Беларусы Амерыкі сабраліся разам 18-га сакавіка ў мястэчку Осэнін, што знаходзіцца недалёка ад Нью-Ёрка на самым беразе ракі Гудзон, каб правесці беларускі народны абрад Гукання вясны.
Усіх, хто выказаў жаданне падтрымаць гэтую народную традыцыю, сардэчна вітала спадарства Лены і Пятра Рыжых. Гаспадыня спякла больш двух сотняў бліноў, прыгатавала іншыя прысмакі, што лічацца традыцыйнамі для гэтага дня. Свой унёсак у падрыхтоўку свята зрабіла і малодшае пакаленне Рыжых, тры хлапчукі зрабілі для кожнага ўдзельніка вясновага жаўрука – сімвал пачатку вясны.
Таксама арганізатары прыдумалі і сваю традыцыю – на пудзіла зімы, ляльку Марэну, яны прапанавалі прычапіць паперкі з напісанымі недарэчнасцямі і шкадаваннямі, якія хацелася б пакінуць у мінулым годзе, бо гуканне вясны – гэта заўжды свята аднаўлення пачатку жыццёвага цыклу з новымі памкненнямі, жаданнямі і марамі.
Нягледзячы на тое, што свята было крыху імправізаваным, і ўдзельнікі падчас спеваў вяснянак не заўсёды траплялі ў тон, але дзякуючы педагагічнаму і арганізацыйнаму таленту сп-ні Валянціны Якімовіч, ніводны госць не застаўся па-за карагодам. Кожны, як мог, з улікам сваіх здольнасцяў, праганяў зімку гучнымі спевамі.
Свята было яскравым і запамінальным яшчэ і таму, што ўсе былі апранутыя ў народныя строі, якімі большасць удзельнікаў забяспечыла нястомная сп-ня Якімовіч.
Напрыканцы свята Пятро Рыжы разам з іншымі патапілі ляльку Марэну ў водах Гудзона, што сімвалізавала канчатковае развітанне з зімою.
Напэўна, веснавыя сілы пачулі заклікі і пажаданні кожнага з нас, таму што, нягледзечы на змрочны ранак, дзень святкавання выдаўся сонечным і цёплым.
Хочацца верыць, што нават прыродныя стыхіі спрыяюць агульным шчырым памкненням і, аб’яднаўшыся ўсе разам, з добрымі думкамі і планамі, мы знойдзем дапамогу і падтрымку вышэйшых сілаў і здолеем, крыху змяніўшыся самыя, тым самым паўплываць на лёс нашай Радзімы.
Вольга Наваковіч
Фота Алены Дубавой, belmov.org