Кожны дзень, прачынаючыся ранiцай, я думаю аб маёй Радзiме - сiнявокай Беларусi. Мне хочацца верыць у шчаслiвую будучыню ўсiх родных i блiзкiх мне людзей, i тое, што я ўбачыла на роднай старонцы, дае мне ўпэўненнасць, што мая краiна будзе жыць добра i багата…
Кожны дзень, прачынаючыся ранiцай, я думаю аб маёй Радзiме - сiнявокай Беларусi. Мне хочацца верыць у шчаслiвую будучыню ўсiх родных i блiзкiх мне людзей, i тое, што я ўбачыла на роднай старонцы, дае мне ўпэўненнасць, што мая краiна будзе жыць добра i багата…
Так здарылыся, што я апынулася далёка ад роднага краю. Прайшло ўжо шмат гадоў, але нiтка часу не змагла перарваць сувязь i блiзкасць пачуццяў да роднай зямлi. Зусiм нядаўна пры падтрымцы адмiнiстрацыi Томска мне пашчасціла паўдзельнiчаць у мерапрыемствах “Славянскага базару” ў Вiцебску, ды не адной, а з групай членаў нацыянальна-культурнай аўтаномii горада Томска. Сярод нашай дэлегацыi асноўную частку складалi маладыя хлопцы i дзяўчаты, якія маюць беларускiя каранi, альбо тыя, хто цiкавiцца беларускай культурай i гiсторыяй. У Вiцебску мы спявалi беларускiя песнi. Наш дружны гурт з хацеў не толькi шмат што пабачыць, але i паказаць нашу творчасць, тым болей, што да прыезду на фестываль Томская вобласць мела гонар бачыць нашыя справы на працягу ўсяго года. Гучалi песнi, праводзiлiся абрадавыя святы, канферэнцыi, майстар-класы конкурсы i фестывалi, выставы беларускiх мастакоў i народных умельцаў Томскай зямлі, беларуская хатка сустракала шкаляроў. У шэрагу мерапрыемстваў бралі ўдзел дзецi, студэнты; зацiкавiлiся нашымi справамi i вучоныя вышэйшых адукацыйных установаў вобласцi, наладзiлася супрацоўнiцтва з бiблiятэчнымi ўстановамi – шмат цiкавага было. А наш удзел у гарадскiм карнавале быў адзначаны ўладай города асабліва. Вялiкае бела-блакітнае воблака беларусаў у нацыянальных строях вабiла тамiчоў, здзiўляла сваёй прыгажосцю i яднаннем. I ведаеце, пакуль мы iшлi горадам, да нас далучалася усё болей i болей людзей, якія з гонарам гаварылi, што яны таксама беларусы. Кожная сустрэча сябраў нашай суполкi з новымi людзьмi абавязкова пачынаецца са знаёмства: кожны хоча расказаць пра сябе, пра свае гiстарычныя карані, пра пошукi родных людзей. Не ўсе гiсторыi радасныя – многа i сумнага… Хтосьцi з нашых бацькоў прыехаў у далёкую Сiбiр па сваёй волi, а хтосьцi i не; хтосьцi з нас паспеў спытаць iх, як іх закiнула так далёка ад родных мясцiн, а хтосьцi хоча адшукаць радзіму iх продкаў.
Некалькi дзён на роднай зямлi – якiмi яны былi? Першы дзень – сустрэча на вiцебскiм чыгуначным вакзале: крышку халодна, асабліва пасля нашай спякоты. У нас +34, гараць лясы, i цяжка дыхаць у гарадах – такой спякоты не было даўно, а тут… як лёгка дыхаецца! I так чыста i прыгожа…
Нас сустракала цудоўная Алена Змiтраўна Тагулёва, навуковы супрацоўнiк, чалавек, якi ведае гiсторыю Беларусi i апавядае пра яе, як пра сваё роднае дзiця – спадарыню Алену можна было слухаць i слухаць… Для мяне як кiраўнiка нацыянальна-культурнай аўтаномii беларусаў гэта была вялiкая знаходка, таму што, асаблiва для маладых удзельнікаў дэлегацыi, было вельмi важна зразумець, што гэта за краiна, дзе калiсьцi жылi iх продкi. Спадарыня Аалена змагла за ўвесь час нашых сустрэч расказаць шмат чаго па гiсторыi роднага краю – захапляльна, цiкава, прафесійна. Тое, што мы пабачылi, захоўваецца на Радзiме з вялікай любоўю, і гэта радуе.
Само свята чаравала сваiм убранствам, шырынёй прадстаўлення розных рамёстваў, а мастакi здзiўлялi – гэта было цiкавей, чым на Арбаце! Праўду кажуць: лепей адзiн раз убачыць, чым сто разоў пачуць! Што мы яшчэ пабачылi? Мясцiны, дзе жыў Напалеон, мясцiны пахавання беларускiх вайскоўцаў, цэрквы і саборы, музей Марка Шагала, мясцiны, дзе жыў Рэпiн. А ў Полацку – месца геаграфiчнага цэнтру Еўропы, помнiк Францыску Скарыну, Сафiйскi cабор i манастыр, у якiм жыла Ефрасiння Полацкая. Было прыемна разумець, што ўсё беражлiва захоўваецца i абараняецца ад знішчэння. Сапраўды, няма гiсторыi – няма народу. Усведамленне таго, што на Радзiме ганарацца сваёй гiсторыяй i захоўваюць яе, выклікала захапленне i жаданне вярнуцца яшчэ i яшчэ раз у гэтыя цудоўныя мясцiны. Шчыры дзякуй Алене Змiтраўне Тагулёвай i супрацоўнiкам турыстычнай фiрмы “Ілва”: сваёй шчырасцю, жаданнем данесцi да нас мноства цудоўнага i цiкавага аб Беларусi яны змаглi зрабiць вельмi важнае – дадаць нам яшчэ больш імпэту, каб несцi культуру i гiсторыю беларускага народу на нашу сiбiрскую зямлю.
Ведаеце, калi мы вярнулiся ў Томск, то хлопцы i дзяўчаты казалi, што ў іх з'явiлася натхненне i жаданне працаваць з большай цiкавасцю i задавальненнем. З'явiлася мара аб новай сустрэчы з гiстарычнай Радзiмай – а гэта новыя планы i творчыя задумы…
Хай жыве i квiтнее Беларусь! Шчасця ёй i дабрабыту!
Любоў Адаскевіч