Ірына Базылёва: “Два сэнсы майго жыцця – Бог i Беларусь – сышлiся ў маёй творчай i навуковай дзейнасцi”

Беларускі кампазітар з Санкт-Пецярбурга Ірына Базылёва распавяла пра музычны праект “Пецярбургскі сшытак” на словы беларускіх паэтаў-класікаў, а таксама пра тое, чаму таленавітыя людзі з’язджаюць з Беларусі і што яе натхняе на напісанне песень.

У Санкт-Пецярбургу рыхтуецца да выдання дыск з песнямі на словы беларускіх паэтаў-класікаў. Дыск мае назву “Пецярбургскі сшытак”. Музыку да песень напісала беларускі кампазітар з Санкт-Пецярбурга Ірына Базылёва.

Ірына распавяла пра “Пецярбургскі сшытак” і іншыя праекты па папулярызацыі беларускай культуры, а таксама пра тое, чаму таленавітыя людзі з’язджаюць з Беларусі і што яе натхняе на напісанне песень.

-- Шаноўная спа-ня Ірына, распавядзіце, калі ласка, пра ўдзельнікаў праекту “Пецярбургскі сшытак”. Наколькі я разумею, усе яны родам з Беларусі. Як даўно яны жывуць у Санкт-Пецярбургу, дзе навучаліся?

-- Нашы спевакi скончылi вышэйшыя музычныя ўстановы Пецярбурга - Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю, Iнстытут культуры, Акадэмiю пры Марыiнскiм тэатры. Наталля Удалова, якая спявае песню “Зоры” -  лаўрэат мiжнародных конкурсаў, скончыла Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю па классу вакала, дарэчы яшчэ калi жыла ў Беларусi, спявала адзiн час разам з аркестрам М. Фiнберга. Зараз Наталля зʼяўляецца кiраўнiком музычнай студыi “Гран-пры” i дырэктарам Мiжнароднага конкурса вакалiстаў “Гран-пры Пецярбурга”. Кiрыл Жаровiн, вучыўся ў Акадэмii оперных спевакоў Марыiнскага тэатру, зараз працуе ў тэатры “Зазеркалье”. Марыя Белакурская -- выпускнiца кансерваторыi, выступае з сольнымi канцэртамi, працуе настаўнiкам вакала ў Санкт-Пецярбургскiм педагагiчным унiверсытэце. Вятлана Гарбачова – эстрадная спявачка, лаўрэат шматлiкiх мiжнародных конкурсаў. Але ўсех удзельнiкаў праекта абагульняе цеплае стаўленне да Радзiмы, асэнсаванне таго, як важна не забываць аб сваiх каранях.

-- Як Вы самі апынуліся ў Санкт-Пецярбургу? Ці не хацелі б вярнуцца ў Беларусь?

-- Я зусiм выпадкова трапiла ў Пецярбург, але, як кажуць, нiчога выпадковага не здараецца. Калi я яшчэ вучылася ў Мiнскай музычнай вучэльні, то збiралася паступаць у Мiнскую музычную Акадэмiю i стаць этнамузыколагам, марыла вывучаць беларускiя народныя песнi, хадзiла туды на расшыфроўкi шматгалосных песень i нават напiсала свой першы артыкул пра “Беларускае вяселле” Антона Абрамовiча, якi надрукавалi ў зборнiку Акадэмii. Адначасова пачула ад сваiх знаемых, што ў Пецярбургскай кансерваторыi iснуе аддзяленне Старажытнарускага спеўнага мастацтва, на якiм вывучаюцца старажытныя музычныя натацыi, знаменны распеў, царкоўныя песнапеннi. У той час я прыйшла да праваслаўнай царквы, спявала ў царкоўным хоры i магчымасць паглыбiць свае веды ў гэтым накiрунку i пры гэтым застацца ў спецыяльнасцi музыколага – гэта ўсе здавалася мне знакам звыш, нябесным падарункам. У 1999 годзе, праз год пасля паступлення ў кансерваторыю, у аддзеле рукапiсаў Расійскай Нацыянальнай бiблiятэкі, дзе мы вывучалi старажытныя рукапiсы, мяне заўважыў вядомы беларускi вучоны – фiлолаг i гiсторык Мiкола Нiкалаеў i стаў са мной займацца вывучэннем беларускiх музычных кнiг XVI-XVIII стагоддзяў – Iрмалояў. Так дзве тэмы майго жыцця, два сэнсы, дзеля якiх я iсную – Бог i Беларусь – сышлiся ў маёй творчай i навуковай дзейнасцi, i гэта робiць мяне шчаслiвым чалавекам. Пасля заканчэння кансерваторыi зразумела, што без сваiх рукапiсаў, без творчага асяроддзя Пецярбурга ўжо не змагу пражыць. У той час я ўжо была замужам, нарадзiла дзiця. Потым была вучоба на гiстарычным факультэце Еўрапейскага унiверсітэта ў Санкт-Пецярбургу, аспiрантура. Зараз я разумею, што больш змагу зрабiць для Беларусi, распрацоўваючы багатыя расiйскiя архiвы, адкрываючы для Беларусi яе гiстарычную i культурную спадчыну.

