Брытанцы – за Беларусь: у Лондане абмяркоўвалі ВКЛ

19 сакавіка ва Універсітэцкім каледжы Лондана адбылася прэзентацыя новай кнігі вядомага брытанскага гісторыка Нормана Дэвіса, адзін з раздзелаў якой прысвечаны гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Удзел у дыскусіі, прысвечанай кнізе, узялі літоўскія гісторыкі і прадстаўнікі беларускай грамады Вялікабрытаніі.
19 сакавіка ва Універсітэцкім каледжы Лондана адбылася прэзентацыя новай кнігі вядомага брытанскага гісторыка Нормана Дэвіса, адзін з раздзелаў якой прысвечаны гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Карэспандэнт "Тут і цяпер" папрысутнічаў на дыскусіі, удзел у якой узялі літоўскія гісторыкі і прадстаўнікі беларускай грамады Вялікабрытаніі.

Беларусацэнтрычная мадэль ВКЛ

Новая кніга аўтарытэтнага брытанскага гісторыка Нормана Дэвіса "Зніклыя каралеўствы. Гісторыя напаўзабытай Еўропы" (Vanished Kingdoms: The History of Half-Forgotten Europe) пабачыла свет увосень. Таўшчэзны том апавядае пра 15 дзяржаў, якія існавалі на еўрапейскіх абшарах на розных этапах гісторыі, але ўрэшце капітулявалі ў барацьбе за выжыванне: ад Каралеўства вестготаў на поўдні Францыі (5 ст. н.э.) да Савецкага Саюзу.

Асобны раздзел кнігі прысвечаны гісторыі і спадчыне Вялікага Княства Літоўскага, а таксама лёсу нацыяў, якія з яго выйшлі. Пры гэтым, у адрозненне ад большасці замежных гісторыкаў, якія дзесяцігоддзямі ігнаравалі беларускі складнік у княстве, Дэвісава мадэль ВКЛ - беларусацэнтрычная.

"Чаму пры разглядзе ВКЛ я ўзяў за аснову сучасных беларусаў? Найперш таму, што беларускія землі складалі аснову княства. Апроч таго я хацеў зацікавіць чытачоў, якія прызвычаіліся бачыць знак роўнасці паміж гістарычнай Літвой і сучаснай, а гэта не так", - адзначыў на прэзентацыі аўтар.

Брытанскі гісторык Дэвіс называе ВКЛ "дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай" адносна паняццяў таго часу, а таксама пагаджаецца з меркаваннем, што заможных і адукаваных жыхароў "дзяржавы ад Чорнага да Балтыйскага мора" можна назваць палітычнай нацый. Пры гэтым тыя, хто лічылі сябе літвінамі, маглі мець рознае этнічнае паходжанне, размаўляць на розных мовах. Калі ў 18-20 стагоддзях пачалі фармавацца сучасныя нацыі, з калыскі ВКЛ (якая на той час ўжо знікла ў абдымках Расійскай імперыі) паўсталі пяць нацыянальных рухаў: літоўскі, беларускі, украінскі, польскі і габрэйскі. Сёння, на думку Дэвіса, чатыры краіны могуць лічыць сябе пераемнікамі ВКЛ: Беларусь, Літва, Украіна і Польшча.

Саветы забаранялі беларусам тое, што дазвалялі літоўцам

Дыскусійную частку распачаў шматгадовы старшыня Англа-беларускага таварыства Джым Дынглі, які не ёсць прафесійным гісторыкам, але цудоўна валодае беларускім гістарычным і сучасным кантэкстам.

Каб патлумачыць стаўлення ўладаў Беларусі (і карэннае адрозненне ад Літвы) да прадмету гутаркі, Дынглі працытаваў урывак з нядаўняга выступу ў Мінску намесніка дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі Лукашэнкі прафесара Льва Крыштаповіча. «Калі ў нашу беларускую культуру цягнуць Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх як прадстаўнікоў беларускіх шляхетных родаў. Гэтыя імёны прыналежаць іншай культуры, іншай ментальнасці... Спробы вывесці беларускую ідэнтычнасць з так званага Вялікага Княства Літоўскага ляжаць у баку ад рэальнага працэсу нашага духоўнага ўмацавання і развіцця», - адзначыў Крыштаповіч.

Дынглі прыгадаў, як на пачатку 1990-х беларускія і літоўскія навукоўцы мелі намер стварыць супольную гісторыю ВКЛ, аднак да яго рэалізацыі справа не дайшла. Тым часам, па шэрагу прынцыповых пытанняў яны дагэтуль выказваюць канцэптуальныя разыходжанні. Сярод іншых лідар Англа-беларскага таварыства нагадаў пра лёс Вільні, якую Сталін аддаў літоўцам ў 1939-м наўзамен на размяшчэнне ў Літве савецкіх вайсковых баз.

