У апошнюю суботу лютага ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве адбылося чарговае мерапрыемства. Яно было прысьвечана беларускім дзеячам, якія нарадзіліся ў гэтым месяцы. У таварыстве ўжо стала традыцыяй ўзгадваць тых, хто адышоў у іншы свет.
24 лютага 1922 года памёр Ядвігін Ш (Антон Лявіцкі).
Жыццё і дзейнасць ягоныя зьвязаныя з Вільняй. Тут напачатку ХХ стагоддзя выходзіла газэта «Наша Ніва», на старонках якой друкаваліся ўспаміны і артыкулы Ядвігіна Ш.
Пісьменнік пахаваны на віленскіх могілках «Росы». Ягоную магілу вельмі лёгка знайсці. Яна знаходзіцца адразу пры ўваходзе: першы помнік, на якім напісана па-беларуску.
Да яго ніколі не зарастае сцяжына: прыходзяць вучні беларускай школы, прыязджаюць госці з Беларусі, а таксама беларусы з замежжа. Пра яго зрабіла паведамленне Леакадзія Мілаш.
Леакадзія Мілаш
У лютым споўнілася 75 год з дня народзінаў Міхася Стральцова. Лёсам яму было наканавана кароткае жыццё, але колькі паспеў зрабіць! Пакінуў багатую літаратурную спадчыну: аўтар эсэ «Загадка Багдановіча», у зборніку «Жыццё ў слове» даследуе і асэнсоўвае ўрокі спадчыны Фр. Багушэвіча, М. Багдановіча, К. Чорнага, Я. Купалы, Я. Коласа. Аўтар дзяржаўнай прэміі Беларусі.
11 лютага споўнілася 205 год з дня народзінаў Напалеона Орды, пра якога шырокаму колу людзей стала вядома ў 2007 годзе, калі адзначалі 200-гадовы юбілей з яго дня нараджэння. Тады гэты дзень быў уключаны ў спіс памятных датаў ЮНЭСКА, былі выдадзеныя маркі, срэбныя манеты, названыя вуліцы ў Мінску, Брэсце, Гродне. Пра Наполеона Орду з паведамленнем выступіў чалец таварыства Валеры Радзюкевіч. Затым некалькі песень праспявала Ксенія Мілаш, сваім выступам яна ўпрыгожыла мерапрыемства.
Валеры Радзюкевіч
Спявае Ксенія Мілаш
Таксама на імпрэзе выступаў з дакладам адзін з самых актыўных сябраў Таварыства Алесь Адамковіч. Ён вывучае жыццё і дзейнасць беларускіх святароў. І паколькі тэма мала даследаваная, да яго заўжды бывае шмат пытанняў. Гэтым разам Алесь расказаў пра айцоў-марыянаў Андрэя Цікоту і Уладзіслава Талочку.
Алесь Адамковіч
Андрэй Цікота нарадзіўся ў сялянскай сям'і, скончыў духоўную семінарыю ў Мінску, а потым і ў Пецярбургу, генерал ордэну марыянаў. У 1948 годзе арыштаваны. Яго вярбавалі, прапаноўвалі стаць праваслаўным святаром, але ён адмовіўся. «Пакіньце мяне і дайце спакойна памерці», – быў ягоны адказ.
11 лютага 1952 года ксёндз Андрэй Цікота памёр у адным з лагероў.
Святар Уладзіслаў Талочка адзін з першых пачаў весці набажэнствы па-беларуску, выкладаў рэлігію, узначаліў рэлігійную газэту, супрацоўнічаў з газетай «Крыніца», уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы, да яго прыхільна адносіліся ўлады.
У 1938 годзе адбыўся разгон у Вільні беларускіх святароў. Уладзіслава Талочку выслалі ў Беласток, а перад вайной ён вярнуўся ў Вільню. Пражыць яму засталося ўсяго некалькі год.
У лістападзе 1942 года Уладзіслаў Талочка памёр. Ён пахаваны на віленскіх могілках «Росы».
Зараз ТБК часта праводзіць для беларусаў замежжа экскурсіі, у якіх магіла ксяндза займае асобнае мейсца, бо ягонае жыццё і дзейнасць заслугоўваюць пашаны і з'яўляецца прыкладам любові да роднай мовы.
Галоўная падзея гэтага месяца – устаноўчы з'езд Таварыства Беларускай Культуры, які адбыўся 4 лютага 1989 года ў Вільні, а 27-га Хведар Нюнька напісаў заяву ў Міністэрства культуры Літвы, каб перадалі Базыльянскія муры. Гэта адбылося 23 гады назад. Здаецца, было гэта нядаўна, а ўжо стала гісторыяй. Пра дзейнасць Таварыства можна сказаць, што зроблена і напісана вельмі шмат. На працягу 23 гадоў старшынёю Таварыства абіраецца Хведар Нюнька. У сваім выступленні ён ўзгадаў першыя гады дзейнасці, падрабязна расказаў пра апошні год.
«Мы захавалі нашую тоеснасць, нашыя прынцыпы, мы адданыя адной ідэі, ад якой не адхіліліся. У Таварыстве нацыянальныя сімвалы – герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. Пазіцыя самая актыўная і не мяняецца», – адзначыў у сваім выступленні Хведар Нюнька.
Неяк старшыня ТБМ Алег Трусаў сказаў: «Хведар Нюнька – гэта Вільня». З ім нельга не пагадзіцца. Да яго звяртаюцца за парадамі, за дапамогай, прыходзіць моладзь, з ім заўжды цікава, ён у курсе падзеяў, якія адбываюцца ў свеце, яму дасылаюць новыя кнігі, якія адразу чытаюцца.
Вольга Мікалайчык
На лютаўскай імпрэзе таксама прысутнічала госця з Мінска, вядормы рэжысёр Вольга Мікалайчык. Яна расказала пра працу над апошнімі фільмамі, пасля адбылася прэзентацыя ў ТБК.
Леакадзія Мілаш, Вільня