Імпрэза ў ТБК Літвы

У суботу, 28  красавіка, у Таварыстве беларускай культуры ў Літве прайшла  традыцыйная імпрэза, на якой узгадалі імёны велічных і слаўных беларусаў, якія ў той ці іншай ступені спрычыніліся да развіцця беларускай культуры, мовы, дзяржаўнасці.

У суботу, 28  красавіка, у Таварыстве беларускай культуры ў Літве прайшла  традыцыйная імпрэза, на якой узгадалі імёны велічных і слаўных беларусаў, якія ў той ці іншай ступені спрычыніліся да развіцця беларускай культуры, мовы, дзяржаўнасці.

Старшыня ТБК сп. Хведар Нюнька распавёў прысутным пра святой памяці Лявона Луцкевіча, аднаго з самых  вядомых беларусаў-віленчукоў другой паловы ХХ ст. Менавіта Лявон Луцкевіч быў адным з тых, хто стаяў  ля вытокаў беларускага адраджэння ў незалежнай Літве. У сакавіку яму  споўнілася б 90.

Хведар Нюнька

У сваіх успамінах Хведар Нюнька крануўся падзей, якія пачалі ўжо адлічваць трэцяе дзесяцігоддзе, калі віленскія беларусы пачалі ствараць свае культурныя асяродкі і першыя грамадскія арганізацыі амаль праз 50 гадоў забароны, занядбання і забыцця. І менавіта Лявон Луцкевіч разам  з Зоськай Верас быў адным  з тых, хто выказваў думку аб стварэнні  такой арганізацыі, як Таварыства беларускай культуры ў Літве. Вельмі часта яны  збіраліся ў „лясной хатцы“ у  Зоські Верас і там абмяркоўвалі свае планы. Дарэчы, як адзначыў Хведар Нюнька, лёс той хаткі трагічны – яна згарэла. І ўсё паказвае на тое, што яе падпалілі.

Артур Юдыцкі

Артур Юдыцкі ў сваім выступе  згадаў асобу другога прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі Васіля Захаркі. У красавіку спаўняецца 135 гадоў з дня яго нараджэння. Сёння  адназначна можна сказаць: каб не самаахвярная дзейнасць дзеячоў БНР, мы наўрад ці жылі б у незалежнай Беларусі. Менавіта дзякуючы таму, што была абвешчаная беларуская незалежная дзяржава на беларускіх этнічных землях, акупацыйны бальшавіцкі ўрад пайшоў на стварэнне марыянеткавай БССР, якая і па сёння працягвае сваю экзістэнцыю.

У сваім далейшым выступленні  А. Юдыцкі акцэнтаваў увагу на тое, што  сёння ўрад БНР не прадстаўляе ў поўнай меры беларусаў. Дзейнасць зведзена ўсяго да таго, што цягам года зрабіць некалькі заяваў, і ўсё. Аб урадзе БНР узгадваюць у сваёй большасці толькі ў сакавіку, перад самым вялікім беларускім нацыянальным святам. Нават сайт БНР не ўтрымлівае ў сабе ніякай інфармацыі, нават няма біяграфічных даведак пра прэзідэнтаў БНР. Таму хацелася б крыху больш актыўнай пазіцыі гэтага ўрада. Тым больш, што ён мае гістарычныя правы выступаць ад імя беларускага народа і яго рэпрезентаваць у сусветнай супольнасці. Кажучы пра ўрад, А. Юдыцкі зазначыў, што ён трапіў у замкнёнае кола, бо не можа праводзіць сваёй актыўнай дзейнасці праз недахоп сродкаў, а сродкаў не мае, таму што не праводзіць актыўнай дзейнасці. Атрымоўваецца замкнёнае кола, з якога яму трэба выбірацца.

