Тэлеграф прадстаўляе чарговае інтэрвію з рубрыкі, прысвечанай Мжнароднаму дню роднай мовы. Нагадаем, што яе ўдзельнікамі з'яўляюцца людзі, якія з розных прычынаў самастойна вывучылі беларускую мову. Сёння мы прапануем вашай увазе думкі і меркаванні пра сучаснасць і будучыню беларускай мовы нямецкага палітолага, аўтаркі першай нямецка-беларускай дысертацыі Надзін Лашук (Nadine Lashuk).
Telegraf.by: Чым вас зацікавіла беларуская мова? Чаму вы вырашылі яе вывучаць?
Лашук: Калі я прыехала ў Мінск у 2006 годзе, я крыху размаўляла па-руску – вывучала гэтую мову ў школе ў Заходняй Нямеччыне.
Тут, у Беларусі, я пазнаёмілася з хлопцам і закахалася (ён ужо пяць гадоў мой муж і бацька майго сына). Ён з самага пачатку адмовіўся размаўляць са мной па-руску. З сябрамі ён гутарыў па-беларуску, з братам і маці – таксама, і я хацела разумець, пра што ідзе гаворка. Таму я пачала вывучаць беларускую мову.
Дарэчы, знайсці настаўніцу ў Мінску зусім нялёгка было. Я хутка зразумела, што размаўляць па-беларуску – незвычайна, не толькі для іншаземцаў, але і для беларусаў. Аднойчы я ехала на таксі, і спытала ў таксіста, ці можна размаўляць па-беларуску, бо мне гэта лягчэй, чым па-руску. Ён адказаў, што не ведае беларускую мову і не ведае нікога, хто на ёй размаўляе. І сапраўды, калі я ў крамах прашу штосьці па-беларуску, прадаўцы робяць выгляд, што не разумеюць.
Telegraf.by: Як вы ацэньваеце моўную сітуацыю ў Беларусі?
Лашук: Мне здаецца, што сітуацыя незвычайная для краіны з дзьвюма афіцыйнымі мовамі. Беларуская мова – гэта мова сялянаў, інтэлектуалаў і інструмент палітыкі. Яна ніколі не бывае проста сродкам камунікацыі або часткай будзённага жыцця беларусаў. Беларуская мова – гэта заява аб прыналежнасці да пэўнай палітычнай групы. Інструменталізацыя беларускай мовы ўладамі – штучная спроба адмежавання ад Расіі. Я нідзе, акрамя як у Беларусі, не сустракала медыйную кампанію за родную мову ("Смак беларускай мовы" на афішах у Мінску).
Telegraf.by: Якой вы бачыце будучыню беларускай мовы?
Лашук: Будучыня мовы – гэта дзеці, якія на ёй размаўляюць. А ў Беларусі, ці ў Мінску, дзе я жыву, складана гадаваць дзяцей на беларускай мове. Садзікаў і школаў, дзе вучаць па-беларуску, зусім няшмат, і пераважная большасць сем'яў рускамоўныя. Мульцікі, кніжкі і гульні амаль што ўсе – па-руску. Мы вырашылі, што наш сын будзе расці з дзьвюма мовамі (нямецкай і беларускай). А калі я спытала ў Інстытуце імя Гётэ ў Мінску, ці ёсць у іх двухмоўныя кнігі па-беларуску і па-нямецку, супрацоўніца адказала: "А нашто вам беларускія кнігі? Лепей гадаваць сына па-руску, што ён будзе рабіць з беларускай мовай?" Гэта мяне спужала, бо калі так думаюць нават у тых установах, у якіх афіцыйна выкарыстоўваецца беларуская мова, мне здаецца, што будучыня ў беларускай мовы не вельмі светлая. А мова гэтая – прыгожая і нясе ў сабе культурную адметнасць. Таму дома мы будзем працягваць размаўляць па-беларуску.