23 чэрвеня беларуская грамада Вялікабрытаніі адзначыла адно з найстаражытных народных святаў - Купалле, перадае карэспандэнт TUT.BY з брытанскай сталіцы.
23 чэрвеня беларуская грамада Вялікабрытаніі адзначыла адно з найстаражытных народных святаў - Купалле, перадае карэспандэнт TUT.BY з брытанскай сталіцы.
Разам з тым, Купалле - адно з маладых святаў беларускай дыяспары на Туманным альбіёне. Брытанскія беларусы пачалі актыўна адзначаць яго з канца 1990-х. “Усё пачыналася яшчэ пры ўдзеле легендарных брытанцаў і вялікіх прыяцеляў Беларусі Веры Рыч і Гая Пікарыды”, - распавёў TUT.BY адзін з ініцыятараў святкавання Павел Шаўцоў. Этнаграфічна-фальклоруную афарбоўку святкаванне набыло дзякуючы Караліне Мацкевіч - адной з завадатарак цяперашняй беларускай грамады. Усяго за некалькі год Купалле стала самым папулярным святам сярод беларусаў Вялікабрытаніі, што збірае нашых суайчыннікаў ды сяброў Беларусі ў лонданскім раёне Паўночны Фінчлі.
Паноўная беларуская мова, нацыянальныя строі, вянкі з красак – у купальскую ноч сад сядзібы Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтру імя Св. Кірылы Тураўскага нібыта перанёс прысутных на радзіму.
Цэнтральным месцам абрадавага святкавання стала вогнішча – увасабленне сонца і ўраджаю, як лічылі нашы продкі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі традыцыйныя купальскія песні, скакалі праз вогнішча ды палілі чучала і купальскае кола.
Кожны ахвочы мог узяць урок беларускіх традыцыйных танцаў і далучыцца да аўтэнтычных спеваў. Дзяцей чакала актыўная праграма з традыцыйных беларускіх гульняў. Фатовыстава Сашы Белавокай прадставіла летапіс папярэдніх святкаванняў Купалля ў Лондане. Гучала ў гэты вечар і паэзія Веры Рыч – брытанскай перакладчыцы, якая адкрыла англамоўнаму свету беларускую літаратуру.
Паводле старадаўняй традыцыі, купальская ноч у Лондане скончылася пусканнем вогненных вянкоў па вадзе.