Наш чалавек у Ізраілі

Навукоўцаў з Беларусі сёння можна спаткаць бадай у любой краіне свету. Iншая справа, што далёка не ўсе з іх займаюцца Беларуссю. Адзін з тых, хтo ўсё ж нейкім неверагодным чынам здолеў выбудаваць сваё жыццё так, каб на вокладках працаў пазначалася “Belarus”,  – доктар Леанід Смілавіцкі, наш чалавек у Iзраілі.

Навукоўцаў з Беларусі сёння можна спаткаць бадай у любой краіне свету. Iншая справа, што далёка не ўсе з іх займаюцца Беларуссю. Але і тых, хтo ўсё ж нейкім неверагодным чынам здолеў выбудаваць сваё жыццё так, каб на вокладках працаў пазначалася “Belarus”, ведаем не надта добра. Адзін з такіх даследнікаў – доктар Леанід Смілавіцкі, наш чалавек у Iзраілі.

- Да ад’езду ў Iзраіль Вы цягам дванаццаці гадоў выкладалі ў БДУ і ўжо тады займаліся тэмаю беларускага габрэйства. Наколькі спрыяльнымі былі ўмовы для даследвання?

- У ВНУ я пачаў выкладаць з 1980 г. Пасля заканчэння аспірантуры пры БДУ і абароны кандыдацкай (1984 г.) я паступіў на кафедру гісторыі СССР, БССР і замежных краінаў пад кіраўніцтвам прафесара А. Грыцкевіча. Да 1991 г. адной з найбольшых праблемаў для мыслячага даследніка быў выбар тэмы, бо ва ўмовах “развітога сацыялізму” ўсе яны былі ўжо разабраныя. Як ні дзіўна гэта гучыць, лічылася, штo айчынная гісторыя (да і пасля 1917 г.) ужо напісаная. А чаго не было – тое не дазвалялася. Доступ у архівы быў абмежаваны, у навуковыя часапісы “падазроныя” тэмы не бралі. Пра публікацыю за мяжой можна было толькі марыць. Гэта датычылася не толькі гісторыкаў. Пра Глаўліт я тады толькі чуў, самацэнзура аўтара працавала без збою.

- Якая прычына сталася падставаю эміграцыі з Беларусi – палітычная, побытавая, прафесійная?

- Да вядомых жнівеньскіх падзей 1991 г. я быў “дабраахвотным абаронцам” – быў такі тэрмін. Спадзяваўся, розум пераможа і змены да лепшага непазбежныя. Верыў сам і пераконваў іншых. Па савецкіх стандартах у мяне было ўсё, што патрэбна: сям’я, праца ў ВНУ, кватэра, машына, дача. Але ўпэўненасць у заўтрашнім дні я згубіў. У пэўны момант зразумеў, што калі не з’еду, то ў маім жыцці болей нічога не адбудзецца. Сваю ролю адыграў і Чарнобыль, пяцігадовы сын хварэў, дыягназ ніхто не мог паставіць.

- Амаль ад самага пачатку жыцця ў Iзраілі Вы пачалі працаваць у The Goldstein-Goren Diaspora Research Center. Было складана ўладкавацца?

- Больш за год я працаваў не па спецыяльнасці. Гэта была цяжкая некваліфікаваная праца. Трэба было вучыць іўрыт, вучыцца жыць у новых умовах. Цікава, што як чалавек сябе “запраграмуе”, гэтак у яго і атрымаецца. Першым часам было складана, пра працу гісторыкам ці наогул інтэлектуальную працу нават не марыў. У нейкі момант здавалася, што знайсці працу па спецыяльнасці – гэта як бессмяротнасць здабыць. Паколькі я яшчэ ў Мінску цягам года вучыў іўрыт, дык ужо праз два тыдні па рэпатрыяцыі я працаваў. Мне спачувалі. Як вядома, чым ніжэй чалавек на сацыяльнай лесвіцы, тым болей яму спачуваюць.

