Дзьвюхмоўе "ўзмацняе мазгі"

Піша Янка Запруднік. Многія імігранты ў Амэрыцы апыняюцца перад пытаньнем: ці варта перадаваць нашчадкам мову дзядоў-бацькоў? У гэтым даўнім пытаньні доўгі час пераважала думка (нічым не абгрунтаваная), што дзьвюхмоўе перашкаджае мазгавому разьвіцьцю дзіцяці. Сёньня маем нарэшце адказ на яго ад экспэрымэнтальнай псыхалёгіі.

ДЗЬВЮХМОЎЕ “ЎЗМАЦНЯЕ МАЗГІ”

(Найперш да ведама бацькоў і настаўнікаў)

Піша Янка Запруднік

Многія імігранты ў Амэрыцы апыняюцца перад пытаньнем: ці варта перадаваць нашчадкам мову дзядоў-бацькоў? У гэтым даўнім пытаньні доўгі час пераважала думка (нічым не абгрунтаваная), што дзьвюхмоўе перашкаджае мазгавому разьвіцьцю дзіцяці. Сёньня маем нарэшце адказ на яго ад экспэрымэнтальнай псыхалёгіі. Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў нэўралягічныя досьледы пры дапамозе новых  тэхналёгіяў прывялі якраз да супрацьлеглага адказу на пытаньне пра сувязь дзвьвюхмоўя й мазгавога разьвіцьця. І шмат хто робіць практычныя высновы з гэтага вынаходзтва.

У папулярных амэрыканскіх часопісах цяпер часта рэкамэндуюць бацькам узгадоўваць дзяцей у дзьвюхмоўі. Грунтоўны артыкул на гэтую тэму быў апублікаваны ў леташнім травеньскім нумары (31.05) газэты “Нью Ёрк Таймс” у форме гутаркі з прафэсаркай, заслужаным доктарам псыхалёгіі Эленай Бялысток (Ellen Bialystok). Яна – спэцыялістка кагнітыўнае нэўралёгіі, якая амаль сорак гадоў займаецца вывучэньнем уплыву дзьвюхмоўя на разьвіцьцё мазгавых здольнасьцяў чалавека. Як паказалі экспэрымэнты, сказала др. Бялысток, дзьвюхмоўныя асобы маюць большую за аднамоўных здольнасьць разьбірацца зь дзьвюмя праблемамі адначасна. Дзьвюхмоўнікі – лепшыя шоферы за аднамоўнікаў. А ў старэйшым веку, калі хто зь іх захворвае на заняпад памяці (так званая хвароба Альцгаймэра), дык немач гэтая прыходзіць да аднамоўных у сярэднім на шэсьць гадоў раней, чымся да дзьвюхмоўных.

Мала таго, дзьвюхмоўе ўзмацняе агульны інтэлектуальны патэнцыял чалавека.

Вось самыя цікавыя выказваньні др. Бялысток у інтэрв’ю газэце “Нью Ёрк Таймс”.

Пытаньне: Ці разьвіцьцё новых нэўравобразавых (neuroimaging) тэхналёгіяў паўплывала на Вашу працу?

Адказ: Агромніста. Раней было так, што мы маглі бачыць толькі часткі мазгоў, якія засьветліваліся, калі нашы суб’екты выконвалі розныя заданьні. Цяпер жа, з новымі тэхналёгіямі, мы можам назіраць усе мазгавыя структуры, задзейнічаныя ў згодзе адна з адной.

Калі гаварыць пра аднамоўнікаў і дзьвюхмоўнікаў, дык вялікай навіной было тое, што сувязь структураў аказалася рознай. Такім чынам, калі аднамоўнікі, разьвязваючы праблему, карыстаюцца сыстэмамі Ікс, дык дзьвюхмоўнікі, разьвязваючы тую самую праблему, выкарыстоўваюць іншыя сыстэмы. Адно з адкрыцьцяў, якое мы пабачылі, гэта тое, што ў некаторых, нават невэрбальных (ня моўных), тэстах дзьвюхмоўныя асобы хутчэйшыя. Чаму? Вось жа, калі мы глядзім на іхныя мазгі праз нэўраімаджынг, дык выглядае, што яны карыстаюцца іншай сеткай каналаў, якая можа ўключаць моўныя цэнтры для разьвязкі зусім невэрбальных праблемаў. Увесь іхны мозг, як выглядае, мяняе камунікацыйную сетку ў выніку дзьвюхмоўя. (Their whole brain appears to rewire because of bilingualism.)

Пытаньне: Дзьвюхмоўе разглядалася як рэч адмоўная, прынамся ў Злучаных Штатах? Ці гэта ўсё яшчэ так?

Адказ: Прыблізна да 1960-х гадоў пашыранай мудрасьцю было, што дзьвюхмоўе шкодзіць. Часткава гэта абумоўлівалася ксэнафобіяй. Дзякуючы навуцы, мы цяпер ведаем, што якраз супрацьлеглае адпавядае праўдзе.

Пытаньне: Многія імігранты пастанаўлялі не наўчаць дзяцей роднай мовы. Ці гэта добра?

Адказ: Мяне ўвесь час пытаюцца пра гэта. Людзі прысылаюць электронныя лісты й кажуць: “Я выходжу замуж за чалавека зь іншай культуры. Што нам рабіць зь дзецьмі?” Я заўсёды адказваю: “Вы маеце пад сабой патэнцыяльны дар.”

Ёсьць дзьве галоўныя прычыны, чаму трэба перадаваць спадчынную мову нашчадкам. Па-першае, гэта спалучае дзяцей зь іхнымі продкамі. А па-другое, гэта вынікі маіх досьледаў: дзьвюхмоўе карыснае чалавеку. Яно ўзмацняе мазгі. Яно зьяўляецца практыкай мазгоў.

Але, як зазначыла др. Бялысток, каб мець карысьць зь дзьвюхмоўя, трэба ім увесь час карыстацца.

 

 

Янка Запруднік