Лава з імёнамі 19 беларускіх апазіцыянераў - ахвяраў рэжыму Лукашэнкі - была ўстаноўлена ў берлінскім Трэптаў-парку якраз насупраць будынка беларускай амбасады 27 сакавіка. Яна заклікана служыць напамінам аб усіх ахвярах палітычнага рэжыму сучаснай Беларусі, тлумачаць аўтары праекту - беларуская мастачка, якая жыве ў Берліне, Марына Напрушкіна і грамадзянскі актывіст Тобіас Вайман (Tobias Weihmann).
"Нас адпраўлялі ад адной інстанцыі да іншай. Нямецкая бюракратыя не для слабанервовых. У выніку "зялёнае святло" нам даў бургамістр берлінскага раёна Трэптаў -Кёпенік Олівер Ігель (Oliver Igel)", - узгадвае Марына Напрушкіна спробы дамагчыся ад берлінскіх уладаў дазволу на ўстаноўку лавы памяці.
На лаве напісаны прозвішчы асуджаных або зніклых без вестак беларускіх апазіцыянераў. У прыватнасці, згаданыя былыя кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, якіх прысудзілі да пазбаўлення волі па справе аб беспарадках, узбуджанай пасля антыпрэзідэнцкіх выступаў у Мінску ў снежні 2010 года; кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, асуджаны за нявыплату падаткаў.
"Мы хочам, каб берлінцы ведалі, што ў Беларусі квітнее аўтарытарны рэжым, ад якога пакутуюць людзі", - распавяла Марына Напрушкіна DW.
Восем месяцаў спатрэбілася арганізатарам для таго, каб атрымаць дазвол ад берлінскіх уладаў на ўстаноўку лавы. Збор сродкаў на гэтую ініцыятыву заняў значна менш часу.
"Мы зарэгістравалі ў інтэрнэце старонку, на якой распавялі пра наш праект і прапанавалі ўсім жадаючым падтрымаць нас", - распавяла Напрушкіна. Першы ўнёсак паступіў ад эксперта нямецкага Фонду Маршала Ёрга Форбрыга (Jorg Forbrig). "Пасля гэтага праект хутка раскруціўся. Мы сабралі неабходныя грошы за пару тыдняў", - успамінае актывістка. Акцыя па ўстаноўцы лавы была шматлюднай. На ёй прысутнічалі журналісты, пісьменнікі, эксперты, праваабаронцы і грамадзянскія актывісты. Цяпер на лаве памяці ляжаць кветкі, стаяць свечкі і партрэты Змітра Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, нядаўна пакараных па абвінавачванні ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро.
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі не вераць у іх вінаватасць і таксама лічаць іх "ахвярамі рэжыму".
А як рэагуюць берлінцы на лаву-напамін аб ахвярах палітычнага рэжыму ў Беларусі?
Шматлікія мінакі сапраўды спыняюцца і пачынаюць чытаць імёны беларускіх апазіцыянераў. "Гэта - сімвал бяспраўя", - кажа юная дзяўчына з каляскай. "Мяне жахае наша бяссілле перад тым, што адбываецца ў гэтай далёкай краіне", - абураны пенсіянер Кай. Парачка панкаўскія выгляду, якая шпацыруе па парку з сабакам, дайшоўшы да лавы рэзка змяняе тэму размовы. "Няўжо гэты помнік ўстанавіла беларускае пасольства ў Берліне?" - Цікавяцца маладыя людзі і, атрымаўшы адмоўны адказ, заўважаюць: "А, ну тады зразумела. Але хіба мы можам нешта змяніць?"
Наўпрост змяніць, можа быць, і не, але на канкрэтных прыкладах распавесці немцам аб тым, што адбываецца ў Беларусі, - цалкам магчыма, лічыць эксперт нямецкага Фонду Маршала Ёрг Форбрыг. "У ФРГ многія ведаюць, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, але імёны рэальных людзей і іх лёсы вядомыя нямногім", - кажа ён. Яму імпануе той факт, што лава памяці стаіць недалёка ад амбасады Беларусі. "Рэакцыі адтуль не паступала. Але з вокнаў амбасады лаву добра відаць. Беларускія дыпламаты зараз могуць быць упэўненыя, што ўсё больш берлінцаў будуць цікавіцца лёсам палітвязняў", - упэўнены Ёрг Форбрыг.