Адышоў у лепшы свет дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі Станіслаў Клімаў

Сумная навіна прыйшла ў гэтыя дні ў беларускія суполкі Рыгі. 7 красавіка 2012 г. пасля доўгай хваробы не стала Станіслава Клімава -- аднаго з тых, хто стаяў ля вытокаў адраджэння беларускасці ў Латвіі.
Сумная навіна прыйшла ў гэтыя дні ў беларускія суполкі Рыгі. 7 красавіка 2012 г. пасля доўгай хваробы не стала Станіслава Клімава -- аднаго з тых, хто стаяў ля вытокаў адраджэння беларускасці ў Латвіі.

Станіслаў Максімавіч Клімаў нарадзіўся 15 ліпеня 1938 года ў вёсцы Прыбор Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.

Пасля службы ў армii ў 1960 годзе ён прыехаў у Рыгу і паступіў на механіка-машынабудаўнічы факультэт Рыжскага палітэхнічнага інстытута.

Пасля інстытута С. Клімаў працаваў у розных галінах прамысловасці Латвіі. З іх шмат гадоў Станіслаў Клімаў адпрацаваў канструктарам у Спецыялізаваным канструктарскім бюро вакуумных пакрыццяў - адным з флагманаў латвійскай індустрыі (цяпер акцыянернае таварыства «Sidrabe»), дзе працягваў працаваць і пасля выхаду на пенсію.

Прозвішча Станіслава Клімава - сярод тых беларусаў, хто стаяў ля вытокаў адраджэння беларускасці ў Латвіі.

З 1992 - па 1994 год С. Клімаў быў намеснікам старшыні таварыства беларускай мовы «Прамень». Шмат гадоў да апошніх дзён быў сябрам Рады Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак". Але той грамадскай нівай,  на якой самааддана рупіўся Станіслаў, была  папулярызацыя  беларускай песні.

У Генадзя Бураўкіна ёсьць такія цудоўныя радкі: «А калі не спяваць аб Радзіме, дык навошта навогул спяваць?.» Гэтыя словы цалкам - пра Станіслава Клімава. Колькі цудоўных беларускіх мелодый пачулі латвійскія слухачы, дзякуючы яго гармоніку.

Самародак-музыкант і кампазітар, Станіслаў актыўна прапагандаваў беларускую песню. Станіслаў Клімаў ўдзельнічаў у стварэнні першага гурта беларускай песні ў Латвіі ансамбля "Надзея". Яго голас гучаў у складзе ансамбля "Світанак", а апошнім яго клопатам стаў гурт беларускай песні "Вытокі", музычным кіраўніком якога ён быў ад пачатку стварэння калектыву.

У рэпертуары "Вытокаў" цэлы вянок песень, музыку якіх напісаў самадзейны кампазітар Станіслаў Клімаў. Але песні музыканта-самародка спяваюць не толькі "Вытокі", іх выконваюць самадзейныя беларускія гурты па ўсёй Латвіі.

У апошні час Станіслаў плённа супрацоўнічаў з Станіславам Валодзькам, беларускім паэтам з Даўгаўпілса. Песні С. Клімава на вершы С. Валодзькі - "Пра маці", "На Радзіме" карыстаюцца нязменным поспехам у слухачоў. Але сапраўднай візітоўнай карткай самадзейнага кампазітара Станіслава Клімава стаў  «Купальскі вальс» на вершы яго любімага паэта Ніла Гілевіча. Гэтую песню спяваюць беларусы ў  Латвіі і за яе межамі.

Калі адыходзіць з жыцця чалавек, на ўспамін застаюцца яго справы. А пасля Станіслава засталіся яшчэ і яго песні. Хай доўга-доўга гучаць яны на розныя галасы нашай данінай памяці гэтаму таленавітаму чалавеку, нашаму сябру.

 

Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак"