Наталенне родным словам

Вечарына, прысвечаная Дню роднай мовы, адбылася 21 лютага ў Маскоўскім Доме нацыянальнасцяў. Ва ўтульнай залі сабраліся з паўсотні мясцовых беларусаў, з імі - рускіх, татараў, яўрэяў, гадаванцаў Сінявокае радзімы. На экране-маніторы высвечана агністае  Купалава  двухрадкоўе: "Свабоднае слова ты роднае слова! Зайграй ты смялей весялей!"

Вечарына, прысвечаная Дню роднай мовы, адбылася 21 лютага ў Маскоўскім Доме нацыянальнасцяў. Ва ўтульнай залі сабраліся з паўсотні мясцовых беларусаў, з імі - рускіх, татараў, яўрэяў, гадаванцаў Сінявокае радзімы.

На экране-маніторы высвечана агністае  Купалава  двухрадкоўе: "Свабоднае слова ты роднае слова! Зайграй ты смялей весялей!". Цешаць слых прыцішаныя мелодыі беларускіх спеваў. На сцэне разгорнута  на трох высозных шчытах  кніжная выстава з прыватнае бібліятэкі аднаго з удзельнікаў. Зверху ля важкага тому Скарынавай "Бібліі" прытулілася сціпленька Багушэвіча "Дудка беларуская", факсімільныя камплекты "Нашай Нівы", "Нашай Долі".

Побач і ніжэй - іншыя сведчанні  слотворнага хараства: першавыданне "Белорусов" Яфіма Карскага, рарытэтны "Матчын дар" Алеся Гаруна,  "Маладя Беларусь" Янкі Купалы (у перакладзе на рускую апроч арыгінальных тэкстаў), "Новая зямля" Якуба Коласа на трох мовах (беларускай, рускай, польскай),  унушальныя энцыклапедычныя фаліянты, хрэстаматыі - "Беларуская мова", "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва", "Беларуская энцыклапедыя",  "Даўняя беларуская літаратура".

На другім стэндзе пад прываблівым выданнем  "Беларуская ідэя" - кнігі па гісторыі, філасофіі, грамадскай думцы, мастацтву Беларусі -- Мікалая Улашчыка, Міколы Ермаловіча, Уладзіміра Конана, Майі Яніцкай... Далей - зборнікі беларускай паэзіі, прозы - Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Ларысы Геніюш, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, Міхася Стральцова, Васіля Зуёнка, Максіма Гарэцкага, Васіля Быкава, Вячаслава Адамчыка, Анатоля Кудраўца, Янкі Брыля. Вабяць вокладкі беларускіх перакладаў на ангельскую, французкую, нямецкую мовы, файных анталогій "Краса і сіла", "Галасы з-за небакраю", якія падрыхтаваў паэт Міхась Скобла. Свяцілася на паліцы і брашурка ў бел-чырвона-белай аправе  з "Пагоняй" на вокладцы - матэрыялы Маскоўскага таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны - з парыўчым заклікам да суродзічаў берагчы роднае слова, прырошчваць духоўную спадчыну папярэднікаў, над чым мала-памалу (хацелася б спарней) рупяцца масквічы-беларусы. Прывабна глядзеліся на паліцах найноўшыя недзяржаўныя перыёдыкі – часопіс “Дзеяслоў” і альманах “Асоба і час”. Сёння наша родная мова прыстойна прадстаўлена і ў інтэрнэце, у чым кожны з прысутных мог пераканацца асабіста. Словам, мова хораша глядзелася-гаманіла сама за сябе. Адно шкада – кнігі згаданыя прынеслі на выставу са сваіх прыватных калекцый маскоўскія беларусы, а добра было б, каб яны стаялі ў салідным цэнтры беларускай культуры, былі даступныя і карысталіся шырокім попытам у суайчыннікаў. Будзем спядзявацца, што такі час прыдзе і што беларуская дзяржава будзе дапамагаць умацоўваць пазіцыі роднай мовы.

Уступным зваротам вітаў прысутных Сяргей Кандыбовіч, старшыня нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы". Прамоўца сярод іншага нагадаў пра трывожнае становішча беларускай мовы, занесенай ЮНЕСКА у лік выміраючых.

Каментуючы выставу, д-р Аляксей Каўка звярнуў увагу на горкі парадокс з родным словам  у сучаснай Беларусі, калі дзяржаўная незалежнасць і суверэнітэт падначалены ўшчамленню і прыніжэнню беларускае мовы, маўляў, не здольнай выражаць "вялікія мыслі". Няхай бы, - працягваў, - новаяўленыя апаненты беларушчыны часцей, глыбей заглядвалі на старонкі нашае мастацкае, філасофскае, гісторыяграфічнае класікі, гарнуліся да багатае культуры нацыянальнае. Культуры, якая ўсё ж адбылася, несупынна множыць супраціўляльны асімілятарству патэнцыял і якая прыстойна сведчыць пра свае невычэрпныя духатворчыя магчымасці беларусам і свету.  Тады б, глядзіш,  наша пацешна маўленчая трасянка кшталту "туды еду - ляжыць палена,  назад еду - ляжыт браўно"  за прыкладам нацыянальна ачунялых правіцеляў набывала б належны ўсенародна літаратурны бляск і дасканаласць. Давяршыў вядоўца свае развагі ля выставы цытаваннем палкага ўсплёску паэтычнага Уладзіміра Караткевіча з "Амаль хрысціянскага тосту за ворагаў": "Божа, дай ім даўжэй пажыць,  Хай спаўна аттрубяць свой час.."

Следам  слова роднае  прагучала з вуснаў паэта Міхася Скоблы і салісткі Беларускае філармоніі Таццяны Грыневіч-Матафонавай. Яе крынічны голас ("Паланез Агінскага", рамансы  "Спадчына",  "Мой родны кут"..., "Гори гори моя звезда" - на беларускі лад) варухнуў  ці адну слязіну пад вейкамі слухачоў.

Затым гучэлі вершы Гілевіча, Бураўкіна, Геніюш у кранальнай дэкламацыі Рамана Чырвонцава.

Сваё апавяданне "Чартаўшчына" агучыў Алесь Кажадуб.

На выставе былі таксама прадстаўлены першы (1991г.) і нядаўна надрукаваны нумары “Скарыніча” – літаратурна-навуковага альманаха, які вось ужо 20 гадоў на прыватныя сродкі выдаюць маскоўскія беларусы на чале з Аляксеем Каўкам, расказваючы пра наша беларускае жыццё ў маскоўскім, расійскім і еўрапейскім вымярэннях. Асабліва расчулілі масквічоў госці з Мінска, прачулай падзякай якім завяршыў вечарыну спадар Кандыбовіч.Сваё ўзрушэнне выказаў на неблагой беларускай мове, якой, на жаль, сам празнаўся,  раней праз жыццёвыя абставіны колішняга вайскоўца амаль не паслугоўваўся.

Свята беларускай мовы, беларускага слова – адбылося! Векавечнае "Не пакідайце..!" абуджаецца скрозь і грукае ў нашыя сэрцы. Вёў вечарыну Алесь Глод. Кастусь Атрашэўскі, Віктар Чайчыц Масква