Ліпеньскія будні ў ТБК Літвы

На чарговую імпрэзу 28-га ліпеня сябры ТБК запрасілі гасцей: старшыню Кансэрватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянона Пазняка і намесніка КХП БНФ Сяргея Папкова, сяброў з мiнскага  царкоўнага брацтва Трох віленскіх пакутнікаў на чале са спадаром Анатолем Астапенкам, а таксама добрых сваіх сяброў –украінскі сямейны хор «Світлиця».

На чарговую імпрэзу 28-га ліпеня сябры ТБК запрасілі гасцей: старшыню Кансэрватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянона Пазняка і намесніка КХП БНФ Сяргея Папкова, сяброў з мiнскага  царкоўнага брацтва Трох віленскіх пакутнікаў на чале са спадаром Анатолем Астапенкам, а таксама добрых сваіх сяброў –украінскі сямейны хор «Світлиця».

Імпрэза была прысвечана 130-м угодкам ад дня народзінаў Янкі Купалы (7 ліпеня 1882,  фальварак Вязынка - 28 чэрвеня 1942, Масква) і 15-ай гадавіне ад дня смерці Лявона Луцкевіча (13 сакавіка1922, Вільня – 28 ліпеня1997,  Вільня).

Выступае Васіль Акуневіч

Пра жыццё, творчасць і грамадскую дзейнасць Янкі Купалы з прамовай выступіў Васіль Акуневіч. Былі ўзгаданы ўсе факты і даты біяграфіі, агучаны назвы ўсіх літаратурных твораў і іх тэматыка, таксама назвы ўсіх сродкаў масавай інфармацыі, з якімі Янка Купала супрацоўнічаў і якімі ён кіраваўся. Класік беларускае літаратуры, паэт, драматург, публіцыст Я. Купала разам з Я. Коласам ёсць заснавальнікамі  новае беларускае літаратуры і  беларускае літаратурнае мовы. Я. Купала пакінуў багатую спадчыну. Пяць паэтычных зборнікаў: «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913), «Спадчына» (1922), «Ад сэрца» (1940), 18 паэмаў для нацыянальнага тэатру. У тым ліку: «Адвечная песня» (1908), «Сон на кургане» (1910), «На папасе» (1913), «Паўлінка» (1912), драма «Раскіданае гняздо» (1913), трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922), пра незалежнасць «Безназоўнае» (1924). Багатая літаратурная спадчына Янкі Купалы як перакладчыка. Ён перакладаў з украінскай, польскай, рускай, французскай і нямецкай моваў. Усяго пераклаў 92 творы 36 аўтараў. Творы Купалы перакладзеныя на 117 моваў свету.

На працягу ўсяго свайго свядомага жыцця Янка Купала думаў, разважаў пра беднасны стан і абездоленасць беларусаў, пра прычыны гэтага становішча. Пераканаўся ў неабходнасці перамен, барацьбы за лепшую долю і за незалежнасць. У сваіх творах заклікаў землякоў змагацца за гэтыя мэты. Царскаму ўраду, а пазней – савецкаму ўраду, тое было непрымальным. Таму літаратурныя творы Янкі Купалы забараняліся, выданні канфіскоўваліся. Аўтар і выдавецтвы прыцягваліся да адказнасці, падвяргаліся рэпрэсіям. Так, пачынаючы з першага зборніка «Жалейка», наклад якога быў канфіскаваны ў 1909 годзе, забароне падлягалі верш «Зваяваным» (1910), артыкул у Нашай Ніве «Думкі» (1914), вершы «Перад будучыняй» і «Пазвалі вас...» (1922). У гэтых двух вершах Купала выказаў сваё стаўленне да бальшавікоў і заклапочанасць бягучай сітуацыяй. Абодва творы былі забароненыя. Першы нумар толькі што заснаванага часопісу «Адраджэнне», у якім быў надрукаваны верш «Перад будучыняй», быў канфіскаваны. Паказальнай у гытым сэнсе была доля трагікамедыі «Тутэйшыя». Напісаны твор у 1922 годзе, сцэнічнае жыццё атрымаў у БДТ-1 у 1926 годзе. Але хутка п'есу знялі з рэпертуару як твор нацыяналістычны. Толькі ў 1982  пра п'есу ўспомніў Магілёўскі абласны драматычны тэатр (рэжысёр В. Маслюк). Нядоўгім было сцэнічнае жыццё п'есы і тут: пасля паказу ў Мінску яе знялі з рэпертуару. У 1988  твор Купалы быў надрукававы ў 9-м нумары часопіса «Полымя», а з 1990  ідзе на сцэне нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы (рэжысёр М. Пінігін). Цяпер п'еса «Тутэйшыя» ўведзена ў школьныя праграмы, да яе звяртаюцца шматлікія літаратуразнаўцы і публіцысты.

