21-22 ліпеня
21-22 ліпеня
Царкоўны Сабор прыняў змены і папраўкі да Статуту БАПЦ.
Важнай падзеяй Сабору адбылося абранне Першага Іерарха БАПЦ – Архіепіскапа Святаслава (Логіна). Ад 31 дэлегата, прысутнага на Саборы асабіста і праз упаўнаважанні, 23 галасы былі за абранага Першаіерарха.
Таксама Сабор абраў новую Раду БАПЦ і Кантрольную Камісію БАПЦ і прыняў за аснову Рэзалюцыю.
У нядзелю адбылася Архірэйская Літургія, у якой узялі ўдзел новаабраны Першы Іерарх БАПЦ, Духавенства і вернікі, і на якой святар а.Леанід Акаловіч, настаяцель Парафіі Св. Еўфрасінні Полацкай у Мінску, быў узнагароджаны санам Пратаіерэя. У сваім казанні Архіепіскап Святаслаў выказаў неабходнасць захоўваць любоў паміж вернікамі і спакой у беларускіх храмах, бо калі на чужыне не будзе спагады між суайчыннікамі, то й Бацькаўшчына будзе ў большай небяспецы.
Па заканчэнні Набажэнства адбыўся святочны абед, пасля якога вернікі выступалі з прывітальным словам. Як пачэсны госць Сабору прысутнічала парафіянка спадарыня Ганна Войтанка, якая брала ўдзел у Саборы БАПЦ у 1948 годзе ў г. Канстанцы ў Нямеччыне. Выступіў старшыня Парафіяльнае Рады Парафіі ў Гайланд Парку (шт. Н.Дж.) спадар Віктар Дубяга, які яшчэ ў канцы 1940-х гг. прыслугоўваў у царкве пры беларускім лагеры ў Нямеччыне. Як і на Саборы, ён заклікаў, каб беларусы на чужыне гуртавалася у беларускіх храмах, у якіх царкоўныя справы заўсёды б пераважалі, як гэта было ў пасляваеннай эміграцыі, якая збудавала нашыя цэрквы ў вольным свеце. Таксама выступалі вернікі кафедральнага сабору і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў. Уладыка Святаслаў коратка прамовіў пра Царкоўныя Саборы ў Мінску, юбілеі якіх БАПЦ святкуе ў гэтым годзе.
У гэты ж дзень адбылося пасяджэнне новаабранай Рады БАПЦ , на якім была абраная Кансісторыя БАПЦ, старшынём якой стаў Архіяпіскап Святаслаў, сакратаром – Андрэй Падлескі, скарбнікам – Сяргей Трыгубовіч.
У дні Сабору ў Парафіяльнай Зале праводзілася выстава вышытых іконаў беларускай мастачкі Любові Карпавай і духоўных карцінаў іншых мастакоў.
Больш фотаздымкаў з Сабора БАПЦ можна паглядзець па наступнай спасылцы:
https://picasaweb.google.com/103139796058461980799/SaborBAOC7212012#