14 красавіка падчас чарговай сустрэчы сяброў Беларуска-Амерыканскага Згуртавання “Пагоня” адбылася дыскусія на тэму “Праца і кар’ера ў ЗША”. Гэта быў лагічны працяг размовы аб адукацыі ў Злучаных Штатах, якая прайшла месяц назад.
Беларускі шлях да кар’ернага поспеху: упэўненасць у сваіх сілах, вучоба плюс праца над сабою
Экспертамі ў гэты раз былі ўладальнік кампаніі “Global Emergency Vehicles” Віталь Самсонаў ды працаўнікі буйных фінансавых устаноў Віталь Вашкевіч і Стас Змачынскі – адпаведна “Bloomberg”, мультынацыянальнай мас-медыйнай карпарацыі, што займаецца пастаўкай фінансавай інфармацыі, ды найбуйнейшай аўдытарскай кампаніі ў свеце “PricewaterhouseCoopers”. Кожнаму з трох было што распавесці і параіць наведвальнікам сустрэчы, таму тыя амаль дзве гадзіны, што ішла размова, праляцелі неяк зусім хутка, але ж як карысна!
Ад дзіцячай зацікаўленасці – да ўласнага бізнесу
Віталь Самсонаў - уласнік аўтамабільнай дылерскай, ці, як пра яго сказаў мадэратар дыскусіі Яўген Барысевіч, “серыйны прадпрымальнік”. За амаль 14 гадоў, што ён жыве ў Штатах, Віталь паспеў кардынальна змяніць сферы прыкладання сваіх намаганняў ужо некалькі разоў. Спачатку адразу пасля прыезду некалькі гадоў працаваў у сферы харчавання, зарабляючы грошы на адукацыю. Затым стаў саўладальнікам невялікай будаўнічай фірмы, валодаў доляй у кампаніі хуткай дапамогі, а зараз ўжо займаецца продажам аўтамабіляў хуткай дапамогі.
Віталь, можна сказаць, пракладваў сярод беларусаў новага пакалення шлях па кар’ерных дарогах Амерыкі адным з першых. Ён прыехаў у ЗША ў 98-м годзе пасля першага курса лінгвістычнага ўніверсітэта ў 18-гадовым узросце.
У адрозненне ад двух другіх экспертаў дыскусіі Віталь зараз працуе сам на сябе. Ён прызнаўся, што асабліва ніколі не ўяўляў сябе бізнесмэнам: падчас вучобы ў Drexel University думаў, што працаўладкецца, як і шмат хто іншы, у буйныя фінансавыя ўстановы ЗША. Склалася ж па-іншаму. Да цяперашняга бізнесу Віталя прывяла яго яшчэ юнацкая зацікаўленасць. Як ён узгадвае, машыны былі аб’ектам яго інтарэсу з самога дзяцінства – з малых гадоў ён цікавіўся гонкамі, глядзеў новую тады для прастораў маладой Беларусі пачатку 90-х “Формулу-1”.
“Прыслухоўвайцеся да сябе – і самі знойдзеце шлях, па якім вам хочацца ісці”, - такія простыя, але ў той жа час выключна карысныя словы Віталя. Гэта ці не галоўная парада, якая здольная прывесці да таго, чаму сапраўды будзе жаданне аддаваць значную частку свайго жыцця і энергіі.
На прыкладзе былога мінчука Віталя, які дарэчы часта з’яўляецца ўдзельнікам беларускіх мерапрыемстваў, што праводзяцца ў Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі альбо ў Філадэльфіі, бачна, што нават на выскоканкурэнтным амерыканскім рынку можна знаходзіць тыя нішы, дзе патрэбы спажыўцоў задавальняюцца недастаткова. Менавіта шмат у чым дзякуючы гэтаму, кампанія “Global Emergency Vehicles” за апошнія два гады дасягнула такога росту, і зараз у планах Віталя пашырэнне сферы дзейнасці ўжо і на пажарную тэхніку.
Выбар на карысць будучыні
Спецыяліст па падатках “PricewaterhouseCoopers” берасцеец Стас Змачынскі быў такім амерыканскім студэнтам, з якога шмат у чым можна браць прыклад. Працуючы, каб зарабляць грошы на жыццё ў мякка кажучы не самым танным горадзе Амерыкі Нью-Ёрку, ён адначасова яшчэ і выдатна скончыў свой універсітэт – CUNY Brooklyn College, не заплаціўшы падчас навучання за яго аніводнага цэнту! Ён прызнаецца, што асэнсавана зрабіў выбар на карысць будучыні, шмат у чым абмяжоўваючы сябе ў першыя гады жыцця ў Амерыцы.