Не выпадкова ў Янкі Купалы такі трагічны лёс. Ён шмат разоў выклікаўся на допыты па справе контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», якой у рэальнасці не існавала. 20 лістапада 1930 года, не вытрымаўшы здзекаў, Купала робіць спробу самагубства, але застаецца жывы. Лежaчы ў шпіталі, канчаткова зломлены, падпісвае г. зв. «Адкрыты ліст Я. Купалы» з адрачэннем ад нацыянальнай ідэі. Творчасць Купалы 30-х гадоў складаецца з прасавецкіх вершаў ды артыкулаў, пазбаўленых мастацкае вартасці, апроч цыклу вершаў 1935, створаных у вёсцы Ляўкі («Сонцу», «Лён», «Дарогі» і іншыя).

4 чэрвеня 1942 Купала быў раптоўна выкліканы з Татарстана, дзе быў у эвакуацыі, у Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркаму БССР. 28 чэрвеня  ў Маскве Купала трагічна загінуў, упаўшы з лесвіцы ў гатэлі «Масква». Паэт быў пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках, а праз 20 гадоў яго прах быў перавезены ў Беларусь. Цяпер магіла Янкі Купалы знаходзіцца на Вайсковых могілках у Мінску, побач з магілай Якуба Коласа. Тамсама знаходзіцца і магіла маці паэта Бянігны Іванаўны, якая памерла ў акупаваным Мінску, перажыўшы сына на два дні.

Удзячны беларускі народ ушанаваў Я Купалу. Дзейнічаюць «Дзяржаўны літаратурны музей Я. Купалы», «Дзяржаўная прэмія імя Я. Купалы», «Міжнародны фонд Я.Купалы», «Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы», «Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсітэт імя Я. Купалы» і інш. У Вільні яго імем названая вуліца, на доме рэдакцыі НН намаганнямі ТБК замацаваная шыльда.

У глядацкай зале

Завершыла тэму Янкі Купалы на імпрэзе спадарыня Таццяна Райнене. Яна дэкламавала два паэтычныя творы. Удзельнікі імпрэзы шчырым рукаплясканнем выказалі сваю падзяку народнаму паэту і спадарыні Таццяне.

Выступае Андрусь Старавойтаў

З успамінамі пра Лявона Луцкевіча, сына прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча, беларускага  грамадскага  і культурнага дзеяча, педагога, мемуарыста, заснавальніка нашага Таварыства Беларускай Культуры ў Літве выступіў Андрусь Старавойтаў. Спадар Андрусь, цяпер рэдактар і вядучы тыднёвай беларускамоўнай перадачы на дзяржаўным радыё Літвы, упершыню пачуў голас дзядзькі Лявона па радыё, калі жыў у Маладзечне. У тых перадачах Лявона Луцкевіча здзіўляла і захапляла валоданне беларускаю моваю, клопат пра беларускую спадчыну ў Вільні. Тады Андрусь паставіў сабе за мэту абавязкова пазнаёміцца з Лявонам. Што і адбылося ў Вільні. Добрыя стасункі паміж імі доўжыліся да апошніх дзён жыцця Лявона.

Лявон, таксама як яго бацька, як тысячы лепшых сыноў Беларусі, зведаў пераслед і рэпрэсіі з боку савецкай дзяржавы. За беларускую дзейнасць быў асуджаны, адбываў пакаранне на Калыме, пасля хрушчоўскай адлігі вярнуўся ў Вільню. Лявон Луцкевіч быў адным з першых, хто пачаў адраджаць беларускае культурнае жыццё напрыканцы 80‑х гадоў мінулага стагоддзя. Па яго ініцыятыве і актыўнымі намаганнямі, разам з іншымі беларусамі-віленчукамі, была заснаваная беларуская суполка ТБК, беларускамоўная школа, беларуская кафедра ва ўнівэрсітэце, беларускамоўныя перадачы на літоўскім тэлебачанні і радыё. Сваю любоў да беларускай Вільні Лявон Луцкевіч выказаў сваёй кнігай «Вандроўкі па Вільні» - выдадзеная ТБК, яна пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. Кніга стала найкаштоўнейшым экскурсаводам па Вільні. Гэта найбагацейшы набытак беларусаў за час новага адраджэння. Беларусы ганарацца сваім  патрыётам, годным прадаўжальнікам справы Івана і Антона Луцкевічаў.

