“Падляшскія хронікі” ў Нью-Ёрку

Моладзь з Беластока, удзельнікі праекта “Падляшскія хронікі” працягваюць свой візіт у Нью-Ёрк.

Моладзь з Беластока, удзельнікі праекта “Падляшскія хронікі” працягваюць свой візіт у Нью-Ёрк. Маладзёны ўжо выступалі перад беларусамі Нью-Ёрка са спектаклем “Ой даўно, даўно”. У найбліжэйшую нядзелю ў грамадскай зале Бруклінскай царквы адбудзецца выступ са спектаклем, прымеркаваным да ўгодкаў Ларысы Геніюш. Беларуская моладзь з Беластока знаходзіцца ў ЗША па запрашэнні Бруклінскага аддзела “Беларуска-амерыканскага задзіночання”.

“Вашыя дзеці тут у Амерыцы - найлепшыя паслы беларускай меншасці ў Польшчы”, - кажа суарганізатар паездкі Ала Рамана-Орса:

- Моладзь зрабіла велізарнае ўражанне сваімі выступамі, асабліва падчас паказу “Ой даўно, даўно”. Вялікая колькасць людзей, якія прыехалі з Беларусі, старэйшыя жанчыны і мужчыны плакалі. Мы ўсе ўражаныя працай, якую робяць бацькі і “АББА”. У гэтую нядзелю ў грамадскай залі Бруклінскага сабора будзе адзначацца дзень нараджэння Ларысы Геніюш, яны будуць выступаць з паказам пра яе.

З амерыканскай паездкі маладыя беларусы з Беластока вяртаюцца 15 жніўня. Удзельнікі праекта “Падляшскія хронікі” атрымалі магчымасць пабываць ў Нью-Ёрку дзякуючы сваёй плённай працы на карысць беларускай культуры.

Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.