Польшча падтрымае адукацыю па-беларуску

Праграма тычыцца найперш беларускай меншасці, але скарыстацца ёй змогуць і беларусы з усяго Свету. Пачатак стратэгіі развіцця адукацыі для беларускай меншасці паклала сустрэча ў Беластоку з удзелам намесніка Міністра адукацыі Польшчы Міраслава Селятыцкага.

На ёй прысутнічалі і прадстаўнікі арганізацый беларускай меншасці, сярод якіх доктар гістарычных навук, дзеяч беларускага руху ў Польшчы Алег Латышонак.

Алег Латышонак: “Сустрэліся людзі, якія займаюцца беларускай асветай на ўсіх узроўнях: пачынаючы ад дзіцячых садкоў і заканчваючы вышэйшай адукацыяй. Гэтая сустрэча вызначыла напрамак дзеяння. Міністэрства ў сваёй Дэкларацыі пацвердзіла, што будзе спрыяць развіццю адукацыі па-беларуску”.

Беларуская меншасць у Польшчы – другая па колькасці пасля нямецкай – гэта больш за 47 тысяч чалавек. Аднак раней за беларусаў падобныя стратэгіі былі распрацаваныя не толькі для немцаў, але і для літоўцаў і ўкраінцаў. Цяпер, як сцвярджае намеснік Міністра адукацыі Польшчы Міраслаў Селятыцкі, улічваючы досвед Міністэрства ў распрацоўцы падобных дакументаў, стратэгія для беларусаў будзе створаная хутчэй за папярэднія.

Міраслаў Селятыцкі: “На кожную з ужо распрацаваных стратэгій мы затрацілі каля года. Цяпер жа, дзякуючы таму досведу, які маем, гэта справа зойме некалькі месяцаў. Тым больш, асноўныя пытанні ў стратэгіях паўтараюцца: гэта распрацоўка праграм для школ і садкоў, у якіх вывучаюць мову меншасці, дапамога ў стварэнні і абнаўленні падручнікаў, падрыхтоўка настаўнікаў і матэрыялаў для экзаменаў”.

Прадстаўнікі беларускай меншасці чакаюць, што згодна са стратэгіяй польскі ўрад не толькі будзе спрыяць развіццю беларускамоўнай адукацыі, але і падтрымае беларускую школу фінансава.

“Зараз мы мусім абнаўляць падручнікі, з імі вельмі шмат працы. Напрыклад, у выдавецтве ляжыць падручнік для першых класаў пачатковай школы, а грошай яго выдаць няма. Чакаем, што нарэшце вырашэнне гэтай ды іншых праблем знойдзецца”, - распавядае Алег Латышонак.

Міністрэства адукацыі са свайго боку абяцае даць грошы не толькі на падручнікі. Праўда, пакуль стратэгія не распрацаваная, гаварыць пра нейкія канкрэтныя сумы зарана, - лічыць Міраслаў Селятыцкі.

Міраслаў Селятыцкі: “На падручнікі для школ нацыянальных меншасцяў мы заўжды выдаткоўваем сродкі. Калі скончым працаваць над стратэгіяй, кожнаму пункту будзе адпавядаць канкрэтная сума. Так, мы яшчэ даплачваем выкладчыкам мовы нацыянальнай меншасці, дапамагаем папаўняць бібліятэку, выдзяляем агульныя грошы на падтрымку ўстановы адукацыі”.

Па словах Селятыцкага, у польскіх школах з беларускай мовай навучання могуць вучыцца не толькі прадстаўнікі беларускай меншасці, але і дыяспары.

Міраслаў Селятыцкі: “Стратэгія распрацоўваецца для беларускай меншасці, але мы б хацелі, каб праграмай маглі карыстацца і тыя беларусы, якія нарадзіліся па-за межамі Польшчы і пераехалі сюды. Каб яны мелі магчымасць вывучаць родную мову не толькі ў Падляшскім ваяводстве, але і ў Варшаве. Мы будзем спрыяць, каб эмігранты з Беларусі, Літвы, Украіны вывучалі ў Польшчы свае мовы не толькі таму, што тут існуюць такія нацыянальныя меншасці, але і таму, што гэта нашы суседзі”.

Паводле апошніх дадзеных Міністэрства адукацыі, у Польшчы беларускую мову, як мову нацыянальнай меншасці, вывучае 3041 вучань. Навучанне адбываецца ў 23 пачатковых школах, 15 гімназіях, 3 сярэдніх школах і 3 дзіцячых садках Падляшскага ваяводства.

belhouse.org