Беларусы Севастопаля далучыліся да святкавання Дня горада

10 чэрвеня ў Севастопалі на Гістарычным бульвары ляцела "Пагоня" і луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Піша Валер Барташ.

10 чэрвеня ў Севастопалі на Гістарычным бульвары ляцела "Пагоня" і луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Нацыянальныя таварыствы традыцыйна адзначалі Дзень горада. Лаканічная, але выразная экспазіцыя Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня" міжволі прыцягвала ўвагу. 120-годдзе нараджэння паэта, 95 гадоў як ён сышоў у іншы свет, 15 гадоў як з вершам "Пагоня", якая прагучала на ўстаноўчым сходзе, у Севастопалі ўтварылася першае ў гісторыі горада беларускае таварыства. Адметна тое, што ў статуце таварыства гаварылася аб падтрымцы суверэнітэту Беларусі, а сімваламі таварыства былі абраныя герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг, дэвізам -

"Жыве Беларусь!" Нефармальным дэвізам таксама сталі словы з верша паэта "Старадаўняй літоўскай Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць". Па мясцовым радыё рэгулярна гучыць праграма на беларускай мове. Экспазіцыі музея В. Барташа расказваюць пра творчасць паэта, аб прадстаўніках нацыянальнай беларускай эліты, тых, хто і сёння ў Беларусі адстойвае беларускасць, жадае, каб краіна была цывілізаванай, еўрапейскай. Прывітанне і салідарнасць з усімі ў свеце, хто з "Пагоняй" у сэрцы. Шмат у чым дзякуючы вам ляціць старадаўні беларускі сімвал у краіне светлай і лунае наш сцяг.

Старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня" Валер Барташ