Распачаліся 26-ыя сустрэчы “Зоркі”

У Новым Ляўкове, што ў гміне Нараўка, пачаліся 26-ыя сустрэчы “Зоркі”. Гэта журналісцкія майстар-класы для беларускай моладзі, якія арганізаваныя тыднёвікам “Ніва”.

У Новым Ляўкове, што ў гміне Нараўка, пачаліся 26-ыя сустрэчы “Зоркі”. Гэта журналісцкія майстар-класы для беларускай моладзі, якія арганізаваныя тыднёвікам “Ніва”. У сустрэчы прымае ўдзел трынаццаць вучняў пачатковых школаў і гімназіяў з Бельска Падляшскага, Нарвы, Нараўкі і Беластока.

Сёлетнія майстар-класы праходзіць пад назвай “Белавежская пушча – традыцыя і сучаснасць”. Кожны дзень гасцямі сустрэчаў “Зоркі” будуць прафесійныя журналісты. Маладыя людзі даведаюцца як шукаць тэму, якія тэмы трэба асвятляць у “Зорцы”, або як напісаць прэсавую інфармацыю ці правесці інтэрв’ю, кажа арганізатарка сустрэчаў Ганна Кандрацюк-Сверубская з тыднёвіка “Ніва”.

- Калі вывучаем асновы журналістыкі, заўсёды помнім пра тое, каб запісаць, што дзеецца ў наш час. Якраз гэтымі днямі мы ўсе перажываем шаленства Еўра. Так што думаю, будзе спартовы ўхіл на сустрэчах. Патэнцыял для гэтага ёсць. Якраз у нас тут большасць хлопцаў. Заўсёды, калі людзі сустракаюцца, трэба час праводзіць не толькі прыемна, але і карысна.

Апрача журналісцкай працы ўдзельнікі майстар-класаў наведаюць таксама хатні запаветнік-музей у Новым Ляўкове ці паўдзельнічаюць у караязнаўчай экскурсіі па Нараўчанскай зямлі. Госцем сустрэчы будзе таксама акцёрка Яання Стэльмашук, якая раскажа пра сваю тэатральную дзейнасць.“Зорка” з’яўляецца моладзевым дадаткам да тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. У ім можна прачытаць пра музыку ці актуальнасці з жыцця вучняў беларускіх школаў. Друкуюцца тут таксама маладыя журналісты з Нараўкі, Гайнаўкі і Бельска Падляшскага.

Лукаш Леанюк, Радыё Рацыя.