-- Чаму, на Ваш погляд, таленавітыя, творчыя людзі, такія як Вы, як тыя, хто браў удзел у запісе дыска, з’язджаюць з Беларусі?

-- Цяжка адназначна адказаць на гэтае пытанне – у кожнага свой лёс, свая ўласная матывацыя. У вялiкiх гарадах, такiх як Санкт-Пецярбург, Масква цi Варшава больш магчымасцяў для прафесiйнага росту, для карʼеры i, што казаць, проста для выжывання. Калi прыязджаеш у Беларусь i бачыш, якое тут эканамiчнае становiшча, як цяжка жывецца людзям, асаблiва творчым, як iм плацяць грашы ў сярэднiх i вышэйшых установах, то разумееш, чаму найбольш таленавiтыя людзi адʼязжаюць адсюль ў Расiю, Польшчу, Германiю, ЗША. Большая частка маiх аднакурснiкаў па музычнаму вучылiшчу апынулiся за мяжой, зараз падтрымлiваем сувязь па iнтэрнэце.

-- Пры які умовах яны маглі б вярнуцца?

-- Не хочацца гаварыць аб набалелым для многiх беларусаў... Будзем спадзявацца на лепшае, што ўмовы для плённай творчай працы i дастойнага жыцця ўсе ж такi зʼявяцца...Успамiнаецца прыклад Бранiслава Эпiмаха-Шыпiлы, вядомага беларускага дзеяча культуры пачатку стагоддзя, якi шмат зрабiў для беларусаў, калi жыў у Пецярбурзе, а потым, ужо сталым чалавекам вярнуўся на Радзiму, i доўгi час працаваў тут (хаця была ў яго “беларускiм” кавалку жыццi i турма ў перыяд “крывавага тэрору” 30-х гг. XX ст.). Другi прыклад сучаснай бiяграфii – пiсьменнiк Анатоль Кiрвель, на словы якога я напiсала песьню “Летнi сон”. Пражыўшы большую частку жыцця ў Пецярбурзе, ён прыехаў у апошнiя месяцы свайго жыцця “памiраць” на Радзiму.

-- Што для Вас Беларусь?

