі “беларускае караоке”. Усе былі шчаслівыя і не хацелі разыходзіцца.
Дуэт «Кантабіле», Пётр Мурзёнак, Юрась Шамецька
Святлана Літвінава
Міхась Рыкаў і Валянціна Шаўчэнка
На другі дзень удзельнікі Сустрэчы адправіліся ў пілігрымку да Беларускага памятнага крыжа ў Мідландзе. Там адбылася прэзентацыя кніг беларускіх аўтараў на эміграцыі. З уступным словам выступіла Вольга Іпатава. У прэзентацыі таксама прымалі ўдзел Ганна Сурмач, Зіна Гімпелевіч, Зянон Пазняк, Юрась Шамецька і Пётра Мурзёнак. Была прынята канчатковая рэзалюцыя, у якой удзельнікі сустрэчы выказаліся за захаваньне адметнай беларускай прысутнасьці за межамі Беларусі, выказаліся за падтрымку беларускай мовы, культуры і традыцый сярод беларускай супольнасці Амерыкі і Канады.
Пілігрымка да Беларускага памятнага крыжа
Увечары фальклорны тэатр “Яваровы людзі” пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай паказаў прэм’еру мюзікла “То-То-То!”. Пасля спектакля фольк-гурт зладзіў для гледачоў вячоркі з танцамі ды спевамі. Некаторыя танчылі так, што аж пападалі, і нікому не хацелася, каб гэтае свята заканчвалася. Як зазначае сп. Валянціна Шаўчэнка, ідэі любові да Беларусі аб’ядналі людзей, а гэта выдатны пачатак для сур’ёзных здзяйсненняў на карысць нацыі. Ад імя Згуртавання беларусаў Канады спадарыня Валянціна выказвае шчырую падзяку ўсім, хто самааддана дапамагаў у падрыхтоўцы Сустрэчы. Знайсці час, сілы і магчымасці для гэтага бывае вельмі нялёгка, а таму гэтая дапамога надзвычай каштоўная.
Фальклорны тэатр "Яваровы людзі”
Сцэна з Мюзікла “То-То-То!”
Фальклорны тэатр "Яваровы людзі”
Наступная, 31-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі адбудзецца ў 2014 г. у Злучаных Штатах Амерыкі.
Рэзалюцыи, прынятыя падчас 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі
Рэзалюцыя
30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі
Таронта, 2 верасня 2012 года
Мы, удзельнікі 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, абмеркавалі сучасную сітуацыю ў беларускім замежжы – дасягненні, праблемы, цяжкасці і перашкоды, якія маюць месца ў жыцці беларускай эміграцыі на паўночна-амерыканскім кантыненце. Цяпер у эміграцыйных асяродках наступіў час вялікіх пераменаў, старэйшае пакаленне эмігрантаў у большасці адышло, і на змену яму прыходзяць новыя маладыя сілы. Мы звяртаемся да ўсіх нашых суродзічаў з заклікам прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць у Паўночнай Амерыцы і свеце беларускую прысутнасць.
Мы канстатуем, што:
- грамадскае жыццё беларускага замежжа будуецца на ідэалах 25-га Сакавіка, шанаванні і падтрымцы нацыянальнай культуры, спрыянні дэмакратычным зменам на Бацькаўшчыне;
- даўняя гісторыя, традыцыі ды асягненні дыяспары і яе асобных асяродкаў у ЗША і Канадзе жывуць і сёння – у нацыянальных святкаваньнях, рэлігійным жыцці, перыядычных выданнях, фальклорных канцэртах, нядзельных школах.
Мы лічым , што паўсюднае яднанне ў свеце, на Радзіме, у далёкім і блізкім замежжы з’яўляецца адной з найважнейшых задач беларусаў на сучасным этапе. Дзеля дасягнення гэтай асноўнай мэты патрэбна:
1. Захаваць і актывізаваць дзейнасць існых беларускіх цэнтраў у Канадзе і ЗША
2. Беларускім грамадскім арганізацыям неабходна быць лідарамі беларускага руху ў замежжы, гуртуючы вакол сябе беларускую грамаду; грунтаваць сваю працу найперш на прынцыпах павагі да асобы і да разнастайных меркаванняў, не зважаючы на розніцу ў палітычных, моўных, рэлігійных поглядах.
3. Падтрымліваць у беларускіх асяродках за мяжой культуру, гісторыю, мову і традыцыі - важны чыннік прысутнасці беларускай нацыі ў свеце, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымыя формы і сродкі, уключаючы Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.
4. Больш актыўна і настойліва далучаць новую эміграцыю да беларускай грамадскай працы, аказваць пасільную дапамагу новапрыбылым і іх сем’ям, скіроўваць беларускую моладзь на набыццё адукацыі.
5. Інфармацыйна і фінансава падтрымліваць беларускія перыядычныя выданьні, асабліва беларускі эміграцыйны друк.
6. Падтрымліваць дзейнасць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі як асноўнага палітычнага цэнтру на эміграцыі.
7. Беларускім арганізацыям прыняць за абавязак інфармаваць урады і палітычныя колы ЗША і Канады аб мэтанакіраваным знішчэнні беларускай мовы і культуры антыдэмакратычным рэжымам, пануючым на Беларусі.
8. Падтрымліваць дзейнасць беларускіх цэркваў у замежжы, як духоўных цэнтраў і апірышча для эмігрантаў.
9. Трымаць пастаянныя кантакты з Бацькаўшчынай, аказваць падтрымку сілам, якія змагаюцца супраць дыктатуры за незалежнасць і дэмакратыю.
10. Наша мэта – дабівацца ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці беларускай дзяржавы, самаідэнтыфікацыі нацыі.
11. Працягваць традыцыю правядзення Сустрэчаў беларусаў Паўночнай Амерыкі, наступную, 31-ю Сустрэчу правесці ў Злучаных Штатах Амерыкі.
Рэзалюцыя No 2
30-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі
Таронта, 2 верасня 2012 года
Мы, удзельнікі 30-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі, што адбылася з 1-га па 3-га верасня у Таронта, Канада, выказваем сваю салідарнасць з палітзняволенымі ў Беларусі, якія пакутуюць за свае палітычныя погляды, за свабодную будучыню нашай Бацькаўшчыны, і
ПАТРАБУЕМ ад цяперашніх уладаў Беларусі:
1. cпыніць рэпрэсіі і пераслед у дачыненні да актывістаў і дзеячоў апазіцыйных партый і грамадскіх рухаў;
2. неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных з турмаў Беларусі.
Свае патрабаванні мы дасылаем да ведама ўрадаў Беларусі, ЗША, Канады і ў правабарончыя арганізацыі з мэтаю паспрыяць хутчэйшаму вызваленню ўсіх палітвязняў.