Купалаўскі тэатр накіроўваецца на гастролі ў Вялікабрытанію

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы накіроўваецца на гастролі ў Вялікабрытанію.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы накіроўваецца на гастролі ў Вялікабрытанію.

Купалаўцы прадставяць брытанскім гледачам спектакль "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл" у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Прэм'ера нясвіжскай арлекінады ў купалаўскім тэатры адбылася 22 красавіка 2011 года. Паказ, арганізаваны пасольствам Беларусі ў Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, пройдзе 10 мая на сцэне вядомага лонданскага Bloomsbury Theatre. Bloomsbury Theatre існуе з 1968 года, тэатр змяшчае 535 гледачоў. На яго сцэне іграюць спектаклі тэатры з розных краін свету, кожны месяц праходзіць каля дваццаці паказаў. Цяпер купалаўцы працуюць над спектаклем "Кастрычнік. Андэрсан" па п'есе беларускага драматурга Алены Паповай. Аўтар ідэі і рэжысёр-пастаноўшчык Мікалай Пінігін. У стварэнні спектакля таксама ўдзельнічаюць мастак Барыс Герлаван, мастак па касцюмах Алена Ігрушка і кампазітар Андрэй Зубрыч. Прэм'ера спектакля адбудзецца ў канцы чэрвеня. Дзеянне адбываецца ў адным з мінскіх паркаў, дзе кожны дзень збіраюцца сем пенсіянераў, каб паразмаўляць. Аднойчы ў парк прыходзяць дзеці. Пенсіянеры, каб прыцягнуць іх увагу, пачынаюць расказваць казкі, гісторыі са свайго жыцця. Мікалай Пінігін тлумачыць, што гэты спектакль для тых акцёраў тэатра, якія знаходзяцца ў сталым узросце і нячаста задзейнічаны ў пастаноўках. "У ім - пасланне дзецям, якія толькі пачынаюць жыць, ад людзей немаладых, якія хочуць расказаць нешта важнае праз казкі", - адзначае рэжысёр-пастаноўшчык.

belta.by