-- Гэта вялiкая частка мяне, гэта тое, дзеля чаго я жыву i на карысць чаго я працую. Гэта месца на карце свету, дзе жывуць мае бацькi i радзiна, дзе жывуць мае блiзкiя сяброўкi, якiх я ведаю з дзяцiнства, дзе пахаваны мае продкi – дзядуля па матчынай лiнii Аляксандр Жураўлёў, родам з Вiцебскай вобласцi, бабуля – Алена Кулыгiна, руская, з-пад Арлова, прыехала сюды пасля вайны сiратой разам з малодшай сястрычкай i засталася назаўсёды: Беларусь стала яе другой радзiмай. Другая бабуля – Надзея Рабцава, паходзiла з Гродзенскай вобласцi, а дзядуля Аляксей Базылеў – з Гомельскай, з Брагiна. У час вайны ён выратаваўся ад фашыскага плену, схаваўшыся ў чыгуначным вагоне пад вуглём. Падчас Чарнобыльскай катастрофы ён якраз знаходзiўся на сваей малой радзiме ў Брагiне, нахватаўся радыяцыi, а потым пасля доўгага лячэння пражыў толькi пару гадкоў i памёр. Як пра ўсе гэта можна забыць? Я ўвабрала ў сябе штосьці ад розных частак Беларусi, яна ўся – мая, родная. Часта прыгадваю словы Уладзiмiра Караткевiча: “Можна ўсе: пусцiць каханне дымам, узяць i занядбаць мiнулы шлях, але толькi не любiць Радзiму з чорнаю павязкай на вушах, з чорнаю павязкай на вуснах, з чорнаю павязкай на вачах”. Мае песнi – гэта смутак, туга майго сэрца па маёй краiне. Таму асаблiва блiзкiмi зʼяўляюцца для мяне вершы Ларысы Генiюш, на словы якiх я напiсала некалькi песень. Адна з iх - “Мая Беларусь”– маналог душы са сваей Радзiмай, заканчваецца словамi: “Куды б лёс не закiнуў мяне, i ў якiм краi не апынуўся б, святы клiч маё сэрца кране – я прыйду да маёй Беларусi”.

-- Ці вучыце сына беларускай мове? Ён увогуле адчувае сябе беларусам ці ўжо не (я так разумею, ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу)?

-- Мой сынок Аляксандр толькi напалову беларус, але ён не адмаўляецца ад гэтай паловы: жвава цiкавiцца, як тое цi iншае слова будзе па-беларуску, ён ведае на памяць практычна ўсе мае песнi, у яго шмат сяброў у Беларусi, з якiмi ён марыць сустрэцца. Для яго Беларусь – жаданае месца падчас школьных канiкулаў. Але ён сябе асэнсуе у будучым, што для яго будзе галоўным – пакажа час.

-- Распавядзіце, калі ласка, чым любіце займацца ў вольны час?

-- Вольнай хвiлiнкi застаецца мала, жыву ў пастаянным цэйтноце. Улетку любiм усёй сямʼей вандраваць па Беларусi, муж таксама захоплены ёю, любiць адпачываць на цiхай беларускай прыродзе – хадзiць па лясах, узгорках, купацца ў возеры. Кожны год мы абавязкова бываем на Вiлейшчыне – там надзвычй прыгожыя мясцiны!

-- Што Вас натхняе на напісанне песень?

-- Усе мае песнi прысвечаны Радзiме, яе мiнуламу i сучаснаму. Стварэнне песнi на беларускай мове – гэта занятак для душы. Прыемна, што гэта яшчэ падабаецца людзям - маiм знаёмым i сябрам, што яны вераць у мой талент i падтрымлiваюць мяне. Хочацца ў адказ радаваць iх новымi песнямi.

-- Як на Вашу думку, ці будзе цікавасць з боку расійцаў да дыска “Пецярбургскі сшытак”? Ці ёсць цікавасць да беларускай культуры ў агуле?

-- Думаю, што ў Расii перш за ўсе гэта цiкава будзе беларусам, якiя там жывуць, хаця мае пачуццi будуць зразумелыя любому чалавеку, якi любiць сваю радзiму. Расiя – вялiкая краіна, у якой iснуюць розныя этнасы. Згодна апошняму перапiсу яе насельнiцтва беларусы знаходзяцца на шаснаццатым месцы па колькасцi ў Расii, а украiнцы, для параўнання – на трэцім. Мы – невялiчкi этнас, завязаны адзiн з другiм на радзiнных сувязях, практычна адная сямʼя. Захаваць сваю iдэнтычнасць – гэта спосаб не растварыцца ў шматкультурнай дзяржаве. Я перакананая ў тым, што музыка, да якой есць вялiкi iнтарэс людзей, заўсёды нясе з сабой этнiчную нагрузку. Нацыянальная культура, традыцыi, песнi заўседы цiкавяць людзей iншага культурнага асяроддзя. Напрыклад, надзвычай папулярная ў Расii ўкраiнская група “Акіян Эльзи”. Тое, што яны спяваюць на сваей украiнскай мове надае непаўторны каларыт iх музыцы, яны таленавiта складваюць мелодыi на выснове iнтанацый украiнскай народнай песнi. Прыгадаю малдаўскую групу “Zdob ši zdub”, за якой ўся Еўропа некалькi гадоў назад зачаравана паўтарала малдаўскiя словы. На жаль, такога ўзроўню беларускiх груп, якiя нясуць нашу нацыянальную iдэю iншым народам, не iснуе зараз на расiйскай i еўрапейскай сцэне. Але ж былi ў савецкiя часы “Сябры”, “Верасы”, папулярныя на ўвесь Савецкi Саюз... Патэнцыял у беларусаў, безумоўна, ёсць, але мы самi перш за ўсе павiнны верыць i ганарыцца сваёй мовай, сваёй гiсторыяй i культурай, тады i людзi iншых нацыянальнасцяў да нас пацягнуцца.

