У Вільні адкрылася выстава "Невядомая БНР"

23 сакавіка ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы і Еўрапейскім гуманітарным універсітэце была прэзентаваная выстава ўнікальных архіўных дакументаў, датычных перыяду Беларускай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемства ладзіцца ў межах “Беларускага тыдня” ў Вільніі.

23 сакавіка ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы і Еўрапейскім гуманітарным універсітэце была прэзентаваная выстава ўнікальных архіўных дакументаў, датычных перыяду Беларускай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемства ладзіцца ў межах “Беларускага тыдня”, які прысвечаны святкаванню Дня Волі ў Вільні.

Выстава была адкрыта куратарам бакалаўрскай праграмы ЕГУ "Культурная спадчына і турызм" Юрасём Юркевічам і прарэктарам па акадэмічных пытаннях Аляксандрам Калбаскам. Мастацкім аздабленнем выставы займаўся беларускі мастак Алесь Пушкін. Напачатку было зачытанае прывітальнае слова ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы.

Юрась Юркевіч і Аляксандр Калбаска

Прадстаўнікі ЕГУ пры падтрымцы супрацоўнікаў Цэнтральнага архіва ажыццяўлялі пошук і аналіз гістарычных дакументаў, што маюць вялікае значэнне ў беларускай гісторыі 1918-1944 гг. На экспазіцыі размешчаны копіі разнастайных зваротаў, рэзалюцый, асабістых дакументаў заснавальнікаў палітычных аб'яднанняў, дакументаў аб беларускім музеі Івана Луцкевіча, дыпламатычных пашпартоў беларускіх палітыкаў, унікальных звестак аб дзейнасці навукоўца Барыса Кіта.

Наведвальнікам запомніўся аповед пра дакументы, размешчаныя на выставе, ад бацькі беларускай незалежнасці Антона Луцкевіча (у выкананні талентавітага артыста Пятра Клюева), які звярнуўся да гасцей па-беларуску, ангельску, польску і італьянску. Прэм'ер-міністр уласнаручна падпісаў "пашпарты БНР" з асабістым нумарам для кожнага, хто хоча стаць яе грамадзянінам.

Мерапрыемства сталася магчымым дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Рэспублікі Літва і фонда Конрада Адэнаўэра.

Выставу можна паглядзець у навучальным корпусе ЕГУ да канца сакавіка 2012 г..

Прэс-служба моладзевай асацыяцыі “StudAlliance