Потым Міністэрства абсарбацыі знайшло часовае месца ў Яд Вашэм. Спрацавалі тры фактары: навуковая ступень, мой век і публікацыі – далі шанец. Мы пераехалі з Петах-Тыквы ў Ерусалім. Гэта 75 км, у Iзраілі ўсё побач. Знялі маленечкую кватэрку. За год працы я троху агледзеўся і ўжо меў уяўленне пра ізраільскія архівы. Паспеў надрукаваць свае першыя ў Iзраілі навуковыя працы. Адну пра Мінскае гета (на англійскай мове), а другую – пра антысемітызм у партызанскім руху (на іўрыце). У міжчассе кантракт у Яд Вашэм скончыўся, і я зноў паўтары гады быў без працы. Чым займаўся? Зранку – чарнарабочы, увечары – бібліятэка. Потым знайшоў месца ў Тэль-Авіўскім універсітэце. Спачатку на год, потым кантракт працягнулі. Пачаў рэгулярна ездзіць у Беларусь, збіраць матэрыял у архівах, сустракацца з калегамі, браць удзел у канферэнцыях.

- Раскажыце троху пра гэты Цэнтар – чым займаецца, колькі супрацоўнікаў, кім фінансуецца?

- Цэнтар існуе ад 1962 г. Галоўнае ідэя – у вывучэнні гісторыі яўрэйскай дыяспары (ад прарокаў да нашых дзён). Iснуюць італьянскі, турэцкі, грэцкі, румынскі, польскі, нямецкі і іншыя праекты. Я прапанаваў беларускі. Калі ўзяць пад увагу, што шмат якія прэзідэнты і прэм’ер-міністры, не кажучы пра інтэлектуальную эліту Ізраілю, маюць беларускія карані, дык запатрабаванасць тэмы відавочная. Напрыклад, першы (Хаім Вэйцман, 1874-1952), трэці (Шнеур-Залман Шазар, 1899-1973) і цяперашні (Шымон Пэрэс, 1923 г. нар.) прэзідэнты Iзраіля, два прэм’ер-міністры: Менахем Бегін (1913-1992) і Iцхак Шамір (1915 г. нар.),  стваральнік сучаснага іўрыту Бэн-Iегуда Элізэр (Лазар Юдавіч Перэльман), нарадзіўся ў вёсцы Лужкі Віцебскай губ. (1858-1922) і складальнік першага руска-іўрыт слоўніка Эвен Шошан (Авраам Разэнштэйн) (нар. у Мінску, 1906-1984).

Пра працу Цэнтру можна падрабязней прачытаць тут: http:// souz.co.il/clubs/read.html?article=2722&Club_ID=1

Фінансуе Цэнтар дзяржава і прыватныя спонсары. Усе супрацоўнікі адначасна выкладаюць на гістарычным цi іншых гуманітарных факультэтах універсітэту. Адпаведна ўкладзена і нагрузка: ад 150 да 250 гадзінаў на год. Астатні час ідзе на абнаўленне навуковых курсаў і на навуку. Кожны мае права шукаць сабе дадатковыя гранты.

- Вы там адзіны спецыяліст па Беларусі ці ёсць нехта яшчэ?

- На акадэмічным узроўні гісторыяй Беларусі у Iзраілі займаюся я адзін. Але ёсць некалькі калегаў, якія ў той ці іншай ступені закранаюць гэтую тэму. Перш за ўсё назваў бы д-ра Аркадзя Зэльцэра, д-ра Леаніда Рэйна, д-ра Альберта Кагановіча і Данііла Раманоўскага. Гэта новае пакаленне даследнікаў (усе народжаныя ў Беларусі), якія абаранілі доктарскія дысертацыі ў Iзраілі. Але ў цэлым даследваннем гісторыяй тых месцаў, дзе мы з Вамі нарадзіліся, займаюцца адзінкі. Як правіла, мы ўсе ведаем адзін аднаго.

- Ці ёсць магчымасць даследчыкам з Беларусі або, прыкладам, Амерыкі прыехаць і папрацаваць там над сваёй тэмаю ці проста пазнаёміцца са зборамі?

- Я думаю, так. Штогод Цэнтр дыяспары і ізраільскія ўніверсітэты, улучна з навуковымі цэнтрамі, такімі, як Яд Вашэм, аб’яўляюць конкурсы. Браць удзел могуць усе жадаючыя. Адрасы лёгка знайсці ў сеціве.

- За час працы ў Цэнтры Вы выдалі некалькі кнігаў: “Евреи Беларуси: из нашей общей истории, 1905-1953 гг.” (Мінск, 1999); “Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941-1944” (Tel Aviv, 2000), “Евреи в Турове: История местечка Мозырского Полесья” (Jerusalem, 2008). Гэта планавыя працы? Вы самі вызначаеце тэмы ці трэба ўзгадняць з начальствам, якое, як ні круці, плоціць заробак?

