Падчас урока ў нядзельнай школе, прысвечанага станаўленню беларускага этнасу, дзеці членаў Беларускай абшчыны Малдовы і супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Кішынёве знаёміліся з гісторыяй узнікнення Полацкага княства, даведаліся аб жыцці яго заснавальнікаў і выбітных асобаў таго часу. Пры дапамозе мультымедыйных сродкаў дзецям у займальнай форме распавялі пра жыццё Рагвалода і Рагнеды, Усяслава Брачыслававіча і аб Еўфрасінні Полацкай. Асаблівую цікавасць выклікала гісторыя вырабу і аднаўлення крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Наведвальнікі нядзельнай школы паглядзелі тэматычныя фільмы, пазнаёміліся з гісторыяй заснавання Сафійскага сабора і Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, іншымі сюжэтамі. Дзецям, якія прымалі ўдзел у абрадзе "Гуканне вясны", спачатку распавялі пра паганскіх багоў: Сварог, Дажбог, Ярыла, Ляле. Маленькія беларусы з дапамогай сваіх бацькоў размалявалі багіню вясны Лялю, потым яны чыталі беларускія вершы, запускалі папяровых жаўрукоў і гукалі вясну.
Паводле БЕЛТА