Дні культуры Вялікага Княства Літоўскага адбыліся ў Санкт-Пецярбургу

Піша Аляксей Шкнай, Санкт-Пецярбург.

З Мінска прыехалі вялікі сімфанічны аркестр РБ, выстаўка з Музея гiсторыi беларускай лiтаратуры i Лiтаратурнага музея Максiма Багдановiча, народны калектыў “Бяседа” і міністр культуры. З Вільні прывезлі выстаўку даваенных фатаграфій Баляславы і Эдмунда Зданоўскіх “Віленскія элегіі”, фільмы Ёнаса Мекаса. Таксама віленцы правялі джаз-канцэрт Вітаўта Лабуціса і Неды Малуновіч і фольк-фестываль старажытных рамесных і кулінарных традыцый у Петрапаўлаўскай крэпасці. Знакавай падзеяй стала выстава “Сям’я Саўкі” ў Мармуровым палацы. Саўка з-пад Ліды родам цяпер вельмі адметны віленскі мастак. Мінчане правялі ў Пецярбургу 2 дні (18–19), а віленчукі больш – з 16 да 20 мая. Была розніца ў арганізацыі: літоўскі кансулат у Пецярбургу надрукаваў праграму мерапрыемстваў, а беларускі кансулат гэтага не зрабіў. У выніку віленскія культурныя акцыі збіралі больш публікі. Пры нагодзе адбылася сустрэча прадстаўнiкоў беларускіх грамадскіх арганізацый Пецярбурга з  міністрам культуры Беларусі. На ёй аўтар кнігі “Беларускі Пецярбург” Мікола Нікалаеў крытыкаваў культурную палітыку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, прынамсі сказаў, што “ўзнагарода скандальна вядомага маскоўскага спевака Кіркорава абясцэньвае вартасць вышэйшай узнагароды Беларусі – ордэна Францыска Скарыны”. Нагадаем, што доктар філалагічных навук Мікола Нікалаеў з’яўляецца захавальнікам кніг Скарыны ў Нацыянальнай бібліятэцы Расіі ў Санкт-Пецярбургу і аўтарам двухтамовіка “Гісторыя беларускай кнігі”.

Алесь Шкнай, Санкт-Пецярбург.