У красавіку спаўняецца75 гадоў з дня трагічнай смерці Змітра Жылуновіча (беларускага пісьменніка Цішкі Гартнага), які стаяў ля вытокаў БССР. Сёння складана ацэньваць яго уклад у станаўленне незалежнай Беларусі, а таксама разважаць над пытаннямі, чаму ён не падтрымаў БНР, але можна сказаць, што так ці інакш ён зрабіў пэўны ўнёсак у развіццё беларускай культуры, літаратуры, мовы. Магчыма, каб не такія дзеячы, то БССР была б зрусіфікаванай значна раней. Але праз іх дзейнасць беларускае слова дахозіла да беларусаў у той жахлівы і крыважэрны час.

„Народ, які мае такія  імёны, як Леў Сапега, заслугоўвае  павагі“, - так распачаў свой выступ пра канцлера ВКЛ Льва Сапегу сп. Хведар Нюнька. У красавіку спаўняецца 455 гадоў з дня нараджэння дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага. Галоўная заслуга Льва Сапегі – выданне Трэцяга Статута ВКЛ. Гэта, па сутнасці, першая канстытуцыя ў свеце. На тэрыторыі Беларусі Статуты дзейнічалі да 1840 года. Яны былі напісаныя на старабеларускай мове, як і многія іншыя дакументы эпохі ВКЛ.

Валеры Радзюкевіч

Валеры Радзюкевіч узгадаў  пра жыццёвы і творчы шлях Альфрэда Ромера, мастака, скульптара, збіральніка  фальклора, удзельніка паўстання 1863-64 г.г. Нягледзячы на вядомасць гэтага імя ў Польшчы і Літве, у  Беларусі аб ім ведаюць мала, і практычна  нічога не захавалася там з яго  працаў. Толькі ў камайскім касцёле  вісіць намаляваны ім абраз „Езус  і сірата“, а ў пінскім касцёле - „Пінская мадонна“. Пэўную частку свайго жыцця Альфрэд Ромер правёў у  маёнтку Каралінава Пастаўскага раёна, які цяпер знаходзіцца ў аварыйным стане і разбураецца, нягледзячы на тое, што на ім прымацаваная шыльда „Ахоўваецца дзяржавай“. Сам Альфрэд Ромер пахаваны ў сямейнай капліцы ў Тракайскім касцёле.

Андрусь Старавойтаў

Андрусь Старавойтаў у  сваім выступленні ўзгадаў аб трагічнай падзеі – аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася 26 красавіка 1986 г. Андрусь акцэнтаваў увагу на тым моманце, што пра ўзніклую аварыю насельніцтву паведамілі толькі праз 10 дзён пасля яе, і толькі пасля тых фактаў, калі ўжо самі людзі пачалі разумець, што адбылося штосьці страшнае. Андрусь Старавойтаў у пачатку 90 г.г. жыў у Хойніках і таму на сваім уласным досведзе ведае, што такое жыццё ў радыяцыі. Па яго словах, дзяржава не толькі хавала праўду аб аварыі, але і не асабліва клапацілася пра тое, каб радыяцыя не распаўсюджвалася на большыя тэрыторыі. Як прыклад ён прывёў спальванне забруджанага радыяцыяй лесу. Вядома, што з дымам радыяцыя распаўсюджвалася на значна большыя тэрыторыі.

І вядома, што праблема забруджаных  радыяцыяй тэрыторый – гэта праблема не аднаго тысячагоддзя. Зразумела, што шкода нанесена непапраўная. І не толькі таму, што людзі былі вымушаныя пакінуць тэрыторыі, кудысьці перасяляцца, а яшчэ таму, што людзі засталіся адарванымі ад сваіх каранёў, ад тых мясцінаў, дзе жылі іх дзяды і дзе была іх гісторыя. На іншых тэрыторыях яны чужыя. Такім чынам былі знішчаныя цэлыя гістарычныя, этнаграфічныя, моўныя беларускія рэгіёны на поўдні Беларусі.

Алесь Адамковіч  Вільня  2 траўня 2012 г.

www.westki.info/tbk