Лонданскія беларусы адзначылі Дзень роднай мовы

25 лютага ў беларускім рэлігійна-культурным цэнтры ў Лондане адбылася вечарына, прысвечаная Дню роднай мовы. Беларусы і брытанцы чыталі беларускую і ангельскую паэзію ў арыгінале і ў перакладах, прызнаваліся ў любові да роднай мовы і абяцалі захоўваць яе нават за тысячы кіламетраў ад радзімы.

25 лютага ў беларускім рэлігійна-культурным цэнтры ў Лондане адбылася вечарына, прысвечаная Дню роднай мовы. Беларусы і брытанцы чыталі беларускую і ангельскую паэзію ў арыгінале і ў перакладах, прызнаваліся ў любові да роднай мовы і абяцалі захоўваць яе нават за тысячы кіламетраў ад радзімы. На імпрэзе пабываў карэспандэнт TUT.BY. Дзень роднай мовы быў абвешчаны на 30-й сесii ЮНЭСКА ў лiстападзе 1999-га і з таго часу штогод адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага. Для беларускіх асяродкаў за мяжой "матчына мова" - больш, чым проста сродак зносiнаў. Гэта кутны камень нацыянальнай iдэнтычнасці і своеасаблівы маркер неабыякавасці да традыцыяў і лёсу бацькаўшчыны. 25 лютага паўсотні беларусаў і брытанцаў адгукнуліся на запрашэнне Англа-беларускага таварыства, каб адзначыць Дзень роднай мовы ў беларускім рэлігійна-культурным цэнтры ў лонданскім раёне Паўночны Фінчлі. У першай частцы вечарыны прысвячэнне беларускай мове падрыхтавалі дзеткі брытанскіх беларусаў. Усе яны нарадзіліся на Туманным Альбіёне (большасць – у мяшаных сем’ях) і гадуюцца ў англамоўным асяроддзі. Нягледзячы на гэта, многія з іх не толькі ведаюць пра існаванне беларускай мовы, але і разумеюць па-беларуску, а некаторыя могуць і размаўляць.

Выступае Аня Карстэрз

“Канешне, вельмі няпроста навучыць дзяцей гаварыць па-беларуску ў змяшанай сям’і, без беларускамоўнага асяродку, - распавёў карэспандэнту TUT.BY адзін з лідараў беларускай грамады ў Вялікабрытаніі Васіль Еўдакімаў. - Раней мы мелі школку, дзе раз на месяц з дзецьмі займалася настаўніца. Гэтага, вядома, мала, але лепш, чым нічога. Апроч таго, даволі цяжка патлумачыць дзецям, нашто я вучу іх беларускай, калі ў самой Беларусі амаль усе размаўляюць па-расійску”.

Васіль Еўдакімаў з трыма сынамі

На імпрэзу спадар Васіль прыехаў з трыма сынамі - Франакам, Алесем і Маркусем. Беларускія вершы на незразумелай для хлапцоў кірыліцы бацька перапісаў лацінкай. Апроч іх апладысменты публікі зрывалі Мікола і Каця Эдвардз, Ева Дафі і Аня Карстэрз, Паўлінка і Антон Мацко. Самыя маленькія чыталі вясёлы ангельскі фальклор і ўрыўкі з Льюіса Кэрала (па-ангельску і ў перакладзе на беларускую), больш дарослыя – беларускую класіку.

“У нас шмат беларускіх кніжак, але вельмі нямногія з іх могуць зацікавіць маіх дзяцей, - тлумачыць арганізатарка дзіцячай імпрэзы Караліна Мацкевіч. – Тут я маю на ўвазе як літаратурнае змесціва, гэтак і мастацкае афармленне выданняў. Гэта праблема”.

У цэнтры - Караліна Мацкевіч

У другой частцы праграмы надышоў час дарослых. Кожны ахвочы мог прачытаць вершы на сваёй роднай мове ды пазмагацца за сімвалічныя грашовыя прызы, усталяваныя ў гонар першага рэктара Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта ім. Сахарава (Мінск) Аляксандра Люцко.

Прысутныя выбіралі найлепшых чытачоў вершаў адкрытым галасаваннем

З адмысловым міні-канцэртам выступіў брытанскі паэтычны гурт The Manifold Voices. Ля вытокаў суполкі і аднайменнага часопіса стаяла ангельская паэтка і перакладчыца Вера Рыч (1936-1999). Аўтарка першай у свеце анталогіі перакладаў беларускай паэзіі на ангельскую мову ("Like Water, Like Fire", 1972), Рыч цягам усяго жыцця набліжала нашу літаратуру да англамоўнага чытача і сябравала з беларускай грамадой у Вялікабрытаніі.

The Manifold Voices

У зале гучала паэзія Купалы і Коласа, Багдановіча, Гаруна, Караткевіча, Танка, Янішчыц, Барадуліна, Гілевіча, Бураўкіна, Тараса, Шалкевіча, Хадановіча і іншых.

Адна з арганізатарак імпрэзы Алена Эдвардз

“Амаль 70 год я жыву па-за межамі Беларусі, аднак роднай мовы не забыўся, - адзначыў у прамове патрыярх беларускай грамады на Туманным Альбіёне, рэктар Беларускай каталіцкай (уніяцкай) місіі ў Лондане айцец Аляксандр Надсан. Дарэчы, апроч роднай ён валодае яшчэ дзясяткам замежных моў. - На эміграцыі мы заўжды імкнуліся захаваць родную мову. Аднак мы не можам зрабіць так, каб яна пачала развівацца там, дзе мае быць - на Беларусі. Я паважаю расейскую мову, але ў Беларусі яе выкарыстоўваюць для знішчэння беларускай. Гэта трагедыя нашага народу”.

Айцец Аляксандр Надсан

Айцец Аляксандр, які ў свае 86 пільна сочыць за падзеямі ў Беларусі праз інтэрнэт, звярнуў увагу на дзве гучныя падзеі апошніх дзён: адбор на “Еўрабачанне” і суд над віцебскім актывістам Сяргеем Каваленкам. “Гэта спалучэнне фарсу і трагедыі. Фарс – бо не магу ўявіць, каб, напрыклад, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі займаўся адборам на “Еўравізію”. Трагедыя, бо чалавека, сапраўднага героя, засудзілі толькі за тое, што ён шануе і адстойвае наш нацыянальны сцяг, - сказаў Надсан. - На жаль, менавіта фарс прыцягнуў большую ўвагу людзей. Гэта нагода для нас для ўсіх у чарговы раз падумаць пра каштоўнасці і тое, як іх зберагчы”. На гэтым дні беларускай мовы на Брытанскіх астравах не скончаныя. Як паведаміў старшыня Англа-беларускага таварыства Джым Дынглі, 15 сакавіка ва Ўніверсітэце Эдынбурга адбудзецца навуковая канферэнцыя “У ценю глабальных моў: Моўная сітуацыя ў Беларусі і Шатландыі”. Сярод удзельнікаў - навукоўцы Алена Гапава і Курт Вулгайзэр, пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі Аляксандр Міхневіч і намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Дзяніс Тушынскі.

Справа - старшыня Англа-беларускага таварыства Джым Дынглі

Кастусь Лашкевіч, Андрэй Аляксандраў (фота), ТUT.BY