-- Якія яшчэ праекты, звязаныя з папулярызацыяй беларускай культуры, Вам бы хацелася рэалізаваць?

-- Праектаў заўседы шмат. Апошнiя некалькi гадоў я займаюся вывучэннем вiленскай школы партэснага канцэрту, якая iснавала ў другой палове XVII стагоддзя. Адзiн з яе заснавальнiкаў – Фама Шэвяроўскi, рэгент i дырыжор вакальна-iнструментальнай капэлы Кiеўскага унiяцкага мiтрапалiта Кiпрыяна Жахоўскага. Сам паходзiў з Мiнска, з уніяцкай сямʼi. Гэта фактычна першы прафесiйны кампазiтар у Беларусi, але пра яго нiхто не ведае, яго бiяграфii няма нi ў водным слоўнiку цi энцыклапедыi. Мне пашчасцiла натрапiць на некалькi яго твораў. Прэмʼера твораў Шэвяроўскага ўжо адбылася ў Вялiкай залi Санкт-Пецярбургскай фiлармонii ў студзенi 2010 г. у выкананнi хора “Россика”. Беларускiя слухачы, на жаль, не чулi яго твораў, як i твораў яго калегi Арсеня Цыбульскага. Зараз працуем над дыскам твораў беларускiх кампазiтараў разам з Львоўскай капэлай “Leopoldis”. Хацелася б зрабiць прэзентацыю гэтых твораў у Беларусi i вярнуць iмя гэтых кампазiтараў i iх цудоўныя творы з небыцця часу, каб яны занялi пачэснае месца ў скарбнiцы беларускай культуры. Па-другое, частка маiх песень напiсана ў барочным стылі, яны заснаваныя на iнтанацыйнам фондзе беларускiх Iрмалояў i шматгалосных партэсных кампазiцый. Праэкт наступнага дыска ўжо ёсць, ен называецца “Аснежаная Лiтва”, зараз шукаем калектыў, якi змог бы на этнiчных беларускiх iнструментах аранжыраваць i агучыць гэтыя песнi. Але ж гэта ўжо планы на будучыню. У блiжэйшых планах - прэзентацыя дыска “Пецярбургскi сшытак” ў сярэдзiне чэрвеня, у Пецярбурзе, падчас мерапрыемстваў, прысвечаных юбiлейнай мiжнароднай канферэнцыi “Санкт-Пецярбург i беларуская культура”.

Даведка

Ірына Базылёва -- кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык старажытных царкоўных спеваў, кампазітар.

Скончыла Мінскую музычную вучэльню (1998), Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю (аддзяленне старажытнарускага спеўнага мастацтва – 2003, аспірантура -- 2008), факультэт гісторыі Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу (2007).

Займаецца вывучэннем барочнай музыкi ВКЛ. Супрацоўнiчае з многiмi харавымi калектывамi Беларусi, Украiны, Польшчы, Расіi. Пiша гicтарычную працу па Вiльнi падчас Патопу (1655-1661). Працуе выкладчыкам музычна-тэарэтычных дысцыплін Санкт-Пецярбургскага інстытута Рылігіязнаўства і Царкоўных Мастацтваў.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"