Выступае ўкраінскі сямейны хор «Світлиця»

Завершылі імпрэзу сябры-ўкраінцы – сям'я Рамана і Аксаны з дочкаю Іраю і мамай Аксаны-Ірынаю Ільніцкаю. Украінскія народныя песні яны спявалі ў знак салідарнасці з беларусамі, каторыя клапоцяцца пра беларускую мову, пра нацыянальную дзяржаву. Пасля завершання імпрэзы прысутныя не разышліся, а вялі дыскусію пра мову, пра нацыянальную свядомасць  народаў-суседзяў – беларусаў і ўкраінцаў. Было цікава і карысна.

Выступае Зянон Пазняк

На просьбу прысутных на імпрэзе з прамоваю выступіў Зянон Пазняк. Cпадар Зянон падзяліўся сваёю заклапочанасцю нарастаючым уплывам Кітая ў Беларусі. Ён заўважыў, што з ласкі антыбеларускага рэжыму дзясяткі тысячаў кітайскіх жыхароў ужо атабарыліся на нашай зямлі. Рэжым плануе назаўсёды  пасяліць у Беларусі сотні тысячаў чужынцаў — больш за мільён. Сусветная практыка паказвае, што калі на нейкай некітайскай тэрыторыі гэтай расы становіцца сотні тысячаў і больш за мільён, то пішы прaпала — гэтая тэрыторыя становіцца кітайскай. Мясцовы народ або раствараецца іх наплыве, або ўцякае з родных мясцін. Як вядома, нам, беларусам, уцякаць няма куды, у нас няма нейкай іншай зямлі, акрамя той, якую нам даў у валадаранне Бог, зазначыў спадар Зянон і выказаў занепакоенасць, што кітайскае нашэсце ўжо разгортваецца па Беларусі. Яны  упэўнены, што беларусы ня будуць супраціўляцца і бараніць сваю зямлю.

Ёсць паведамленні аб выпадках, калі кітайцы арганізаванымі групамі да 100 чалавек заходзяць у калектыўныя сады і збіраюць садавіну і гародніну без дазволу. Міліцыя доказаў не знойдзе, бо ўсё з'едзена, ды і не стараецца міліцыя знайсці парушальнікаў, кажа спадар Зянон. Падобна на тое, што ёсць устаноўка для міліцыі паводзіць сябе з імі так, каб не нашкодзіць добрым адносінам з новым стратэгічным партнёрам – Кітаем. Пакуль міліцыя разбіраецца з адной групай, на іншым канцы дачнай зоны эфект саранчы арганізоўваюць яшчэ некалькі “малых групаў”. Змагацца з гэтым немагчыма, міліцыі ўжо катастрафічна не хапае. Гаспадарам садовых участкаў давядзецца арганізоўваць самаабарону. Трэба спыніць нашэсце кітайцаў цяпер, пакуль не позна, заклікаў Зянон Пазняк. Калі мы гэтага не зробім, нас чакае няволя і нацыянальная трагедыя.

Яшчэ спадар Зянон прэзентаваў удзельнікам імпрэзы дзве новыя свае кніжкі, надрукаваныя ў 2012-м годзе. У суаўтарстве з Валерам Буйвалам падрыхтаваная і выдадзеная кніга «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял». У кнізе вядзецца пра змаганне за Курапаты і за абарону Курапатаў. Гэта найперш барацьба з КДБ і яго агентурай, а таксама са спадкаемцамі тых, што ўчынялі генацыд. Толькі ведаючы і разумеючы гэта, можна зразумець сэнс і змест падзеяў, што разгортваюцца вакол Курапатаў. Другая кніга – «Добрая фатаграфія». У ёй змешчаныя веды пра ўсе найноўшыя дасягненні навукі і прамысловасці ў галіне фатаграфіі. Гэта дапаможнік на беларускай мове для прафесіяналаў і аматараў фатаграфіі.

