24 і 25 сакавіка ў Вільні прайшлі заключныя мерапрыемствы "Беларускага тыдня".
У суботу ў віленскай гарадской Ратушы адбыўся ўрачысты прыём, прымеркаваны да Дня Волі. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі беларускай, літоўскай і міжнароднай дэмакратычнай супольнасці, беларускай дыяспары, а таксама выкладчыкі ды студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Са словамі віншавання да гасцей звярнуліся кіраўнік камітэта па міжнародных справах парламента Літвы Эмануэліс Зінгерыс, старшыня аддзела міжнародных сувязяў Віленскага самакіравання Жыльвінас Абаравічус, старшыня Таварыства беларускай культуры і сябра Рады БНР Хведар Нюнька, прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Аляксандр Калбаска і кіраўнік Грамадска-палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Вільні Алег Мяцеліца. Свята завершылася выступам знакамітага хору “Унія”.
Выступае Аляксандр Калбаска
Хведар Нюнька
Выступае хор "Унія"
Дзень Волі, 25 сакавіка, распачаўся з ускладання кветак і запальвання знічоў у гонар бацькоў беларускай незалежнасці Антона і Івана Луцкевічаў, а таксама іншых дзеячаў беларушчыны, чые помнікі знаходзяцца на віленскіх могілках Росы.
На могілках "Росы"
З прамоваю выступілі Хведар Нюнька, гісторык і былы парламентар Валянцін Голубеў, а таксама куратар бакалаўрскай праграмы ЕГУ "Культурная спадчына і турызм" Юрась Юркевіч.
З прамовай выступае Хведар Ньнька
Прамаўляе Валянцін Голубеў
Затым адбыўся святочны аўтапрабег пад беларускімі і літоўскімі нацыянальнымі сцягамі. Некалькі дзесяткаў машын праследавалі калонай па Вільні, а пасля накіраваліся да памежнага з Беларуссю пункту ў Медніках. Ля прыкардоннага шлагбаўму ўдзельнікі выйшлі з аўтамабіляў, каб павітаць і павіншаваць са святам тых, хто едзе ў Беларусь альбо вяртаецца адтуль.
Падрыхтоўка да святочнага аўтапрабегу
Так завершыўся “Беларускі тыдзень-2012” у Вільні. У яго межах адбылося некалькі знакавых і насычаных падзеяў. У прыватнасці, 19 сакавіка ў будынку Віленскага самакіравання прайшло ўрачыстае адкрыццё “Беларускага тыдня” і выставы пад назвай “Сны і рэальнасць” мастачкі Таццяны Дзянісавай. У сераду, 21 сакавіка, у Сойме Літвы адбыўся круглы стол, прысвечаны тэме еўрапейска-беларускіх узаемадачыненняў на сучасным этапе. А ў пятніцу, 23 сакавіка, у Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы і Еўрапейскім гуманітарным універсітэце была прэзентаваная выстава ўнікальных архіўных дакументаў, датычных перыяду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Святкаванне "Беларускага тыдня" было арганізавана беларускай дэмакратычнай супольнасцю Вільні пры падтрымцы літоўскіх партнёраў.
Спасылка на відэа з аўтапрабега: http://www.youtube.com/watch?v=6SNrZmNIo7g
Прэс-служба StudAlliance