Беларускі вечар прайшоў у Грузіі

Яго ладзіў створаны паўтара года таму Саюз беларусаў Грузіі "Беларускія сябры".

Для аб'яднання і ўмацавання сувязі паміж беларусамі Грузіі паўтара года таму быў створаны Саюз беларусаў Грузіі "Беларускія сябры". У яго задачы ўваходзяць пашырэнне кантактаў паміж брацкімі народамі, якія насяляюць Грузію, умацаванне сувязяў, а часам і іх аднаўленне, паміж беларусамі Грузіі і ўласна Беларуссю, а таксама данясенне да масаў звестак аб культуры, гісторыі і звычаях гэтага народа.

Апошняе мерапрыемства таварыства - вечар пад назвай “Беларусь - радзіма мая” - прайшоў ва ўтульным доме сям’і Максімавых, куды былі запрошаныя члены Савета лідэраў нацыянальных меншасцяў пры "шматнацыянальнай Грузіі".

Арганізатар вечара - намеснік старшыні Саюза беларусаў Грузіі Лідзія Лярскі-Шацірышвілі - падзялілася ўспамінамі аб сваім першым прыездзе ў Грузію. Тады яе здзіўленне выклікала тое, што, як выявілася, у гэтай краіне мала ведаюць аб Беларусі і беларускім народзе. Яна таксама распавяла аб сямі цудах беларускага краю: Белавежскай пушчы - запаведніку, якому каля шасцісот гадоў, Брэсцкай крэпасці, Мірскім замку, Сафійскім саборы ў Полацку, Будслаўскім касцёле бернардынцаў, возеры Нарач - самым вялікім у краіне, вада ў якім з часам становіцца ўсё чысцейшай, чым моцна збянтэжаныя навукоўцы, і Бабруйскай крэпасці.

Гаспадыня дома, сябра Саюза беларусаў Грузіі Алена Максімава, народжаная Федаровіч, пазнаёміла з гісторыяй і культурай Беларусі, геральдыкай і нацыянальнай сімволікай. Быў праведзены невялікі экскурс па эканоміцы, адукацыі і ахове здароўя. “Беларусь называюць сінявокай, бо на яе тэрыторыі багата азёраў, - адзначыла А. Максімава, - а народнымі сімваламі лічацца валошка і бусел, што характэрна для многіх краінаў свету.”

Ліліян Благоева прачытала вершы сучаснага беларускага паэта Анатоля Вярцінскага і распавяла аб дружбе, якая звязвала яе сям'ю з сям'ёй паэта. Напрыканцы вечара гасцей чакаў стол са знакамітымі беларускімі дранікамі са смятанай.

Кацярына Радкевіч, Хатуна Мамніашвілі