Прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў Падляшша сустрэліся з урадавымі экспертамі

Гаварылі пра асноўныя прынцыпы і напрамкі развіцця беларускага грамадства ў Польшчы.

Гаварылі пра асноўныя прынцыпы і напрамкі развіцця беларускага грамадства ў Польшчы.  Прадстаўнікі меншасных арганізацый сустрэліся з экспертамі міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі. Гэта чальцы камісіі па справах разгляду заявак на дафінансаванне меншасных арганізацый і ініцыятываў.

Мэта сустрэчы – пазнаёміцца з патрэбамі і цяжкасцямі, звязанымі з працай на карысць беларускага грамадства. Як адзначыў удзельнік сустрэчы прафесар Алег Латышонак, чальцы камісіі хацелі даведацца, у якіх галінах грамадскага жыцця беларусаў патрэбная фінансавая дапамога.

- Наша грамадства ў даволі складанай сітуацыі. Асабліва, калі браць пад увагу старэнне грамадства. Таксама праблема са школьніцтвам. Няма практычна галіны, у якой нельга назваць якую-небудзь складанасць, але асноўнае, я думаю, - гэта захаванне нашай культуры і адукацыя маладога пакалення.

У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Звязу беларускай моладзі, Беларускага гістарычнага таварыства і Таварыства "Музей малой айчыны ў Студзіводах". Гэта цыкл сустрэчаў экспертаў Міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі з падляшскімі меншасцямі. На асобныя спатканні запрошаны былі між іншым літоўцы і ўкраінцы.

racyja.eu