Шацкім азёрам і возеру Свіцязь пагражае абмяльчэнне ў выніку працы беларускага крэйдавага радовішча "Хаціслаўскае", якое належыць блізкаму да Аляксандра Лукашэнка бізнэсоўцу і фігуранту "чорнага спісу" Еўрасаюза Юрыю Чыжу.
22 жніўня ва ўкраінскім горадзе Луцку адбыўся старт грамадскай кампаніі па выратаванні азёраў. Ініцыятарам кампаніі выступіў дэпутат Валынскай абласной рады Ігар Гузь і Цэнтр "Супрацоўніцтва без межаў".
Спачатку арганізатары кампаніі "Выратуем Свіцязь!" у будынку абласной рады правялі прэс-канферэнцыю. У ёй узялі ўдзел Ігар Гузь і былы дырэктар Шацкага нацыянальнага парка Уладзімір Захарка. Яны распавялі аб праблеме і расказалі аб бліжэйшых планах грамадскай кампаніі.
Пасля гэтага грамадскія актывісты і мясцовыя дэпутаты накіраваліся да найбольш глыбокага ўкраінскага возера Свіцязь, дзе ў межах кампаніі пераплылі яго. Для пераадолення шляху у 4,5 кіламетра ім спатрэбілася каля 3 гадзінаў.
Нагадаем, украінскія навукоўцы заяўляюць, што ад распрацоўкі Хаціслаўскага кар'ера ў Брэсцкай вобласці на тэрыторыі Украіны могуць змяльчэць і знікнуць Шацкія азёры. Беларускі бок у сваю чаргу заяўляе, быццам уся рызыка ад здабычы крэйды ў кар'еры ўлічаная і мінімізаваная.
Хаціслаўскае радовішча размешчана за 30 кіламетраў ад Шацкіх азёраў і знаходзіцца каля дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай.
P.S Інтэрнэт-старонка кампаніі: http://savesvityaz.info/
Прэс-служба Цэнтра "Супрацоўніцтва без межаў"