Амерыканская пісьменніца: беларуская мова самая прыгожая ў свеце

Прапануем вашай увазе меркаванні аб беларускай мове пісьменніцы і перакладчыцы са штату Паўночная Караліна (ЗША), рэдактаркі часопіса "Навіны" Паўднёва-Амерыканскай Асацыяцыі беларускіх даследаванняў, нейрафізіёлага Джасцін Ралей (Justin Rawley).

Прапануем вашай увазе меркаванні аб беларускай мове пісьменніцы і перакладчыцы са штату Паўночная Караліна (ЗША), рэдактаркі часопіса "Навіны" Паўднёва-Амерыканскай Асацыяцыі беларускіх даследаванняў, нейрафізіёлага Джасцін Ралей (Justin Rawley).

Telegraf.by: Чым вас зацікавіла беларуская мова? Чаму вы вырашылі яе вывучаць?

Ралей: Я займаюся беларускай мовай толькі для сябе, але ж нядаўна стала рэдактарам часопіса "Навіны" Паўднёва-Амэрыканскай Асацыяцыі беларускіх даследаванняў. Гэта – ангельска-беларускамоўны часопіс, хаця час ад часу, мы друкуем артыкулы на расійскай і польскай мовах.

Я пачала цікавіцца расійскай мовай з 15 гадоў, але не мела магчымасці размаўляць на ёй, бо не было расійскамоўных людзей ў тым месцы, дзе я жыла. Прыкладна 15 гадоў таму назад, з’явілася шмат эмігрантаў з былога Савецкага Саюза ў нашым раёне, і тады я пачала вывучаць расійскую мову больш сур'ёзна. Калі я гаварыла з гэтымі рускамоўнымі людзьмі, то таксама даведалася больш пра розныя рэспублікі былога Савецкага Саюза. Пазнаёмілася з беларусамі, і запытала іх, ці існуе асобная беларуская мова? Калі я ўпершыню пачула яе, вырашыла, што я хачу, і павінна вывучаць яе, бо палічыла што, яна найпрыгажэйшая мова ў свеце (з усіх, якія я чула). Вось так я пачала вывучэнне беларускай мовы. Я часта жартую, што можа быць я гаварыла на ёй у мінулым жыцці, і таму адчуваю такое моцнае прыцягненне да яе.

Напачатку я шукала матэрыялы, падручнікі, запісы і гэтак далей у інтэрнэце – i адразу знайшла падручнік для ангельскамоўных людзей Юркі Станкевіча. Я выкарыстоўвала яго для самастойнага вывучэння мовы, потым пачала займацца беларускай мовай праз Скайп, раз на тыдзень, з Хрысцінай, а потым, з Ірынай Марачкінымі, настаўніцамі, якія жывуць ў Менску. Гэтыя заняткі працягваліся амаль два гады і былі вельмі карысныя для мяне.

Тры гады таму назад Цэнтар беларускіх даследаванняў ў Паўднёва-заходнім каледжы Канзаса, абвесціў Першую Міжнародную летнюю школу беларускіх даследаванняў ў Гайнаўцы, Польшча. Я паступіла і ўдзельнічала ў гэтай школе, яна стала для мяне першым інтэнсіўным досведам, пад час якога, я размаўляла кожны дзень па-беларуску і жыла паміж беларускамоўных людзей. Пасля школы, студэнты мелі магчымасць паехаць на кароткі тур па Беларусі, а таксама ў Вільню (Літва).  Наша група правяла тры дні ў Менску і пасля гэтага я вырашыла што, я б хацела працягваць вывучэнне расейскай і беларускай моў у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Ірына Марачкіна дапамагла мне запісацца ва ўніверсітэт і знайсці кватэру ў Менску.  Без яе, я б проста не змагла aжыццявiць маю мару, жыць ў Беларусі. Такім чынам, пры яе дапамозе, я жыла і вывучала мову ў Менску шэсць месяцаў у 2010 годзе.

