Cярод беларускіх суполак у Эстоніі адметная тая, якую стварылі ў Сіламяэ Таццяна і Сяргей Тульжэнкі. Як двое бяруцца за справу — гэта звычайна ёй толькі на карысць. Часцей, аднак, з адной сям’і толькі муж ці жонка актыўныя ў грамадскай дзейнасці.
“Мы як ажаніліся з Сяргеем, то першай сумеснай справай якраз і было стварэнне беларускай суполкі”, -- узгадвае Таццяна.
Варта дадаць, што Сяргей, хоць і нарадзіўся ў Эстоніі, заўсёды адчуваў моцную духоўную повязь з Беларуссю. З Палессем, адкуль родам яго бацькі.
“Муж узначальвае суполку “Крыніца”, створаную намі ў лютым 2004-га. Сам вывучыў беларускую мову, выдатна на ёй размаўляе, спявае хораша, — гаворыць Таццяна. — Ён вялікі прыхільнік творчасці Уладзіміра Мулявіна, нават чымсьці падобны да яго: з лысінкай, і такі ж вусаты”. І ўвесь “песняроўскі” рэпертуар ён пераспяваць можа. Калі ў Сіламяэ рускія стварылі этнасуполку, Сяргей, добра знаёмы з яе актывістамі, казаў: і беларусам варта збірацца, я б узяўся за справу, калі было б на каго абаперціся. Такі чалавек і з’явіўся… Сяргей і Таццяна думалі, як кажуць, у адзін бок. Мудрая жонка так размеркавала з мужам абавязкі: “Ты — галоўны, выконваеш прадстаўнічыя функцыі, ходзіш, калі трэба, па інстанцыях, — а я твой надзейны тыл...”
Сяргею, які, закончыўшы Горны інстытут у Ленінградзе, амаль чвэрць стагоддзя адпрацаваў на недалёкім ад Сіламяэ радовішчы гаручых сланцаў, на грамадскую работу часу тады не хапала. Ды і сям’я вялікая: пяцёра дзяцей ад першых шлюбаў у Сяргея і Таццяны. Да таго ж пасля распаду Саюза Таццяна, эканаміст па адукацыі, пакінула работу ў банку: з эстонскай мовай у яе не надта. “Я з роду Маньковых, нарадзілася ў вёсцы Шэйкі непадалёк ад Мсціслаўля, на Магілёўшчыне, а жылі мы ў Бязводзічах, там яшчэ чыгуначная станцыя Ходасы непадалёк, пакуль не пераехалі ў Эстонію ў 1968-м”, — згадвае Таццяна беларускія карані. Летнія канікулы часта праводзіла ў бабулі. Памятае і першага настаўніка, Мікалая Іларыёнавіча Кулічкова. Па гэты час Таццяна — грамадзянка Беларусі, у яе від на жыхарства ў Эстоніі, а Сяргей — грамадзянін Эстоніі, ён ведае дзяржаўную мову, здаў і адпаведны экзамен, каб застацца на пасадзе брыгадзіра.
Эканамічная нестабільнасць, з якой сутыкнуліся многія жыхары Сіламяэ ў апошнія дзесяцігоддзі, не надта спрыяе іх актыўнасці ў грамадска-культурных справах: большасць дбае, што называецца, пра хлеб надзённы. Ды Тульжэнкам удалося сабраць моцны актыў — у праўленні “Крыніцы” 18 чалавек. Паселішча Сіламяэ — прыгожая мясціна на самым узбярэжжы Фінскага заліва Балтыкі, па дарозе з Санкт-Пецярбурга ў Талін, а раней яго нават на картах не было: гарадок працаваў пераважна на сакрэтную “абаронку”.
На сустрэчы, якія ладзіць “Крыніца”, збіраецца нямала беларусаў: яны памятаюць свае беларускія карані, маюць родзічаў у Беларусі. Зрэшты, многія ўжо — пенсійнага ўзросту, прыехаць ім на Бацькаўшчыну цяжка, і любая вестка, ці нават смак цукеркі з мінскай “Коммунарки” абуджае светлыя ўспаміны. “Сабрацца разам, паспяваць, паўспамінаць, навінамі падзяліцца землякам так прыемна! — разважае Таццяна. — Так мы і плануем дзейнасць. Сустрэчы ладзім на дзяржаўныя святы, і народныя — Каляды, Вялікдзень, Купалле… — не забываем.”
Згадвае Таццяна, як хораша сустракаюць яны “Свята вясны”, як арганізавалі канцэрт гурта “Белыя зоры” з Барысава (гэты беларускі горад — пабрацім Нарвы). “Артысты дзень у Нарве выступалі, на другі мы да сябе іх забралі”, — расказвае. Такая ж мадэль, дарэчы, ужо адпрацавана і з іншымі гуртамі, гасцямі з Беларусі. Актыў “Крыніцы” арандуе для гасцей залу, замаўляе афішы, дае аб’явы ў газеты… На канцэрты, удакладняе Таццяна, збіраецца каля 300 гледачоў — тых, каму цікавае беларускае мастацтва.
Чым заклапочаны “крынічанцы” асабліва, дык гэта — пераемнасцю ў працы, прытокам моладзі ў суполку. Хоць сабраны камплекты падручнікаў па беларускай мове, ды на добрым узроўні весці заняткі ў нядзельнай школе няма каму, а “дзеля птушачкі” — каму патрэбна? На думку Таццяны, справу можна зрушыць, калі іх чалавек павучыцца, скажам, на курсах па беларускай мове ў Мінску. Але на гэта сродкі патрэбны.