Вальжына Морт: Аніякі час ад натхнення не вольны...

Нягледзячы на тое, што мінулы год быў не лепшым для беларускай кнігі, з’явілася нямала прыкметных выданняў, і не толькі ў Беларусі. У ЗША пабачыла свет кніга Вальжыны Морт “Collected Body”. З нагоды выхаду кнігі паэтка адказала на нашыя пытанні.

Нягледзячы на тое, што мінулы год быў не лепшым для беларускай кнігі, з’явілася нямала прыкметных выданняў, і не толькі ў Беларусі. У ЗША пабачыла свет кніга Вальжыны Морт “Collected Body”. Гэта ўжо трэці зборнік: першы – “Я тоненькая як твае вейкі” – быў выдадзены ў Мінску ў 2005 г. Тады ж Вальжына пераехала ў ЗША на сталае жыццё. У 2008 г. у выдавецтве “Copper Canyon Press” выйшаў зборнік беларускамоўных вершаў з іх перакладамі на ангельскую мову “Factory of Tears” (“Фабрыка слёз”), названы амерыканскім друкам “першым у гісторыі беларуска-ангельскім паэтычным зборнікам, выдадзеным на тэрыторыі Злучаных Штатаў”. Кніга таксама выйшла ў перакладах у Швецыі і Нямеччыне. Па з’яўленні кнігі ў часопісе “Poets & Writers” было змешчана вялікае інтэрвію з аўтаркаю. Вальжына – лаўэат міжнароднай літаратурнай ўзнагароды “Крышталь Віленіцы” Міжнароднага літаратурнага фетывалю “Віленіца-2004” (Славенія, 2005), прэміі Губета Бурды (Нямеччына, 2008), стыпедыяльнай праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы “Gaude Polonia”, літаратурнай прэміі Фундацыі Лэннэна (2010).

З нагоды выхаду новай кнігі Вальжына Морт адказала на нашыя пытанні.

– Шаноўная спадарыня Вальжына, віншуем з новым зборнікам. Ці можна цяпер казаць, што з сучасных беларускіх пісьменнікаў у Амерыцы Вы самая вядомая?

– Дзякуй за віншаванні. Вядомасць паэта – рэч вельмі адносная. Будзе больш трапным сказаць, што я адзіная з сучасных і несучасных беларускіх паэтаў, хто мае амерыканскага выдаўца і друкуецца па-ангельску. Але ж я жыву і працую ў ЗША, таму нічога дзіўнага ў гэтым няма.

– Вы атрымалі шэраг прэстыжжнях узнагародаў у ЗША і Еўропе. Гэта неяк канкрэтна дапамагае кар’еры пісьменніка?

– Так, вельмі канкрэтна дапамагае, напрыклад, пры ўладкаванні на ўніверсітэцкую працу (кожны паважаючы сябе амерыканскі ўніверсітэт мае некалькі writers-in-residence, а то і наогул MFA in Creative Writing, дзе выкладаюць толькі пісьменнікі). Узнагарода забяспечвае ўвагу літаратурных часопісаў, рэдактараў, арганізатараў фестываляў і г. д., і галоўнае, увагу іншых пісьменнікаў, што часта вядзе да важных літаратурных знаёмстваў і сяброўстваў.

– Кніга “Collected Body” выдадзеная тым самым выдавецтвам, што і папярэдняя, беларуска-ангельская. Наколькі проста там надрукавацца?

– “Copper Canyon Press” – гэта адно з самых паважаных незалежных паэтычных выдавецтваў у ЗША. Сярод іх аўтараў Нобелеўскія лаўрэаты, паэты-лаўрэаты ЗША, атрымальнікі самых вялікіх нацыянальных кніжных прэмій. Надрукавацца ў іх няпроста. Мой першы кантракт з “Copper Canyon Press” (на “Фабрыку слёз”) кардынальна змяніў маё жыццё. “Фабрыка” атрымала цудоўныя рэцэнзіі і вельмі добра прадаецца, таму я была ўпэўненая, што выдавецтва працягне са мною працаваць. Мой рэдактар мяне шмат навучыў і вучыць, і я не думаю, што нават у няхуткім часе мне захочацца мяняць выдавецтва.

– Дазвольце палічыць чужыя грошы. Ганарар ад зборніку моцна дапамог Вашаму дабрабыту?

– Ха-ха-ха, не дазволю :) Скажу адно: чэкі ад майго выдавецтва і майго агента заўсёды прыходзяць у самы патрэбны час.

– У вольны ад натхнення час Вы выкладаеце. Падзяліцеся, калі ласка, пра што менавіта расказваеце студэнтам? I як гэта – стаць выкладчыкам? Трэба штосці адмысловае скончыць? Ці дастаткова проста быць пісьменнікам?

– Ой, аніякі час ад натхненьня не вольны... Выкладаць трэба дзеля месячнага заробку, медыцынскай страхоўкі і доўгіх аплачваемых канікулаў. Каб выкладаць у магістратуры ў праграме па мастацкаму пісьменству, патрэбна быць пісьменнікам, які рэгулярна друкуецца і выступае, і мае ступень магістра альбо доктара. Я выкладаю паэтычны майстар-клас, і яшчэ адзін курс па мастацкаму пісьменству. У абодвух курсах я сама сабе кіраўнік, і сама планую, што выкладаць і як. Мае студэнты працуюць над рукапісамі іх першых кніжак, а я ім у гэтым дапамагаю, прымушаючы іх чытаць і рэдагаваць больш, чым яны звычайна жадаюць.