Працягваючы традыцыю, сябры ТБК зрабілі вандроўку па Віленшчыне. 29-га ліпеня на двух аўтамабілях наведалі Яшуны, Малыя Салечнікі, Вялікія Салечнікі, Дзевянішкі, Каменку, Тургелі, разваліны Паўлавай Рэспублікі, Рудаміна. Гэтым разам нам пашанцавала, бо за экскурсавода з намі быў навуковец, археолаг Зянон Пазняк. Яго малая радзіма, мястэчка Суботнікі Гарадзенскай вобласці, знаходзіцца за 13 км ад Дзевянішак.

Каля палаца Балінскіх

У мястэчку Яшуны наведалі сямейныя могілкі Балінскіх. Могілкі ад 1830 года да гэтых дзён захаваліся і добра дагледжаны - мураваная агароджа, вароты каванага жалеза ўвесь час замкнёныя. Праз іх відаць багатыя помнікі. З шыльды каля варот даведаліся хто тут пахаваны. Гісторык, публіцыст, гаспадар Яшун Міхал Балінскі (1794-1864). Яго сын Ян Балінскі (1824-1902) – заснавальнік навуковай псіхіатрыі у Расіі, прафесар Пецярбургскай вайсковай медычнай акадэміі. Сябра Міхала, рэктар Віленскага універсітэта, прафесар астраноміі і матэматыкі, філосаф Ян Снядэцкі (1756- 1830). Наведалі сядзіба-паркавы комплекс Балінскіх. Яшуны вядомыя ад 1402 года. Ад 1819 года іх гаспадар Ян Балінскі. Ад таго часу Яшуны сталі важным цэнтрам культуры. У палацы была бібліятэка. Тут гасцявалі прафесары з Вільні, вядомыя паэты і грамадскія дзеячы, сярод іх Адам Міцкевіч. У наш час сядзіба-паркавы комплес у запусценні, але ў такім стане, што яго можна адрэстаўраваць. У мястэчку каля 1800 жыхароў, стараства, 3 сярэднія школы.

У вёсцы  Малыя Салечнікі мы былі сведкамі актыўнага ўдзелу прыхажан пад час імшы. У драўляным касцёле не маглі змясціцца ўсе ахвочыя, таму людзі стаялі на ганку. Людзі маладыя, з дзецьмі.

Капліца ў Салечніках

У горадзе Вялікія Салечнікі, на ўскраіне з боку Вільні, першае што заўважаеш, гэта 6-ці метровая прыгожая белая капліца, узведзеная тут у 18-м стагоддзі. У цэнтры горада - новы вялікі помнік нашаму нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму. Прыемна адзначыць тое, што помнік устаноўлены па ініцыятыве і намаганнямі мясцовай суполкі беларусаў. Наведалі касцёл. І зноў пабачылі імшу ў перапоўненым касцёле. І тут, як і ў Малых Салечніках, прыхажане стаялі на ганку касцёла і на вуліцы ўздоўж ганка. Каля касцёла - прыгожы помнік Адаму Міцкевічу. Тут 2-га лістапада 1821 паэт упершыню бачыў наш абрад Дзяды. Адзін з самых вядомых твораў паэта так і названы –  «Дзяды». Салечнікі вядомыя ад 1311 года. Пасля ўваходу Літвы ў склад СССР у 1940 годзе Салечнікі разам з Друскенікамі і Адуцішкамі былі падараваныя Літве за яе прыхільнасць саветам. Цяпер у Салечніках каля 6400 жыхароў, 72 працэнты з іх сябе лічаць палякамі.

Мястэчка Дзевянішкі нас сустрэла цішынёю. Касцёл у той час быў зачынены. Дзевянішкі ўзгадваюцца ад 1385 года. Цяпер тут каля 900 жыхароў. Цэнтр стараства. За 6 км ад мястэчка – мяжа з нашай Бацькаўшчынаю.

Па дарозе з Дзевянішак на Тургелі – вёска Каменка. Тут таксама прыгожы касцёл ужо быў ціхі.

Вялікая вёска Тургелі (660 жыхароў) уражвае вялізным, мураваным у стылі неабарока, касцёлам, узведзеным у 1837 годзе, перабудаваным у 1900-1909 гг.

