19 чэрвеня ў папулярнай кракаўскай кнігарні-кавярні “Massolit Books” прайшла чарговая прэзентацыя зборніка вершаў і перакладаў Ірыны Хадарэнка пад назвай “Свядомаграфія”.
“Беларуская літаратура сёння мала запатрабаваная ў свеце пераважна праз адсутнасць належнай колькасці перакладаў нашых аўтараў на асноўныя еўрапейскія мовы, а ў сваёй краіне – часткова праз тое, што прадстаўнікі сучасных медыяў слаба адрозніваюць sacrum літаратуры ад profanum макулатуры”, – такое меркаванне выказала падчас літаратурнага спаткання ў культурнай сталіцы Польшчы паэтка Ірына Хадарэнка.
19 чэрвеня ў папулярнай кракаўскай кнігарні-кавярні “Massolit Books” прайшла чарговая прэзентацыя зборніка вершаў і перакладаў Ірыны Хадарэнка пад назвай “Свядомаграфія”. Дзве папярэднія прэзентацыі адбыліся ў беларускай і польскай сталіцах, што не дзіўна, бо, як сведчыць у адным з вершаў сама аўтарка: “Маё грамадзянства – Вялікае Княства, мой родны абшар – ад Варшавы да Мінска”.
Паслухаць вершы і павіншаваць паэтку з днём нараджэння прыйшлі мясцовыя аматары прыгожага пісьменства, а таксама этнічныя беларусы, што жывуць у Кракаве. “У гэты дзень прыходзяць у свет пісьменнікі-нонканфармісты, аб чым красамоўна сведчыць творчасць Асаму Дадзая, Васіля Быкава і Салмана Рушдзі,” – падкрэсліла паэтка.
У літаратурным спатканні таксама ўзяў удзел паэт Павел Надольскі, які прадставіў на суд слухачоў як уласныя творы, так і пераклады на беларускую мову вершаў Цыпрыяна Норвіда і Марыі Паўлікоўскай-Яснажэўскай.
Смелая і пранікнёная лірыка, што гучала падчас мерапрыемства, спрычынілася да ўзнікнення нефармальнай дыскусіі аб асноўных трэндах у айчыннай літаратуры, стварэнні адзінай еўрапейскай культурнай прасторы і неабходнасці адстойвання свабоды думкі і слова.
“Мы жывем у часы татальнай імітацыі, – засведчыла Хадарэнка. – Імітуецца ўсё: ад кампанентаў прадуктаў харчавання да выбараў і нават кахання. Але свабода – гэта, мабыць, адзіная рэч, якую немагчыма імітаваць, немагчыма замяніць яе чымсьці штучным. Яна альбо ёсць альбо яе няма”.
Арганізатарам імпрэзы выступіла Беларускае Таварыства ў Кракаве, якому выступоўцы пажадалі сталець, мацнець і ператварацца ў аналаг таго магутнага зубра, пра якога напісаў паэму (дарэчы, упершыню надрукаваную менавіта ў Кракаве) наш славуты зямляк Мікола Гусоўскі.