Разважаючы пра тое, чаму літоўская гістарыяграфія апярэдзіла беларускую, Дынглі адзначыў, што за савецкім часам, напрыклад, літоўцы свабодна вывучалі і пісалі пра ВКЛ, а вось ў БССР згадваць княства можна было мімаходзь і ў выключна негатыўным кантэксце.

Літоўцы дамінавалі ў палітыцы, беларусы - ў культуры

Літоўскія гісторыкі прафесар Зеонас Норкус (Віленскі ўніверсітэт) і доктар Гінтаўтас Слесарунас (Літоўскі інстытут гісторыі) прапанавалі адысці ад "панеўрапейскай з лёгкім беларускім ухілам" канцэпцыі Дэвіса і зірнуць глыбей.

Спецыялісты перавялі размову у вузкую гістарычную плоскасць, засяродзіўшы ўвагу на спецыфічных працэсах і дэталях, не зразумелых для 95% прысутных у зале. Гучалі вядомыя тэзы пра балцкае паходжанне тэрміна "Літва", знаходжанне Вільні на этнічнай балцкай тэрыторыі і інш. Пры гэтым літоўцы падкрэслена карысталіся беларускімі гістарычнымі картамі, аперавалі інфармацыяй з беларускіх выданняў і адмаўлялі датычнасць да "літоўскай нацыяналістычнай гістарыяграфіі"

Сярод іншага, з вуснаў Слесарунаса прагучала, што ў ВКЛ балты дамінавалі ў палітыцы, а продкі цяперашніх беларусаў - ў культуры.

З запоўненай залы пыталіся пра ДНК нашчадкаў ВКЛ, старабеларускую мову як афіцыйную, і пра стаўленне літоўцаў да беларускай "Пагоні". "Нагадаю, змена сімволікі ў 1995-м была ініцыятывай Лукашэнкі, а не Літвы. Калі беларускі народ палічыць патрэбным зноў вярнуць гістарычныя сімвалы, мы дакладна не будзем супраць", - адказаў Зеонас Норкус. Пры гэтым ён пажартаваў, што калі гербы ў нас падобныя, то ў якасці сцяга Літва ўзяла трыкалор: "Сцяг ВКЛ - вольны".

Захад робіць працу Беларусі

Цягам дзесяцігоддзяў беларускія і літоўскія гісторыкі змагаліся за права пераемнасці спадчыны ВКЛ. Яшчэ напрыканцы 19 стагоддзя літоўцы, якія апярэдзілі беларусаў з нацыянальным адраджэннем, атрымалі падтрымку расійскіх імперскіх, а потым і савецкіх ідэолагаў, дзякуючы чаму ім удалося распаўсюдзіць уласную трактоўку гісторыі.

Першым гэты міф для заходняга свету пахіснуў амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр. У кнізе "Рэканструяванне нацыяў: Польшча, Украіна, Летува, Беларусь (1569-1999)" ён па-навуковаму бесстаронна адлюстраваў месца і ролю беларусаў у ВКЛ, патлумачыў прычыны, чаму беларусы прайгралі літоўцам ідэалагічную бітву за спадчыну княства.

Увосень нароўні з працай Дэвіса выйшла кніга іншага брытанскага гісторыка Эндру Уілсана "Belarus: The Last European Dictatorship" ("Беларусь: апошняя еўрапейская дыктатура"), у якой таксама адлюстравана значная роля продкаў сучасных беларусаў ў гісторыі ВКЛ.

Варта нагадаць яшчэ англамоўныя даследаванні ў гісторыі ВКЛ выкладчыка Садэртонскага ўніверсітэта (Стакгольм) беларускага паходжання Андрэя Катлярчука, каб прыйсці да высновы: пакуль беларуская дзяржава змагаецца з іншадумцамі, заходнія даследчыкі папулярызуюць яе гістарычную спадчыну. За 20 суверэнных год Інстытут гісторыі Беларусі НАН так і не здолеў выдаць акадэмічную "Гісторыю Беларусі" па-ангельску.

Дарэчы, уся дыскусія ў Лондане адбывалася па-ангельску, без перакладу. Арганізатарамі мерапрыемства выступіла Школа славянскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Ўніверсітэцкага каледжа Лондана і пасольства Літвы ў Вялікабрытаніі. Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска на імпрэзе заўважаны не былі.

Кастусь Лашкевіч, "Тут і цяпер"