- Гэта планавыя працы, што цалкам адпавядаюць праекту, над якім я працую ў Тэль-Авіўскім універсітэце. Тэму выбірае даследнік і вылучае на зацвярджэнне навуковай рады. Далей ідзе экспертыза, ананімнае рэцэнзаванне, а пасля зацвярджэння – фінансаванне.

- Апішыце, калі ласка, свой больш-менш звычайны працоўны дзень.

- Тут нічога новага сказаць нельга. Дзень пачынаецца з кампутару і ім заканчваецца. А паміж – бібліятэка, архіў, студэнты, дактаранты, экспертызы, абмеркаваньне працаў. Трэба знайсьці час на разбор архіўных знаходак, укладанне вопісу дакументаў (на іўрыце, па-руску і англійску). Руская мова – як мова арыгіналу, іўрыт – для мясцовых карыстальнікаў, і англійская – для знешняга свету.

- Цяпер на стадыі выдання Вашая новая кніга – “Jewish Life in Belorussia during the Final Decade of the Stalin Regime, 1944-1953”. Пра што яна?

- Пра рэлігійнае, культурнае, эканамічнае жыццё яўрэйскай грамады ў Беларусі, той яе часткі, што выжыла пасля Галакосту. Калі ў 1941 г. яна складала 1 млн. чалавек або 10% усяго насельніцтва рэспублікі (разам заходняя і ўсходняя яе часткі плюс бежанцы з Польшчы ў 1939 г.), дык перапіс 1959 г. налічыў у БССР троху болей за 150 тыс. яўрэяў.

- Але гэта не самая апошняя праца. Вы нядаўна скончылі кнігу, што нібыта стаіць троху збоку ад Вашай асноўнай тэмы, і прысвечана цэнзуры ў Беларусі. Раскажыце падрабязней пра яе. Дарэчы, цікава, скуль збіраліся матэрыялы?

- Мне даўно хацелася ўзяць тэму, якая б датычыла не толькі яўрэяў Беларусі, але паказвала б гісторыю ўсёй рэспублікі цалкам. За апошнія 20 гадоў у Iзраілі я сабраў унікальную калекцыю дакументаў, якія дазволілі гэта зрабіць. Пасля таго, як я выявіў некранутыя архівы Глаўліта – “Главного управления по охране военных и литературных тайн в печати”, я зразумеў, як ажыццявіць задуманае. Фігуральна гаворачы, савецкі рэжым трымаў краіну ў жалезным ашыйніку з дапамогаю партыі, службы дзяржбяспекі і цэнзуры. Якім менавіта чынам гэта адбывалася ў Беларусі, якія былі патрабаваньні да выканаўцаў, хтo хадзіў у памагатых у Глаўліта? Што з сябе ўяўляла ідэалагічная, ваенная, эканамічная, палітычная, медыцынская, экалагічная цэнзура? Будзённае жыццё, пэрлюстрацыя ліставання, кантроль за працай выдавецтваў і друкарняў, праверка бібліятэчных фондаў, букіністычных крамаў, рэпертуару тэатраў, эстрады, кінематографа, радыё, працы грамадскіх арганізацыяў – Саюзу мастакоў, Саюзу пісьменьнікаў, Саюзу кампазітараў, Дзяржцырку. Арганізацыя і дзейнасць спецхранаў. Кантроль быў усеахопны і шматступенны.

Акрамя кнігаў, часапісаў і газетаў, існавала так званая “дробнадрукаваная прадукцыя”, адметная сваёй бясконцай разнастайнасцю. Гэта былі запрашальныя квіткі, візітоўкі, календары, запалкавыя этыкеткі, цукерачныя абгорткі, усе віды службовай дакумэнтацыі, афішы, праграмы, лібрэта і гэтак далей. Колькасьць назоваў увесь час павялічвалася, і гэта ўсё прымалася да вытворчасьці толькі з дазволу Глаўліту.

Пра сам Глаўліт пры гэтым нідзе не згадвалася – нi ў друку, ні ў даведніках. Лічылася, што цэнзура існуе толькі ў капіталістычным сьвеце. Таму працаў па гісторыі савецкай цэнзуры не было, вывучалася толькі дарэвалюцыйная цэнзура.

Савецкі цэнзар, або як яго тады называлі, палітычны рэдактар, ніколі наўпрост не сустракаўся з аўтарам, толькі праз галоўнага рэдактара. Аўтары не ведалі, хто менавіта іх кантралюе. Савецкая цэнзура гэта цалкам засакрэціла. Абскардзіць нейкія забароны, зробленыя купюры было немагчыма – у адрозненне ад царскай цэнзуры, між іншага.