Бесперапынная праца над сабою, шматгадзінны працоўны графік ды інтэнсіўны вучэбны расклад дазволілі яму атрымліваць сэместр за сэместрам стыпендыі і гранты на навучанне. Як вынік: ідэальныя адзнакі (аніводнай нават “A з мінусам”!) ды накоплены падчас вучобы працоўны досвед – у тым ліку на стажыроўках – дазваляюць яму зараз працаваць у буйнейшай аўдытарскай кампаніі ў свеце.
Падрабязна распавядаючы пра свой шлях да цяперашніх пазыцяў, ён грунтоўна апісваў свае думкі ды развагі, а таксама сумневы ды перашкоды, што паўставалі на яго шляху – асабліва ў першы год вучобы ў сваім каледжы.
Зараз жа ён у свае 23 гады – ужо паважаны ды аўтарытэтны ў сваёй сферы спецыяліст. Стас за год здолеў здаць іспыты ўсіх 4-х узроўняў CPA (сертыфікаваны аўдытар) з першай спробы. І гэта – чарговая яго “А” (можна быць упэўненым, што далёка не апошняя!), бо дасягаюць такога выніку толькі каля 15% тых. Хто ідзе на гэтыя іспыты.
Што тычыцца магчымага працягу адукацыі, то зараз, па яго словах, Стас папросту не гатовы да вучобы на МВА, бо разумее, што яшчэ адзін такі перыяд, калі вельмі працяглы час папросту няма магчымасці адпачыць, будзе вельмі цяжка вытрымаць і фізычна, і маральна.
Зараз для яго паўстае праблема іншага кшталту – як выкарыстаць уік-эндныя выходныя суботу-нядзелю, якіх у яго ў ЗША ніколі не было дагэтуль. Але, вядома, што ў будучыні ён возьмецца і за МВА. Цудоўным стымулам у гэтым з’яўляецца прапанова кампаніі, дзе ён зараз працуе, цалкам аплаціць гэта навучанне.
“Не бралі на нізкааплочваемую працу – задумаўся пра больш грашовую”
Распрацоўшчык фінанасавага праграмнага забеспячэння ў кампаніі “Bloomberg” Віталь Вашкевіч да сваёй працы таксама ішоў праз шмат выпрабаванняў ды сумневаў. Некалі жыхар сталіцы Беларусі ўзгадваў падчас размовы моманты, калі яго папросту не хацелі браць нават на нізкааплочваемыя працы, дзе амаль ці не адзінае, што патрабавалася - гэта фізычныя сілы. І гэтак працягвалася амаль паўгады – калі трэба былі і грошы на жыццё, і шмат часу на вучобу.
Таму той перыяд для беларускага студэнта Гарварду стаў, прызнаецца ён, па сутнасці самым вырашальным. Не знайшоўшы працы фізычнай, Віталь вырашыў задумацца над сваім становішчам яшчэ раз. І гэтыя няўдачы яго падштурхнулі да больш актыўных крокаў па пошуку працы іншага кшталту. Віталь вырашыў пайсці ў Career Center у сваім універсітэце і ўжо зусім хутка ён атрымаў запрашэнне на інтэрвію ў Harvard Medical School, дзе праз некаторы час пачаў працаваць у справаводстве ў дэпартамэнце грантаў.
З таго часу са з’яўленнем і ў працоўнай частцы свайго рэзюмэ гучнага імя “Гарвард”, Віталь прызнаецца, што зацікаўленасць у магчымых працадаўцаў стала выклікаць значна прасцей. І свой цяперашні “Bloomberg” ён выбіраў асэнсавана – упэўнены ў сваіх сілах і ведаючы на што здольны.
Парады нашых беларусаў:
- Бадай самая галоўная - ісці вучыцца. Віталь Вашкевіч, адказваючы на пытанне Яўгена Барысевіча пра словы, якія паўплывалі на яго найбольш, не задумваючыся адказаў: “Не адкладвай вучобу!”
Гэта значна пашырыць ваш светапогляд. І што больш істотна – амерыканская сістэма адукацыі дазволіць шмат у чым раскрыць менавіта вашыя зацікаўленасці ды таленты.
