20 ліпеня каля беларускай амбасады ў Кіеве адбылася акцыя салідарнасці з нацыянальным героем, лідарам Маладога Фронту Змітром Дашкевічам.
20 ліпеня каля беларускай амбасады ў Кіеве адбылася акцыя салідарнасці з нацыянальным героем, лідарам Маладога Фронту Змітром Дашкевічам. Менавіта ў гэты дзень, 20 ліпеня, Змітру споўніўся 31 год, і свой дзень нараджэння ён чарговы раз сустрэў за кратамі.
У падтрымку Змітра Дашкевіча было праведзена пікетаванне беларускай амбасады. Удзел у акцыі бралі беларускія і ўкраінскія актывісты. Вядучай імпрэзы была прадстаўніца Руху Салідарнасці “Разам” і Беларускага Цэнтра ва Украіне Юлія Шаўлоўская. Асаблівае абурэнне ў прысутных выклікала навіна аб распачынанні новай крымінальнай справы супраць Змітра Дашкевіча ўжо ў Глыбоцкай турме. Акрамя прамоваў гучалі цудоўныя беларускія песні ў выкананні барда Андрэя Касмовіча.
Удзельнікі акцыі, якія трымалі партрэты з надпісамі: “Свабоду Дашкевічу!”, патрабавалі ад сённяшняй улады Беларусі неадкладнага вызвалення лідара Маладога Фронту.
Уся праезжая частка каля амбасады была застаўленая машынамі. За акцыяй, акрамя ўкраінскіх міліцыянтаў, назірала група людзей у цывільным, якія паводле сваіх службовых абавязкаў запісвалі акцыю пратэсту. Гучалі лозунгі “Свабоду Дашкевічу”, “Жыве Беларусь!”, “Верым, можам, пераможам!”, “Свабоду палітвязням!”, “Свабоду не спыніць!”. Напрыканцы ўсе ўдзельнікі пікетавання разам выканалі ў гонар Змітра Дашкевіча гімн “Магутны Божа”.
Прэс-група Беларускага Цэнтра ва Украіне.