Mушу сказаць, што мой досвед на Беларусі меў перш за ўсё культурніцкі характар. Мае настаўніцы ва ўніверсітэце, якія выкладалі мне на расейскай і на беларускай мовах, былі выдатнымі. Я таксама мела магчымасць глядзець п’есы на беларускай мове ў тэатры Янкі Купалы, вывучаць беларускае літаратурнae вымаўленне з Зінаідай Бандарэнкай і мастацтва з Аляксеем Марачкіным. Мае сябры пазнаёмілі мяне з народнымі танцамі ў клубе “Жар-Птушка”, што ў Парку Горкага. Я сустракалася з Алесем Разанавым, калі ён прыязджаў у Менск на Mіжнародную канферэнцыю беларусістаў, і абмяркоўвала з ім два мае пераклады ягоных твораў, над якімі я працавала пад час майго побыту ў Менску. Пасля гэтага, я адразу вярнулася ў Гайнаўку на Другую Міжнародную летнюю школу беларускіх даследаванняў. Там я прабыла пяць тыдняў, разам з сям’ёй, адной з маіх настаўніц беларускай мовы.

Зараз я працягваю вывучэнне беларускай мовы і літаратуры з Надзеяй Нортан (Сычуговай) з Менску, яна на працягу двух гадоў была запрошаным даследчыкам у Цэнтры беларускіх даследанняў ў Канзасе, і зараз жыве ў Каліфорнiі. Таксама трымаю кaнтакт cа сваімі сябрамі ў Менску і Польшчы. У гэтым годзе ізноў адбудзецца ўжо Трэцяя Міжнародная летняя школа беларускіх даследаванняў у Гайнаўцы, у якой я планую ўзяць ўдзел  яшчэ раз.

Telegraf.by: Як вы ацэньваеце моўную сiтуацыю ў Беларусі?

Ралей: Я мела магчымасць бачыць гэтую сітуацыю з пазіцыі назіральніка – як замежны чалавек. І заўважыла што, ёсць людзі, яны сустракаюцца рэдка, якія лічаць беларускую мову сваёй першай і галоўнай мовай. Для іх, расійская мова знаходзіццa на другім месцы. Іншыя размаўляюць на абедзвюх мовах, але яны таксама сустракаюцца не часта. Ёсць жыхары Беларусі, якія паходзяць з іншых былых савецкіх рэспублік, якія не ведаюць беларускай мовы.

Мне здаецца, што большасць беларусаў майго ўзросту валодаюць беларускай мовай толькi на школьным узроўні, або ўвогуле абыякава ставяцца да яе. Сёння, iснуюць суполкі сярод моладзі, якія імкнуцца паставіць беларускую мову на першае месца ў жыцці, але ёсць іншaя моладзь, якaя абыякавая да беларускай мовы. Сярод людзей, якіх я сустракала на Беларусі, былі такія, якія здзіўляліся, што замежнік хацеў бы вывучаць беларускую мову, aле былі і такія, хто казаў мне, што беларуская мова не існуе, іншыя лічылі, што зараз мова занадта змешана з расійскай мовай, і таму яе можна лічаць толькі дыялектам. Сустракаліся і такія, што не размаўляюць і не разумеюць па-беларуску, часта блытаюць яе з польскай мовай (улучаючы эмігрантаў). Таксама ёсць людзі, якія глыбока шануюць беларускую мову, гісторыю і культуру Беларусi. Сярод шматлікіх разнастайных момантаў пад час майго жыцця на Беларусі, я асаблiва добра памятаю тры прыклады, якія добра падкрэсліваюць моўную сітуацыю  на Беларусі.

Аднойчы, ў банку напрыканцы працоўнага дня, я стаяла ў чарзе, калі з’явілася жанчына. Яна выглядала трошкі старэйшай за мяне.  Як я памятаю, яна запытала па-расійску, ці можна стаць перад кімсьці ў чарзе. Увогуле, людзі не дазвалялі ёй гэтага зрабiць. Я сама сказала па-беларуску што, ўжо чакаю 40 хвілінаў. Яна ж растлумачыла, што яна павінна сустрэцца са сваім сынам праз некалькі хвілін, і яна бы не прасіла, калі б гэта не было сапраўды вельмі важна. Пры гэтым я заўважыла, што яна хвалявалася трошкі, і мне здалося, што гэта была шчырая просьба. У выніку я сказала, ну добра, можна. Яна сардэчна падзякавала мне па-беларуску, на маю думку, яна пераключылася на беларускую мову ў знак шанавання.

