
Беларускія студэнты, якія вучацца ў Гданьску (Польшча) па праграме Кастуся Каліноўскага спрабавалі перадаць лісты з подпісамі ў абарону Сяргея Каваленкі ў беларускае консульства.
250 подпісаў былі сабраныя цягам трох дзён сярод студэнтаў Гданьскага ўнівэрсітэта.
Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў генеральны консул Аляксей Швед. Ён пачаў цікавіцца ці ёсць дазвол у студэнтаў на правядзенне акцыі, а потым пачаў пагражаць, што выкліча паліцыю.
Калі гэта ніякім чынам не паўплывала на намер беларускіх грамадзянаў перадаць паперы ў абарону палітвязня, чыноўнік адказаў, што ня мае паўнамоцтваў, каб узяць сабраныя подпісы.
У выніку сабраныя подпісы даслалі прыарытэтным лістом на адрас консульства ў Гданьску.
Адзін з ініцыятараў кампаніі Сяргей Гумінскі паведаміў “Народнай Волі”: "Наша акцыя мусіла шырока азнаёміць польскі студэнцкі асяродак з трагедыяй сям'і Каваленкі й аказаць уплыў на ўлады Беларусі з мэтай безумоўнага пераводу Сяргея Каваленкі ў шпіталь, а таксама адмяніць прысуд”.