Матэрыялам маёй манаграфіі сталіся галоўным чынам архіўныя дакументы, а таксама дадатковыя звесткі, знойдзеныя ў навуковых і папулярных, статыстычных зборніках, перыёдыцы. Узбагацілі іх успаміны былых супрацоўнікаў цэнзуры і сродкаў масавай інфармацыі, друкарняў, выдавецтваў, часапісаў, пісьменнікаў і мастакоў, якія па службовай неабходнасці сутыкаліся з працай Глаўліту БССР. Цяпер трэба вырашаць пытанне з пошукам сродкаў на выданне манаграфіі.

- Не так даўно на канферэнцыі ў Варшаве Вы чыталі даклад пра беларусіку ў ізраільскіх архівах. Дык што хаваюць тамтэйшыя сховішчы?

- Тэма майго дакладу ва Універсітэце Лазарскага была сфармулявана так: “Гісторыя Беларусі, адбітая ў Iзраілі: агляд архіўных калекцый дакументаў і матэрыялаў”. Я падрабязна спыніўся на характарыстыцы ізраільскіх архіваў, навуковых цэнтраў, бібліятэк. Галоўнымі архівамі ў Iзраілі ёсць: Дзяржаўны архіў, Цэнтральны архіў сіянізму, Цэнтральны архіў гісторыі яўрэйскага народу, архіў Яд Вашэм, архіў Арміі абароны Iзраілю, Архіў працы (гісторыя яўрэйскага працоўнага руху), Архіў Уладзімера Жабацінскага (гісторыя руху сіяністаў-рэвізіяністаў і яўрэйскіх падпольных арганізацый у падмандатнай Палесціне), Архіў Хаіма Вэйцмана, архівы кібуцных рухаў у Мерхавіі і Эйн-Хародзе, архівы іешываў (Мір, Валожын, Столін, Карлін, г. д.).

Важныя звесткі пра беларускую старонку яўрэйскай гісторыі можна без цяжкасці адшукаць у Нацыянальнай бібліятэцы Iзраіля ў Ерусаліме. Ейны рукапісны аддзел змяшчае каля 150 пінкасім – летапісаў яўрэйскага жыцця, што пісалі на іўрыце да пачатку XX стагоддзя грамады, дабрачынныя арганізацыі або рамесныя цэхі.

Да пачатку 1991 г. гісторыкі мелі толькі ўскосныя звесткі. Яны былі вымушаныя аналізаваць звесткі з афіцыйных савецкіх крыніцаў, успамінаў. Зацікаўленасць да саветалогіі была вялікаю, шчодра фінансаваліся навуковыя доследы, друкаваліся кнігі, абараняліся дысертацыі. З развалам СССР і доступам да архіваў склалася іншая сітуацыя, якая дазволіла гісторыкам знаёміцца з першакрыніцамі, капіяваць шматлікія дакументы, прывозіць іх на захаванне ў Iзраіль.

- Хацелася б даведацца пра зарганізаванае жыццё былых менчукоў, пінчукоў, тураўцаў. Ці існуюць арганізацыі, адбываюцца сустрэчы, вядзецца нейкая дзейнасць?

- У Iзраілі існуе сістэма зямляцтваў. Беларускае з усіх з’яўляецца найвялікшым. Завітайце на сайт Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Iзраілі і пабачыце там і мае працы на беларускай, англійскай, рускай мовах:

- Мо час напісаць гісторыю эмігрантаў з Беларусі ў Iзраілі?

- Тэма гісторыі эміграцыі з Беларусі чакае свайго часу, і я не сумняюся, што ён надыдзе. Гісторыя сыходу настолькі вялікая, што мае патрэбу ў калектыўным асэнсаванні. Але ўсё па чарзе. Цяпер трэба выдрукаваць манаграфію па гісторыі цэнзуры ў Беларусі. Тэма, дзеючыя асобы, сюжэты, падыходы, як і зусім нежартоўныя жарсці тых часоў, вельмі пазнавальныя.

У адрозненне ад маіх папярэдніх манаграфій, гэтая апынулася ў своесаблівым становішчы. Паколькі яна цалкам прысвечаная беларускай тэме, то яўрэйскія фонды яе фінансаваць не могуць – няма падставаў. Не зацікаўленыя ў з’яўленні такой працы і афіцыйныя структуры ў Мінску. Мо тут сваё слова скажа беларуская эміграцыя, як думаеце?

 

Размаўляў Лявон Юрэвіч,