Перад тым, як выехаць з Беларусі, я вырашыла даслаць шмат рэчаў дадому, асабліва, зімнюю вопратку, запакавала рэчы i панесла некалькі скрыняў на пошту. На шостым месяцы майго навучання ва ўніверсітэце, я вырашыла засяродзіць сваю ўвагу толькі на беларускай мове, таму мне стала цяжка хутка пераключацца паміж дзвюма мовамі. Жанчына у шапіку гаварыла па-расейску і я спыталася, ці я магу звяртацца да яе па-беларуску. Яе рэакцыя на пытанне, на маю думку, сведчыць пра тое, што яна, напэўна, саромелася таго, што не вельмі добра валодае беларускай мовай: яна засмяялася. Жанчына, якая стаяла за мной раззлавалася, і хоць я дакладна не памятаю ўсе яе словы, яна крычала нешта накшталт: “Чаму Вы думаеце што, гэта смешна? Гэтая жанчына хоча размаўляць з Вамі па-беларуску, а вы смеяцеся. Беларуская мова, адна з нашых дзяржаўных моў і Вы павінны валодаць ёй і гэтак далей”. Я з сорамам выйшла, спадзеючыся быць незаўважанай.

Чалавек у кватэры, што месцілася над маёй, рабіў рамонт – час ад часу да глыбокай ночы. Рамонт быў шумным і смярдзючым, асабліва калі ён клаў лак на падлогу. Аднойчы, позна ўвечары, я не вытрымала гэтага, і вырашыла знайсці пакой у гатэлі. Я спыталася ў кансьержкі, ці ёсць самы танны пакой, ці ёсць студэнцкая зніжка, ці засталіся пакоі, для тых, хто не палiць і г. д. Я заплаціла за пакой, і дала ёй пашпарт. Яна са здзіўленнем заўважыла: "Вы маеце амерыканскі пашпарт". Яна была рада даведацца што, ёсць такія замежнікі, якія вывучаюць беларускую мову.

Я ведаю шмат палякаў, некалькі ангельцаў, амерыканцаў і немцаў, якія размаўляюць па-беларуску вельмі добра, і таксама шмат беларусаў, якія нават не прызнаюць сваю мову. Можа быць гэта не зусім справядліва, але я прыдумала такі анекдот: “Як называецца чалавек у Беларусі, які размаўляе па-беларуску? - Замежнік”.

Telegraf.by: Якой вы бачыце будучыню беларускай мовы?

Ралей: Наконт мовы ў Беларусі, мне здаецца, што шмат залежыць ад будучага палітычнага напрамку краіны. Калі я жыла на Беларусі, то заўважыла дзве тэндэнцыі: з аднаго боку, існуе абыякавасць да мовы сярод людзей, і адначасова, ёсць “дыяспара” беларускамоўных людзей у Беларусі, якiя глыбока шануюць беларускую мову і  яе літаратурную спадчыну.  Ёсць беларусы і за мяжой, а таксама, і замежнікі, якія хочуць захаваць беларускую мову і культуру, але яны не шматлікія, і не могуць самастойна выратаваць мову. Тут я б хацела працытаваць Алеся Разанава і зрабіць аналогію з тым, што Беларусь зараз знаходзiцца на раздарожжы паміж Захадам і Усходам (я маю на ўвазе ментальна, а не геаграфічна).

Людзі, якія хочуць захаваць савецкую сістэму і прытрымліваюцца савецкіх ідэяў – да мовы, да культуры – думаюць што, падтрымка мінулага гарантуе ім стабільнасць. Мне здаецца, што яны думаюць калі стануць часткай Расіі, то змогуць адбудаваць Савецкую імперыю і тым самым узняцца на больш вышэйшы ўзровень жыцця. На жаль, гэта не можа быць роўнае суiснаванне. Яны не заўважаюць, што Расія ўжо даўно прайшла гэты савецкі перыяд яе гісторыі. Іншыя людзі хочуць супрацоўніцтва з Еўропай, можа нават стаць сябрам Еўрапейскага звязу, пры гэтым захаваць сваю асобную беларускую ідэнтычнасць і культуру. Існуе таксама група людзей, якія хочуць стаць асобнай краінай, незалежнай ад эканамічнага ўплыву іншых краінаў.

Я думаю што зараз, выбар апошняга – быў бы самым цяжкім шляхам. У такім выпадку, застаецца толькі два рэальныя выбары – стаць ізноў "младшим братом России", або стаць асобнай краінай у нейкай еўрапейскай сістэме. Гэта можа быць Еўразвяз, ці іншы саюз ўсходне-еўрапейскіх краінаў. Калі Беларусь будзе працягваць шукаць сваю асобную ідэнтычнасць, то абавязкова адбудзецца Рэнесанс мовы і культуры, і наступнае пакаленне будзе менш абыякавым да сваёй ідэнтычнасці, а больш зацікаўленым быць “беларусамі”.

telegraf.by