Нават калі вы не вызначыліся са сваёй галоўнай спецыялізацыяй – збірайце ўсе неабходныя паперы і падавайце ў каледжы альбо ўніверсітэты. Амерыканская сістэма адукацыі дае шыкоўную магчымасць паспрабаваць сябе ў розных сферах, што сапраўды часта дазваляе знаходзіць менавіта тое, да чаго ў вас ляжыць душа. Ніколі не позна змяніць і свой “major”.
На прыкладзе ўсіх трох хлопцаў, што выступілі экспертамі ў дыскусіі на тэму кар’еры відаць, што кожны з іх шмат вагаўся падчас сваіх першых крокаў. Усе яны (!) змянілі накіраванне сваіх сілаў. Усе распачыналі свой амерыканскі кар’ерны шлях, не ўяўляючы таго, чым дакладна яны б хацелі займацца. Кожны з хлопцаў нават прызнаўся, што ніколі б не падумаў тады, што будзе працаваць менавіта ў тых сферах, дзе яны занятыя зараз.
Віталь Самсонаў не адразу прыйшоў да цягі да фінансаў і эканомікі і да некаторага моманту зусім не задумваўся пра ўласны бізнэс. Віталь Вашкевіч наогул бачыў сябе філосафам альбо псіхааналітыкам. Стас Змачынскі ад палітычнай навукі ды думак пра кар’еру адваката ў нейкім сэнсе нават выпадкова абраў для вывучэння бухулік, хутка аднак зразумеўшы, што менавіта да яго ён валодае здольнасцямі, якія могуць дазволіць дасягнуць прафесійнага поспеху.
- Таксама вельмі істотна не баяцца ды не недаацэньваць сябе і свае сілы ды знаходзіць новыя стымулы.
Дапамагае на пачатковым этапе і максімальная загрузка свайго раскладу. У далейшым гэта дазволіць нашмат прасцей і эфэктыўней вырашаць паўстаючыя праблемы.
Трэба матываваць сябе запісвацца на большую колькасць класаў, удзельнічаць ва ўніверсітэцкіх мерапрыемствах – у тым ліку па развіццю лідэрскіх якасцяў. Гэта дазволіць развіваць уласны і прафесійны “тайм-мэнэджмэнт”.
Абодва Віталі расказвалі, што ім больш за 10 разоў адмаўлялі на працах зусім рознага ўзроўню. Калі гэта адбываецца адно за другім, то такое выпрабаванне вытрымаць вельмі нялёгка. Але трэба проста верыць у сябе ды свае сілы ды не губляць спадзяванні і не складваць рукі. Сваім досведам яны паказваюць, што ўсе, хто імкнецца і робіць крокі зрабіць свае мары і жаданні рэчаіснасцю, дасягаюць свайго!
- Трэба прыслухоўвацца да сябе, шукаць сваё “я”! Але ж і кан’юнктуру рынку адчуваць і вувучаць не забывацца! Бо ЗША за апошнія гады значна змянілася – зараз ужо далёка не ўсе сферы могуць прынесці высокі ды стабільны даход.
- Карыстацца дапамогай аддзелаў універсітэтаў, што займаюцца працаўлядкаваннем. Абавязкова шукаць стажыроўкі падчас вучобы – гэтак званыя гучныя імёны – залежна ад той сферы, дзе збіраецеся працаваць. Кожная працоўная актыўнасць ў такіх вядомых кампанях – у фінансавай сферы гэта Goldman Sachs, Deloitte, JP Morgan – дае свой плён. Праз невялічкі час пабачыце, як потым гэтыя стажыроўкі дапамогуць будучым працадаўцам разабрацца, на што вы ўжо здольныя, а вам самім яшчэ раз упэўніцца ў сваіх сілах. І адно, і другое значна дапаможа аблегчыць працаўладкаванне ў далейшым.
- Ваш стажыровачны і любы працоўны досвед дазволіць зрабіць ваша рэзюмэ больш канкруэнтным на рынку. Пра сваё рэзюмэ трэба задумвацца пры пошуку любой працы – наколькі яна будзе карыснай у вашым далейшым кар’ерным лёсе. Над шліфоўкай непасрэдна самой паперы трэба працаваць заўсёды.
- Удасканальваць мову штодзень. Хоць у некаторых спецыяльнасцях, як выказваліся эксперты, можна дасягнуць добрага ўзроўню і без яе, але валоданне ангельскай значна пашырае кола прымянення сваіх сілаў. Вучоба вельмі дапамагае ў развіцці моўных навыкаў! Ды што там: вядома, што з кожнай дадаткова вывучанай мовай становіцца і цікавей, і прасцей.
Дзяніс Талпека, belmov.org