Рымскі кардынал асвяціў легендарны беларускі "Марыян-Хаўз" у Лондане

13 траўня ў Лондане адбылося ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі сядзібы Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтра імя святога Кірылы Тураўскага - “Марыян-Хаўза” (Marian House). Рэпартаж карэспандэнта TUT.BY з месца падзеі.

Беларуская прысутнасць у Вялікабрытаніі стала заўважная пасля Другой сусветнай вайны. Тады на Туманным Альбіёне апынулася каля 10 тысяч беларусаў (у асноўным - жаўнеры Арміі Андэрса з сем’ямі). З 1946 года вядзе ўласную гісторыю Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі. У 1948 годзе тагачасным рэктар Беларускай каталiцкай мiсii ўсходняга абраду айцец Часлаў Сіповіч заснаваў у Лондане Беларускі рэлігійна-культурны цэнтр. Ягоная сядзіба і размясцілася ў “Марыян-Хаўзе” ці “Доме Марыі” ў раёне Паўночны Фінчлі (North Finchley).

"Марыян-Хаўз" у 1960-я... Фота: з архіву Беларускай бібліятэкі-музея імя Францішка Скарыны.
У будынку, датаваным канцом 19 стагоддзя, жылі святары-марыяне, ладзіліся беларускія імпрэзы, месцілася капліца і святарскі кнігазбор – аснова будучай Беларускай бібліятэкі-музея імя Францішка Скарыны. У наступныя паўстагоддзя “Марыян-Хаўз” стаў цэнтрам беларускага жыцця на Брытанскіх выспах. У 2009 годзе распачаліся работы па рэканструкцыі састарэлага будынка. Каб прафінансаваць рамонт, Беларускай каталiцкай мiсii прыйшлося прадаць частку прылеглай да дома зямлі.
... і ўвесну 2012.

Сёлета, пасля больш чым двухгадовага перапынку, у “Марыян-Хаўз” вярнулася грамадскае жыццё, а ў размешчаную ў ім капліцу Св. Апосталаў Пятра і Паўла - штодзённыя богаслужбы. На афіцыйную цырымонію адкрыцця адноўленай сядзібы Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтру адмыслова з Рыму завітаў прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў (ёй падпарадкуецца Беларуская каталіцкая місія ў Англіі) кардынал Леанарда Сандры. Сярод гасцей былі таксама апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі Антоніа Меніні, экзарх для ўкраінскіх грэка-католікаў у Вялікабрытаніі Глеб Ланчына, апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і інш. Асвяціўшы абноўлены будынак, кардынал Сандры звярнуўся да прысутных з адмысловай прамовай. Рымскі госць прадэманстраваў глыбокае веданне гісторыі беларускага рэлігійнага жыцця, адзначыўшы надзвычайную ролю ў яго захаванні і развіцці рэктара Беларускай каталіцкай (уніяцкай) місіі ў Англіі айца Аляксандра Надсана.У сваю чаргу патрыярх беларускай грамады ў Брытаніі асобна спыніўся на асобе свайго настаўніка біскупа Сіповіча, дзякуючы высілкам якога беларусы здолелі стварыць трывалы грунт нацыянальнага і рэлігійнага жыцця на Туманным Альбіёне. “Біскуп Чэслаў Сіповіч: святар і беларус” – так, дарэчы, называецца кніга Надсана, выдадзеная ў Мінску ў 2004 годзе.Як паведаміў TUT.BY святар Беларускай каталіцкай місіі айцец Сяргей Стасевіч, сярод далейшых планаў Місіi буданiўцтва побач з “Марыян-Хаўзам” асобнай капліцы.

tut.by