Беластоцкія беларусы сёння вяртаюцца з Нью-Ёрка

Удзельнікі праекта “Падляшскія хронікі” сёння вяртаюцца ў Беласток пасля двухтыднёвай пабыўкі ў Нью-Ёрку, куды прыязджалі на запрашэнне Бруклінскага аддзела беларуска-амерыканскага задзіночання.

Удзельнікі праекта “Падляшскія хронікі” сёння вяртаюцца ў Беласток пасля двухтыднёвай пабыўкі ў Нью-Ёрку, куды прыязджалі на запрашэнне Бруклінскага аддзела беларуска-амерыканскага задзіночання. Маладыя акцёры – а гэта моладзь, якая вывучае беларускую мову ў школах ў Беластоку, - выступалі перад амерыканскімі беларусамі са спектаклем “Ой, даўно, даўно”. Паездка ў Нью-Ёрк – гэта доказ таго, што нават самыя недасягальныя мары здзяйсняюцца і што варта працаваць. Кажа кіраўнік праекта “Падляшскія хронікі” Аліна Ваўранюк:

Вялізны горад, і ўсё там вялізнае, высокае і прыгожае. Былі сустрэчы і кантакты. Зрабілі адмысловую сустрэчу з Алай Орса-Романа, выпадкова сустрэліся з Зянонам Пазняком, які пасля прагляду спектакля “Ой, даўно, даўно” быў у захапленні, а гэта толькі асалода для нашых сэрцаў.

Цягам 2 тыдняў моладзь з Беластока мела магчымасць пабачыць нью-ёркскі метрапалітэн і пазнаёміцца з беларусамі Амерыкі. Выступалі таксама са спектаклямі ў Саўт Рыверы, Гайланд-парку і ў Брукліне.

* * *

Ужо заўтра з Нью-Ёрка вяртаецца група моладзі з Беластока, якія прымалі ўдзел ў праекце “Падляшскія хронікі”. Цягам 2 тыдняў маладыя акцёры далі некалькі выступаў беларусам замежжа. Апошні быў у нядзелю ў грамадска-царкоўнай зале на Атлантык Авеню ў Брукліне, дзе прайшла ўрачыстасць, прымеркаваная да ўгодкаў Ларысы Геніюш. Моладзь з Беластока прадставіла таксама спектакль “Ой, даўно, даўно”, з якім раней выступалі ў шматлікіх мясцовасцях Падляшша. Па словах суарганізатара выезду Алы Романо-Орса, выступы маладых беларусаў з Беластока закранулі сэрцы амерыканскіх беларусаў да слёз.

Тое, што яны нам паказалі, не зробленае вось цяпер, а гэта цэлы працэс, пачэсная праца, якая пачынаецца, напэўна, дома. Таму найперш хочацца падзякаваць бацькам за тое, што выхоўваюць дзяцей у беларускім духу, а таксама падзякаваць арганізатарам і дзецям. Вялікая слава вам за гэта.

Паездка моладзі з Беластока ў Нью-Ёрк арганізавана супольна Бруклінскім аддзелам беларуска-амерыканскага задзіночання і аб’яднання ў карысць дзяцей, якія вывучаюць беларускю мову ў школах Беластока.

http://racyja.eu