У Таронта сустрэліся беларусы Паўночнай Амерыкі

У беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры канадскага горада Таронта адбылася юбілейная, 30-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі.

Сярод дэлегатаў — старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, іншыя сябры Рады, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазняк, вядомыя дзеячы беларускай эміграцыі.

У межах сустрэчы праходзілі круглыя сталы па тэмах ’’Рынак працы", ’’Захаванне і падтрымка беларускай культуры на эміграцыі’’, і ’’Сям’я і іміграцыя’’. Удзельнікі сустрэчы выказалі падтрымку тым беларусам, якіх рэжым Лукашэнкі пераследуе за іх погляды. Напярэдадні канадскія беларусы выпусцілі плакаты і саколкі з партрэтамі палітзняволеных. На іх дэлегаты паставілі свае подпісы, выказваючы такім чынам сваю салідарнасць з усімі, хто церпіць за дэмакратычную будучыню Беларусі.

Апрача таго, удзельнікі спаткання ажыццявілі пілігрымку да Беларускага Памятнага Крыжа у Мідландзе.

Такія сустрэчы адбываюцца раз на два гады, пачынаючы ад 1952 года.