Я не ведаю, колькі беларусаў у Польшчы

Піша Яўген Мірановіч. На пачатку сакавіка Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы аб’явіла неафіцыйныя вынікі перапісу насельніцтва краіны, што ладзіўся ў 2011 г. Паводле папярэдняга перапісу з 2002 г. 48,5 тыс. грамадзян Польшчы назвала сваю нацыянальнасць беларускай. Дзесяць год пазней, у 2011 г., гэтая колькасць паменшылася на 1,5 тыс.

Піша Яўген Мірановіч.

Беларускі і польскі гісторык, грамадска-культурны дзеяч, загадчык кафедры беларускай культуры Беластоцкага ўніверсітэта, аўтар шэрагу кніг, навуковых і публіцыстычных артыкулаў. Рэдактар часопіса «Białoruskie Zeszyty Historyczne»

 

 

 

На пачатку сакавіка Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы аб’явіла неафіцыйныя вынікі перапісу насельніцтва краіны, што ладзіўся ў 2011 г. Паводле папярэдняга перапісу з 2002 г. 48,5 тыс. грамадзян Польшчы назвала сваю нацыянальнасць беларускай. Дзесяць год пазней, у 2011 г., гэтая колькасць паменшылася на 1,5 тыс. Улічваючы натуральны рух насельніцтва, усё паказвае, што фактычна нічога не змянілася. Сярод тых, што назвалі сябе беларусамі амаль кожны трэці адчуваў сябе таксама палякам.

Няма дакладных дадзеных пра геаграфію размяшчэння беларусаў у Польшчы, што не дазваляе высоўваць ніякіх тэзісаў наконт фактараў, якія прывялі да такога выніку. Не цалкам такама вядома адкуль узяўся і сам цяперашні вынік. Невялікае апытанне, зладжанае сярод членаў сям’і і знаёмых дазваляе сказаць, што службы, якія займаліся перапісам, звярталіся толькі да што трэцяга жыхара Падляшскага ваяводства. Грамадзяне Польшчы мелі магчымасць адказаць на пастаўленыя пытанні таксама праз інтэрнет, але ўсё-такі застаецца значная частка – каля 40 адсоткаў – тых, хто ў ніякай форме не ўзялі ўдзелу ў перапісе. Не цалкам такім чынам вядома, адкуль узялася абвешчаная лічба  - 47 тысяч.

На маю думку, вынік мінулагодняга перапісу, як, зрэшты, і папярэдняга, ёсць для беларусаў Польшчы вельмі аптымістычным. У Беластоку, Бельску Падляшскім ці Гайнаўцы, дзе пражывае асноўная маса беларускага насельніцтва, на вуліцы цяжка знайсці які-кольвек след беларускасці. Польская мова не ёсць дамінуючай, а толькі выключнай. Старэйшае пакаленне, якое найчасцей карысталася беларускімі гаворкамі, адыходзіць у натуральны спосаб. Гэта былі галоўным чынам вяскоўцы. У гарадах заўсёды існавала невялікая група інтэлігенцыі, якая шанавала і імкнулася захаваць сваю культурную адметнасць, але ўжо неабавязкова хацела дапамагаць іншым дасягнуць такіх мэтаў. У сітуацыі, калі амаль кожны паляк адчувае ў сабе патрэбу стаць місіянерам нацыянальнай справы, беларускі інтэлігент ганарыцца тым, што яшчэ застаўся беларусам. У псіхалагічных умовах Польшчы гэта і ёсць дасягненне, якое, аднак, не стварае магчымасці паўстрымання выразна відавочнай і даволі хуткай асіміляцыі.

Шмат гадоў пасля падзення камунізму важным сродкам мабілізацыі грамадзтва быў удзел беларускіх дзеячоў у парламенцкіх і самаўрадавых выбарах. Беларускі выбарчы камітэт ніколі не дасягнуў нейкага выразнага поспеху, але гэты ўдзел быў заўсёды дэманстрацыяй прысутнасці беларусаў на Беласточчыне. Усё змянілася пасля трохгадовага судовага працэсу над 11 членамі Праграмнай рады тыднёвіка “Ніва” і адначасова лідэрамі беларускіх арганізацый Польшчы. Даказваць віну беларусаў заангажаваліся амаль усе дзяржаўныя службы Польшчы і гзв. “незалежныя сродкі масавай інфармацыі”. Яны нічога не даказалі, але выразна далі зразумець, што самастойная палітычная актыўнасць беларускага асяроддзя ёсць непажаданай. З дапамогай розных датацыяў хутка былі вызначаныя і межы гэтай актыўнасці. Яна можа свабодна развівацца ў галіне фальклору і паказвання ўсялякіх прымітыўных праяваў вясковай спадчыны.

Лічба 47 тысяч не адкавае таксама і на пытанне: якіх беларусаў? Калі б у Рэспубліцы  Беларусь было столькі беларусаў, як тое паказваюць вынікі чарговых перапісаў, тады мова суседняй нацыі не была б фактычна адзінай мовай нібыта самастойнай дзяржавы. Калі б у Беларусі было 8 мільёнаў беларусаў, тады ніводзін дзяяч у 1995 годзе не адважыўся б парваць нацыянальны сцяг перад камерамі тэлебачання. На Беласточчыне такія самыя беларусы як і тыя, што зьяўляюцца падданымі Лукашэнкі. Магчыма нас тут не 47, а 147 тысяч. Гэта, аднак, нічога не меняе. Тыя, хто запісаліся палякамі, ёсць дакладна такія самыя, як тыя, хто запісаліся беларусамі. Яны таксама ходзяць у царкву, на беларускія фэстыны, арганізаваныя “дзеячамі”, аднолькава шануюць презідэнтаў Беларусі і Польшчы, часам нават і загавораць па беларуску, калі ніхто “чужы” іх не пачуе. Усё тут таксама, як у Мінску, Гродне ці Слуцку, толькі там – зусім іншы кантэкст выяўлення сваёй тоеснасці.

Таму, на пытанне: колькі беларусаў у Польшчы?, – адкажу – не ведаю. Вынікі перапісу даюць толькі аснову да ўсялякіх спекулятыўных разважанняў.

Гэты артыкул зьявіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 24, No. 2.
© 2012 Belarusian Review

thepointjournal.com