“А ці вы відзелі, а ці вы слышалі” – так называецца першы альбом калектыва беларускай народнай песні “Світанак”.
“А ці вы відзелі, а ці вы слышалі” – так называецца першы альбом калектыва беларускай народнай песні “Світанак”. У склад калектыва ўваходзяць настаўніцы з самаўрадавага прадшколя № 14 у Беластоку. Гэта сем жанчын, якія апякуюцца дашкольнікамі з групаў з беларускай мовай навучання.
У час прэзентацыі выдання яны спявалі песні з новага альбома. Як адзначыла Альжбета Рудчук з калектыва “Світанак”, на кружэлцы змешчаныя дзесяць фальклорных песень.
- На гэтай кружэлцы ў нас народныя песні. Але ў сучаснай апрацоўцы, з новай музыкай. Нашыя песні пра розныя вясёлыя справы. Ёсць песні-гульні, жартаўлівыя песні. Так, як і спявалася ў народзе.
Прэзентацыя альбома адбылася ў беластоцкім клубе “Фама”. Удзельнікам мерапрыемства падпявалі таксама дзеці з дзіцячага садка, дзе працуюць сяброўкі калектыва “Світанак”. Прэзентаваліся таксама падапечныя студыі беларускага фальклору “Абба”.