У Вільні распачаўся “Беларускі тыдзень”

19 сакавіка ў будынку Віленскага гарадскога самакіравання распачаўся “Беларускі тыдзень”. Першым яго мерапрыемствам стала выстава маладой мастачкі Таццяны Дзянісавай “Сны і рэальнасць”.

19 сакавіка ў будынку Віленскага гарадскога самакіравання распачаўся “Беларускі тыдзень”. Першым яго мерапрыемствам стала выстава маладой мастачкі Таццяны Дзянісавай “Сны і рэальнасць”. Мэр Вільні Артурас Зуокас, які наведаў выставу, падкрэсліў сімвалічнасць назвы адносна беларускай рэчаіснасці: “Я спадзяюся, што незалежнасць і свабода ў Беларусі стануць не толькі сном, але і рэальнасцю”.

Мэр Вільні Артурас Зуокас, Таццяна Дзянісава, старшыня Камітэта па замежных справах Сойма Літвы Эмануэліс Зінгерыс

Гэта ўжо не першы раз, калі беларусы святкуюць сваё нацыянальнае свята па-за межамі роднай краіны. У прыватнасці, старшыня Камітэта па замежных справах Сойма Літвы Эмануэліс Зінгерыс так пракаментаваў гэтую з’яву: “За бел-чырвона-белы сцяг чалавек сядзіць у турме і знаходзіцца пры смерці. Я думаю, у беларусаў ёсць масавая падтрымка сярод літоўскай інтэлігенцыі, якая бачыць у дзеяннях сучасных уладаў прыгнёт беларускага народа”.

На адкрыцці “Беларускага тыдня” таксама прысутнічалі амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, дыпламаты з амбасадаў Чэхіі і Польшчы, экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, прадстаўнікі беларускай эміграцыі і мясцовай дыяспары. Удзельнічалі і сябры моладзевай асацыяцыі StudAlliance, студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, а таксама прарэктар ЕГУ па міжнародным развіцці Дарыюс Удрыс.

Амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас

Прэзідэнт моладзевай асацыяцыі StudAlliance і суарганізатар святкавання “Беларускага тыдня” Кірыл Атаманчык так пракаментаваў адкрыццё:

- У беларусаў Вільні даўно не было такіх магчымасцяў для кансалідацыі. Свята беларускай незалежнасці з’яўляецца каштоўнасцю для ўсіх нас, і я вельмі рады, што такія важныя даты для гісторыі Беларусі ўсіх нас аб’ядноўваюць. На адкрыцці мы бачылі шмат гасцей з Беларусі, якія з цяжкасцямі дабіраліся сюды, праз наўмысныя забароны. Тут жа мы чулі цёплыя словы падтрымкі і салідарнасці з літоўскага боку. Я веру ў тое, што хутка сітуацыя зменіцца, і мы будзем прымаць гасцей з Літвы на афіцыйным святкаванні Дня Волі ў Беларусі. Усё яшчэ наперадзе!

Зарганізаваны  дэмакратычнай супольнасцю пры падтрымцы віленскага гарадскога самакіравання “Беларускі тыдзень” адбудзецца з 19 па 25 сакавіка 2012 года. Тыдзень улучае ў сябе шэраг мерапрыемстваў:

У сераду, 21 сакавіка ў парламенце Літвы пройдзе круглы стол, прысвечаны тэме еўрапейска-беларускіх узаемадачыненняў на сучасным этапе.

23 сакавіка, у пятніцу, адкрыецца выстава “Невядомая БНР”. Першая частка адбудзецца аб 11.00 у Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы, а другая – а 13.00 у будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Урачысты прыём і святочны канцэрт з нагоды Дня волі пройдзе ў Віленскай гарадской Ратушы ў суботу, 24 сакавіка, а 15.00. У нядзелю а 12 гадзіне запланаванае ўрачыстае ўскладанне кветак да магілаў падпісантаў Акта аб абвяшчэнні незалежнасці БНР. Завяршае мерапрыемствы “Тыдня” супольны аўтапрабег пад нацыянальнымі беларускімі і літоўскімі сцягамі.

Настасся Сяменчык, паводле ru.DELFI.lt

Фотаздымкі: Марыі Герыловіч,  ru.DELFI.lt