Сябры Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча “Пагоня” штогод, пачынаючы з 1998 года, публічна і святочна адзначаюць Дзень Волі. Не стала выключэннем і сёлетнее свята.
25 Сакавіка на плошчы Нахімава ў Севастопалі ўвагу мінакоў прыцягвалі расцяжкі з надпісамі "Жыве Беларусь!", "Свабода, незалежнасць, дзяржаўнасць", "Свабоду палітвязням Беларусі!". Луналі бел-чырвона-белыя сцягі, зіхацела Пагоня.
Падчас выступаў удзельнікаў святочнага пікету прагучалі імёны ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, словы захаплення і маральнай падтрымкі палітвязням і асабліва Сяргею Каваленку.
Старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня" Валерый Барташ зачытаў віншаванні старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, старшыні Беларуска-Амерыканскага Задзіночання Ганны Сурмач, кіраўніцтва Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Была выказана ўдзячнасць краінам, якія падтрымліваюць словам і справай імкненне беларусаў у пабудове дэмакратычнага еўрапейскага дзяржавы. Прагучалі вершы беларускіх паэтаў пра бел-чырвона-белы сцяг, герб "Пагоня", духоўны гімн беларусаў “Магутны Божа”.
Паводле Валерыя Барташа