Рэшткі Рэспублікі Паўлавай

З Тургеляў павярнулі на поўдзень, да ракі Мерачанка. Тут, на яе беразе, нам адкрыліся руіны мураваных палацаў гістарычна вядомай Паўлавай Рэспублікі. Усе мы, за выулючэннем Зянона Пазняка, іх бачылі ўпершыню. Але болей за ўсіх іх цяперашні выгляд здзівіў і парадаваў Пазняка. Рэч у тым, што ўся тэрыторыя вакол руінаў цяпер пазначаная будаўнічай СТОП стужкай. Зблізу мы ўбачылі, што тут распачаліся будаўнічыя работы. Гэта прыемная навіна для Зянона і ўсіх руплівых краязнаўцаў. Гісторыя Паўлавай Рэспублікі вядомая і каштоўная тым, што гэта была найбольш радыкальная сялянская рэформа ў 18-м стагоддзі. Павел Бжастоўскі, ксёндз у Тургелях, на тэрыторыі свайго маёнтка (усяго78 валокаў, каля 1640 гектараў) увёў самакіраванне. Ад 1769 да 1795 года Рэспублікай кіраваў прэзідэнт (сам гаспадар маёнтка) і сялянскі сойм. Замест лажа Павел ўвёў чынш. Даў сялянам волю. Яго сяляне без абмежаванняў маглі распараджацца сваім багаццем, займацца рамёсламі і гандлем. Адчыніў школу. Сялян вучылі чытаць,  пісаць, лічыць, вучылі і розным рамёствам (вырабляць капелюшы, плесці з лазы, вязаць і інш.) У выніку вольнай працы павялічыліся ўраджаі. Прыбытак гаспадара маёнтка вырас. Сяляне пачалі ахвотна клапаціцца пра сваё жыллё і быт. Рэспубліка мела свае грошы, сваё войска. У 1784 годзе Рэспубліка была прызнаная вялікім князем ВКЛ, каралём Польшчы Станіславам Панятоўскім. Рэспубліка распалася, калі Павел-прэзідэнт зразумеў, што пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Расія забярэ і яго маёнтак, таму размяняў яго на маёнтак у Саксоніі. Новы гаспадар адмяніў чынш і ўвёў лаж.

Вёска Рудаміна – апошняя ў нашым падарожжы. Ад яе да Вільні 12 км.Тут таксама цішыня. Прыемна палюбавацца, які добраўпарадкаваны і дагледжаны драўляны касцёл. Мушу адзначыць, што такія пачуцці былі ўсюды на маршруце падарожжа, дзе мы наведвалі касцёлы. Яшчэ ў Рудаміна ёсць драўляная царква і разваліны мураванай царквы. Ад 1377 года Рудаміна вядомая як горад ВКЛ. Цяпер гэта вялікая вёска з насельніцтвам каля 4300 жыхароў.

Апроч прыемных пачуццяў падчас гэтай вандроўкі ўдзельнікі зведалі крыўду і сум. Ведаючы, што Віленскі край у ранейшыя часы быў беларускім краем, і бачачы, якое актыўнае грамадскае жыццё тут цяпер вядуць палякі, разумееш, што для беларусаў гэты край ужо страчаны. Крыўдна, але даводзіцца прызнаць, што наша бацькаўшчына Беларусь не была здольнай адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы ў часы СССР, тым больш цяпер, стаўшы незалежнай дзяржавай, РБ нашага нацыянальнага інтарэсу тут не бачыць. Сумна робіцца, калі чуеш ад жыхароў Віленскага краю пытанні-папрокі: «Чаму мы цяпер не чуем па радыё і не бачым па тэлевізары беларускамоўных перадачаў з Беларусі? Раней, за савецкім часам, такія перадачы былі. І ў нас была магчымасць чуць нашу родную мову.Часцей моваю карысталіся, больш адчувалі сябе беларусамі».

Зянон Пазняк па дарозе з Рудаміна у Вільню звярнуў увагу ўдзельнікаў вандроўкі на неабходнасць весці навуковае даследаванне беларускай гістарычнай спадчыны тут, у краі. Звяртаючыся да нас, ён прапанаваў маладым сябрам Таварыства ўзяцца за гэтую важную для Беларусі справу. Нам не выпадае чакаць, калі гэтым зоймуцца дзяржаўныя ўстановы РБ. Пакуль на Бацькаўшчыне не адбудзецца палітычных, нацыянальна-дэмакратычных пераменаў, клапаціцца пра  яе нацыянальныя інтарэсы павінна грамадства.

Васіль Акуневіч