Прадстаўнікі беларускай дыяспары ЗША 4 лютага правялі ў Нью-Ёрку акцыю падтрымкі палітвязняў Беларусі. У гэты сонечны дзень каля штаб-кватэры ААН сабралося каля сотні ўдзельнікаў, каб прадэманстраваць свае стаўленне да таго, што адбываецца ў Беларусі.
Беларусы Амерыкі з выявамі палітвязняў пад бел-чырвона-белымі сцягамі выказаліся супраць здзекаў сённяшняй улады ў дачыненні да сваіх палітычных апаненатаў.
Прадстаўнік Беларуска-Амерыканскага Задзіночання Нью-Джэрсі Алесь Вінакураў распавёў пра падзеі апошніх гадоў, арышты сотняў чалавек – сямёра з якіх былі кандыдатамі ў прэзідэнты – пасля снежаньскіх выбараў-2010, пра здзекі, якія чыняцца ў турмах ды калоніях Беларусі.
Старшыня Беларуска-Амерыканскага Згуртавання “Пагоня” Віталь Зайка звярнуў увагу ўдзельнікаў мітынга на недастатковасць рэзанансу беларускага пытання ў міжнароднай супольнасці наогул ды сярод амерыканскай заканадаўчай ды выканаўчай улады ў прыватнасці. Таму ствараць умовы для такога рэзанансу – жыццёвая неабходнасць зараз!
Сябра “Пагоні” і БелМува Яўген Барысевіч зачытаў зварот да прэзідэнта ЗША Барака Абамы і дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан. Пад ім падпісаліся ўсе ўдзельнікі мітынга.
Каардынатар Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі Дзяніс Талпека адзначыў, што маральная падтрымка для людзей, якія знаходзяцца за кратамі – гэта тое, што дае ім моцы. “Беларускія палітвязні – гэта толькі вярхушка айсбергу трагедыі людскіх лёсаў краіны. Кожны дзень парушаюцца правы мільёнаў нашых суайчыннікаў. Зразумець істотнасць барацьбы за свае правы – гэта, напэўна, найважнейшы крок для беларусаў зараз. І калі будзе станоўчая дзейнасць, то будуць і пазітыўныя змены ды вынікі”.
Ужо традыцыйна, мітынг скончыўся спевам беларускіх гімнаў “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Пагоня” ды “Магутны Божа”.
Відэа з мітынга глядзіце тут.
Беларускі Моладзевы Рух Амерыкі