– Першы зборнік – па-беларуску. Другі – дзвюмоўны. Трэці – цалкам па-ангельску. Ці пішацца яшчэ па-беларуску?

– Зараз я паціху перакладаю “Collected Body” на беларускую мову.

– У адным з інтэрвію Вы казалі, штo былі захапіліся перакладамі з польскай мовы. Не былo думкі стацца гэткім агентам для нашых паэтаў і перакладаць іхныя творы для амерыканцаў? Калі у Нью-Ёрку выступаў Андрэй Дынько, ён скардзіўся на складанасць доступу да колаў амерыканскіх выдаўцоў, перакладчыкаў, літагентаў.

– Я дагэтуль з захапленнем і задавальненнем перакладаю. Мае пераклады з беларускай, украінскай і рускай моваў уключаныя ў вельмі вядомую анталогію новых еўрапейскіх паэтаў (“New European Poets Anthology”), што выйшла ў “Graywolf Press” пару гадоў таму. Там ёсць вершы Міхася Баярына, Андрэя Хадановіча, Віктара Жыбуля і Віктара Шалкевіча. Ці, напрыклад, увосень  “Virginia Quarterly Review” надрукаваў падборку маладых паэтаў, народжаных у СССР, пад рэдакцыяй Іллі Камінскага, Кэці Фэрыс і мяне... Быць агентам я не бачу магчымым – гэта як-ніяк full-time job, а ў мяне ўжо адна праца ёсьць, якая ва ўсю замінае пісаць. Калі я бачу нешта цікавае, я заўсёды перакладаю і адсылаю ў часопісы. Калі просяць перакласці, перакладаю. Аднак, што датычыцца сучаснай беларускай літаратуры, то магу толькі паскардзіцца на складанасць знаходжання вершаў, вартых перакладу.

– Ці ёсць магчымасць сачыць за беларускай літаратурай? Што параіце не прамінуць?

– Не так пільна, як хацелася б. Як і ў любой іншай краіне, у нашых літаратурных часопісах друкуецца шмат фігні, і шукаць у гэтай фігні адзін добры верш няма часу. Я прыслухоўваюся да рэкамендацый ад знаёмых і хаджу па кніжных крамах, калі бываю ў Мінску. З сучасных беларускіх аўтараў мне найбольш цікавы Альгерд Бахарэвіч.

– Вашае кола тут, напэўна, нямала складаецца з літаратараў, што вымушае да знаёмства з іхнімі кнігамі. Беларускія пісьменнікі насамрэч не маюць ніякіх шанцаў?

– Лепш, калі атрымліваецца наадварот: ад знаёмства з кнігай пераходжу да сяброўства з аўтарам :) Што датычыцца шанцаў, то ў добрай кнігі заўсёды ёсць усе шанцы на добрага выдаўца і добрых чытачоў.

– Палітыкі Вы цураецеся? Ці неяк каментуеце пад час розных інтэрвію сітуацыю ў Беларусі?

– Не каментую, і, дзякуй Богу, ужо доўгі час мяне пра палітыку не пытаюць.

– У ЗША Вы ад 2005 года. За гэты час адведвалі Беларусь? Як яна змяняецца, як змяняюцца людзі?

– Так, бываю дома кожны год. Аналізаваць людзей і краіну не буду, бо тыдня раз на год ў Мінску недастаткова, каб рабіць нейкія высновы пра змены. Адчуваю, як змянілася я, як стала да пэўных рэчаў больш цярплівая, а да іншых – зусім згубіла цярпенне.

– Напэўна, Вы ведаеце пра беларускую дыяспару ў Амерыцы. Iснуюць арганізацыі, выдаюцца перыёдыкі (у тым ліку “Запісы БIНIМ”, дзе некалькі гадоў таму Вы ласкава дазволілі надрукаваць нізку  сваіх вершаў). Хацелася б бачыць Вас на нашых імпрэзах (неўзабаве будзем адзначаць 25 Сакавіка) ці зладзіць адмысловую сустрэчу з Вамі. Думаеце, гэта было б рэальным?

– Так, канечне, чаму не. З задавальненнем. Што датычыцца святкаванняў, то я не вялікі аматар нацыянальных святаў, і нічога такога не адзначаю. Я люблю вандраваць па свеце, але калі я дома, то мяне качаргою з кватэры не выганіш – такі я кашмарны інтраверт і дамасед-уфатэлізкніжкайсед. Ну, а ў Нью-Ёрку мяне не выгнаць з маіх любімых і часта неславянскіх рэстарацыяў (Вы былі ў “Мамафуку”?!)… таму мае шляхі з беларускай дыяспарай часта размінаюцца. Але, дасць Бог, вясною пабачымся.

Інтэрвію зрабіў Лявон Юрэвіч

“Весткі й паведамленьні”, №2 (552) 2012